Знайсці
19.11.2022 / 21:112РусŁacБел

Самагубствы, забойствы і няшчасныя выпадкі. Як хваля смерцяў захліснула буйны расійскі бізнэс

За 2022 год у Расіі загінулі каля двух дзясяткаў топ-менеджараў расійскіх кампаній. Прыкладна палова з іх была звязана з нафтагазавай галіной («Газпром», «Лукойл», «Сибур», «Новатэк»). Ці значыць гэта, што расійскі бізнэс вяртаецца ў «ліхія 1990-я»? «Белсат» сабраў выпадкі гібелі топ-менеджараў, што робіць з'яву больш заўважнай. Большасць гэтых смерцяў аб’ядноўвае «амаль поўная адсутнасць інфармацыі аб ходзе следства». Некаторыя гінулі сем’ямі.

Аляксандр Русецкі. Фота: gazeta.ru

У падмаскоўным Дамадзедава 16 лістапада знайшлі цела 63-гадовага бізнэсоўца, забітага стрэлам у галаву. Як паведамляецца, забіты — ураджэнец Беларусі Аляксандр Русецкі. Ён быў заснавальнікам ТАА «Комтранс», ТАА «Инфорком-автосервис», ТАА «Технический центр Инфорком», якія прадастаўляюць паслугі па рамонце і продажы аўтазапчастак для грузавых аўтамабіляў.

Забойства Русецкага ўжо само па сабе нагадвае пра «ліхія 1990-я», калі расійскі бізнэс цесна сплятаўся з мафіяй і сілавымі структурамі, а эканамічныя пытанні ў тым ліку вырашаліся пры дапамозе зброі. Аднак гэта толькі адзін эпізод у шэрагу смерцяў расійскіх бізнэсменаў і топ-менеджараў у 2022 годзе. І далёка не самая значная і загадкавая. Каля паловы з загінулых топ-менеджараў вырашылі здзейсніць суіцыд, а яшчэ ў чвэрці апынуліся праблемы з сэрцам. Прыкладна палова раптоўна памерлых была звязана з нафтагазавай галіной.

Смерці ў нафтагазе

29 студзеня ў сваім асабняку ў Ленінградскай вобласці быў знойдзены мёртвым 60-гадовы кіраўнік транспартнай службы «Газпром инвеста» Леанід Шульман. Ён знаходзіўся на бальнічным з траўмай нагі. Цела знайшлі ў ванным пакоі з нажом і перадсмяротнай запіскай, у якой гаварылася, што топ-менеджар праз траўму нагі не хоча быць «клопатам».

Менш чым праз месяц, 25 лютага, у элітным пасёлку Ленінскае ў гаражы павесіўся яшчэ адзін топ-менеджар «Газпрома» Аляксандр Цюлякоў. На момант смерці ён займаў пасаду намесніка гендырэктара адзінага разліковага цэнтра кампаніі — мясцовага казначэйства.

18 красавіка ў іх маскоўскай кватэры знайшлі целы былога віцэ-прэзідэнта «Газпромбанка» Уладзіслава Аваева, яго жонкі і 13-гадовай дачкі. Паводле версіі следства, банкір застрэліў блізкіх, а пасля скончыў жыццё самагубствам. Пасля сыходу з «Газпромбанка» Аваеў быў саўладальнікам ТАА«Карбоникс» — вытворцы косцезамяшчальных вугляродных імплантаў. Таксама ён валодаў доляй у ТАА «РТ-Карбон», якая належыць «Ростеху».

Аляксандр Цюлякоў, Уладзіслаў Аваеў і Юрый Воранаў. Калаж: novayagazeta.ru / kp.ru / life.ru

4 ліпеня гендырэктар падрадчыка «Газпрома» на арктычных праектах — кампаніі «Астра Шиппинг» Юрый Воранаў быў знойдзены мёртвым у басейне на тэрыторыі ўласнага ўчастка ў пасёлку на беразе Фінскага заліва. У яго была прастрэленая галава.

Закранулі смерці і іншыя кампаніі галіны. Так, 1 верасня пад вокнамі Цэнтральнай клінічнай бальніцы знайшлі цела старшыні рады дырэктараў «Лукойла» Равіля Маганава. На лячэнне ён трапіў праз праблемы з сэрцам, а потым, на думку праваахоўнікаў, выкінуўся з бальнічнага акна.

Раней, 8 мая, у падвале прыватнага дома пад Мыцішчамі быў знойдзены мёртвым Аляксандр Субоцін — былы член праўлення ТАА «Торговый дом «Лукойл», які стаў затым уладальнікам «Новой транспортной компании». Нібыта ён прыехаў да шамана ў стане моцнага алкагольнага і наркатычнага ап’янення для правядзення «антыпахмельных» рытуалаў. Афіцыйна ж Субоцін памёр ад сардэчнай недастатковасці.

Акрамя таго, 7 лютага ў Аргенціне загінуў кіраўнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення інвестыцыйнага холдынга «ТАИФ» (уваходзіць у нафтагазахімічны холдынг «Сибур») Дзмітрый Цясленка. Падчас узыходжання на гару ён адчуў сябе дрэнна, страціў прытомнасць і памёр ад спынення сэрца.

3 сакавіка ў сваім асабняку ў Англіі быў знойдзены павешаным Міхаіл Уотфард (ён жа Таўсташэя). Паліцыя не палічыла яго смерць «выклікаючай падазрэнні», але і матыў суіцыду патлумачыць не магла, паведамляла «Daily Mail». Уотфард зарабіў багацце на здабычы нафты і газу ў Расіі, а ў пачатку 2000-х эміграваў у Вялікабрытанію, дзе змяніў прозвішча і заняўся нерухомасцю.

У красавіку паліцыя Іспаніі на элітнай віле ў курортным Льорэт-дэ-Мар выявіла целы былога топ-менеджара «Новатэка» Сяргея Пратасені, яго жонкі і дачкі. Побач з бізнэсменам былі знойдзеныя сякера і нож. Па версіі іспанскай паліцыі, Пратасеня спачатку забіў сваю сям’ю, а потым скончыў жыццё самагубствам. Ён з 2002 года быў галоўным бухгалтарам «Новатэка», а ў 2015 годзе ўваходзіў у склад праўлення.

Сяргей Пратасеня з жонкай

Ад медыцыны да фаст-фуду

Але гінулі топ-менеджары не толькі ў нафтагазавай галіне. Так, 8 лютага стала вядома пра смерць 43-гадовага гендырэктара Карпарацыі развіцця Далёкага Усходу і Арктыкі Ігара Носава — ён памёр у рэанімацыі пасля інсульту. 10 верасня памёр яшчэ адзін прадстаўнік гэтай жа карпарацыі — дырэктар авіяцыйнай галіны Іван Пячорын. Ён на хаду выпаў з катара ў Японскім моры. Дарэчы, у сферу дзейнасці карпарацыі ўваходзіць у тым ліку і дапамога ў рэалізацыі інвестпраектаў у нафтагазавай галіне.

Ігар Носаў, Уладзімір Габрыелян, Дзмітрый Канаплёў. Калаж: government-nnov.ru / eg.ru / tula.kp.ru

23 сакавіка ў Ніжнім Ноўгарадзе знайшлі мёртвым дырэктара буйной медыцынскай кампаніі «Медстом» Васіля Мельнікава, а таксама яго жонку і двух дзяцей — ва ўсіх былі нажавыя раненні. Па адной з версій, бізнэсмен мог забіць сябе і сваю сям’ю.

6 чэрвеня ў Ненецкай аўтаномнай акрузе загінулі першы намеснік гендырэктара VK Уладзімір Габрыелян і дырэктар кампаніі па закупках Сяргей Мерзлякоў, якія знаходзіліся ў экспедыцыі па беразе Белага мора. Пры спробе пераправіцца праз раку іх усюдыходы перакуліліся, і плынь панесла іх у мора.

16 чэрвеня ў сваім доме ў Падмаскоўі знайшлі цела былога гендырэктара дзяржкампаніі «Росвооружение», якая займалася экспартам і імпартам зброі (цяпер — «Рособоронэкспорт») Аляксея Агарова. Бачных прыкмет гвалтоўнай смерці не выявілі.

23 ліпеня ў Туле памёр дырэктар канструктарскага бюро прыборабудавання Дзмітрый Канаплёў. Ён памёр у прыватнай клініцы падчас сеансу ксенатэрапіі — удыхання інертнага газу ксенону.

28 верасня стала вядома пра смерць Паўла Пчэльнікава, топ-менеджара РЧ, які займаў пасаду дырэктара па камунікацыях у даччынай кампаніі ТАА «Цифровая логистика», якая спецыялізуецца на грузавых перавозках. Труп мужчыны знайшлі на балконе яго кватэры. Афіцыйная версія мяркуе суіцыд.

31 кастрычніка ў Маскве ў элітным жылым комплексе «Воробьёвы горы» знайшлі мёртвым 39-гадовага бізнэсоўца Арцёма Асланяна. Цела з кулявым раненнем выявіў супрацоўнік камунальных службаў. Асланян быў заснавальнікам і сузаснавальнікам кампаній па дастаўцы ролаў «Bluefin», сеткі кафэ турэцкай кухні «Истанбул Кебаб», фірмы па кейтэрынгу «Москоу Фуд», кампаній «Парк Менеджмент» і «Курская площадь».

Амаль няма інфармацыі

Як адзначае расійская журналістка Вікторыя Паўлава, большасць гэтых смерцяў аб’ядноўвае «амаль поўная адсутнасць інфармацыі аб ходзе следства».

«Заўсёды ўсё завяршаецца публікацыяй папярэдняй інфармацыі. І загадкавым чынам вінаватыя ў гібелі заўсёды аказваюцца… ужо мёртвыя. Гэтыя выпадкі не каментуе ніхто з вядомых людзей. Часам толькі прабіваюцца абрыўкі інфармацыі аб даволі дзіўным ходзе расследавання», — піша журналістка.

У каментары «Белсату» эксперт у нафтагазавай сферы Міхаіл Круціхін адзначыў, што будаваць здагадкі аб прычынах шэрагу смерцяў топ-менеджараў і буйных бізнэсоўцаў, у прыватнасці, у нафтагазавай сферы, «на адлегласці і без дастатковай інфармацыі» немагчыма.

«Наўмысныя забойствы практыкаваліся ў расійскай нафтагазавай галіне на даволі доўгім працягу часу, пачынаючы з 1990-х гадоў. Гэта было. Але што адбылося ў кожным канкрэтным выпадку цяпер, калі адсутнічае інфармацыя, я сказаць не магу», —падкрэсліў эксперт.

Эканаміст з заснаванага лідарам расійскай апазіцыі Аляксеем Навальным Фонду барацьбы з карупцыяй Мікіта Кулачэнкаў таксама не выключыў, што ў больш цяжкія часы людзі могуць паміраць часцей.

 Чытайце таксама:

«Калі Шродэр быў канцлерам, Пуцін размаўляў з ім як з дзеншчыком» 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
20.11.2022
загуглите осознанные перерождения и орден Зеленый дракон и все станет ясно
0
Нина/адказаць/
21.11.2022
Результаты ликвидаций, разборок, пьянства и съехавших крыш.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера