Знайсці
21.11.2022 / 20:442РусŁacБел

Куды схадзіць: шалёны гайд па сучасным мастацтве і яшчэ 8 класных івэнтаў для аматараў кіно

На кінафестывалі «Паўночнае ззянне», які ўжо стартаваў, можна не толькі бясплатна паглядзець кіно са Скандынавіі, Балтыі, Беларусі і Украіны, але і паўдзельнічаць у івэнтах. Расказваем, што цікавага пройдзе на гэтым і наступным тыдні. Ёсць варыянты афлайн і анлайн.

Скрын: трэйлер фільма «Дзяўчаты, дзяўчаты»

Ці будуць праходзіць івэнты offline?

Так. У Таліне пройдзе спецыяльная панэльная дыскусія «Як дома», створаная ў калабарацыі з Талінскім кінафестывалем «Цёмныя ночы».

Пасля рэвалюцыі 2020 года і жорсткіх рэпрэсій у Беларусі тысячы людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы і пачаць жыццё нанова. Цяпер незалежныя беларускія кінематаграфісты жывуць па ўсім свеце, але не могуць вярнуцца на радзіму і здымаць кіно ў сваёй краіне. Як салідарызаваць супольнасць у выгнанні і знайсці рэсурсы і механізмы, каб рухацца далей у жыцці і кіно? Вывучаем на прыкладзе беларускага, эстонскага і міжнароднага досведу.

Калі? 24 лістапада, 17:00 (талінскі час).

Дзе? У Nordic Hotel Forum, Capella room.

Мова івэнта: англійская.

Уваход: па акрэдытацыі PÖFF або па рэгістрацыі тут.

Якія мерапрыемствы можна будзе наведаць online?

22 лістапада, 19:00

«Шалёны гайд па сучасным мастацтве» 

Гутарка пра мастацтва і эксперыменты над свядомасцю з братамі Лаўрысам і Райцісам Абеле, якія зрэжысіравалі турбулентны паўімправізацыйны фільм-перформанс у духу Гаспара Ноэ — «Неспакойныя розумы». З братамі Абеле пагаворыць беларуская арт-куратарка Ганна Карпенка.

23 лістапада, 19:00

«Кароткі курс па дэкаланізацыі» 

Панэльная дыскусія збярэ online праграмных дырэктараў буйных міжнародных кінафестываляў, а таксама крытыкаў ды фільммэйкераў з Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Беларусі. Яны паразважаюць пра тое, як цяпер выглядае працэс адбору фільмаў і як міжнародныя кінафестывалі, складаючы свае праграмы, дэкаланізуюць рэгіён Усходняй Еўропы, куды ўваходзіць і Беларусь. Сярод гасцей Альгірдас Рамашка, Ігар Сукманаў, Эліна Рэйтэрэ, Аляксей Радынскі, Хэлеен Герытсан.

Мова івэнта: англійская.

24 лістапада, 15:00

«Ніндзя, які разбівае стэрэатыпы»

Інгвіль Свэ Фліке зняла кіно, якое адначасова пашырае ўяўленне пра жаночага персанажа ў кіно і пры гэтым выклікае шчыры смех. «Дзіцёнак-ніндзя» разбурае табу, лёгка ды іранічна размаўляючы на ўразлівыя тэмы непажаданай цяжарнасці, чайлд-фры і абортаў. Сумленная размова з рэжысёркай пра тое, як здымаць камедыю на табуяваную тэму. Пра гэта рэжысёрка раскажа ў размове з нарвежскім акцёрам і мастацкім кіраўніком талінскага тэатра Vaba Lava Харальдам Томпсанам Розэнстромам. Да гутаркі далучыцца выканаўца галоўнай ролі, акцёрка Крысцін Куят Торп, якая падзеліцца, ці блізкія ёй праблемы яе гераіні.

25 лістапада, 16:00

«Калі настане дзень» 

Размова паводле праграмы Ukraine Mon Amour, у якой паўдзельнічаюць Сымон Лерэнг Вільмонт, кінарэжысёр, аўтар фільма «Дом з аскепкаў» (Данія), Вольга Журба, кінарэжысёрка, аўтарка фільма «Звонку» (Украіна), Таня Рэут, тэлежурналістка і вядоўца (Беларусь/Ірландыя).

26 лістапада, 19:00

«Гукавы сусвет сляпога» 

Дыскусія пра гук у кіно як асобны свет — паводле фільма «Сляпы, які не хацеў глядзець 'Тытанік'», у якім стваральнікам трэба было перадаць гукавую карціну свету невідушчага чалавека. Для гэтага яны кансультаваліся з выканаўцам галоўнай ролі, які страціў зрок у выніку хваробы. На івэнце беларускі гукарэжысёр і выкладчык Дзмітрый Наталевіч і гукарэжысёр кіно і музычны супервайзер з Даніі Пітэр Альбрэхтсан пагавораць пра тое, як з дапамогай гуку перадаць змену ўнутранага стану і тактыльныя адчуванні героя, а таксама прыадкрыюць таямніцы, як ствараюцца фолі і мікс фільма і чаму гэта сапраўднае мастацтва.

28 лістапада, 19:00

«Паміж цемрай і святлом» 

Сербскі погляд на траўматычнае мінулае рэжысёркі Наташы Урбан, чый фільм «Зацьменне» ўвайшоў у міжнародную праграму «Паўночнага ззяння». Дзве выбітныя сербскія жанчыны, рэжысёрка Наташа Урбан і экспертка ў культурнай палітыцы, прафесарка Мілена Драгічэвіч-Шэшыч, абмяркуюць фільм і пагавораць пра важнасць успамінаў, нават калі яны балючыя.

29 лістапада, 16:00

Дыскусія «Як дома. Выклікі эміграцыі» 

Незалежнае беларускае кіно: дзе мы, хто мы, куды мы ідзём? Падчас online-дыскусіі аўтары стужак (Дзіма Дзядок, Ганна Саўчанка, Мікіта Лаўрэцкі, Уладзімір Казлоў), што ўвайшлі ў беларускую праграму «Паўночнага ззяння», раскажуць, дзе цяпер яны пачуваюцца як дома і ці ўдаецца ім знаходзіць сілы ды магчымасці, каб здымаць кіно, салідарызавацца з калегамі і не губляць сувязь з гледачом. Мадэраваць размову будуць дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская і культуролаг Максім Жбанкоў.

30 лістапада, 19:00 

«Дзявочыя сакрэты»

Рэжысёрка Алі Хаапасала зняла фільм пра сучасных фінскіх дзяўчат, пра іх сяброўства, каханне, сэкс, траўмы, пошук ідэнтычнасці і свайго месца ў свеце. Стужка адразу скарыла публіку, атрымаўшы прыз глядацкіх сімпатый на кінафестывалі Sundance, а ці спадабалася яна самім падлеткам? Пра тое, як ствараліся вобразы трох сябровак і ці не замінала рэжысёрцы рознасць пакаленняў з яе гераінямі, Алі Хаапасала раскажа ў размове з пісьменніцай Наталкай Харытанюк.

Час мерапрыемстваў абазначаецца па мінскім часе. Мова iвэнтаў: англійская з паслядоўным перакладам на беларускую ці з беларускімі субцітрамі, акрамя панэльнай дыскусіі offline «Як дома» і «Кароткага курса па дэкаланізацыі», якія будуць выключна на англійскай мове.

Уся праграма фільмаў і івэнтаў у online будзе даступная бясплатна для ўсіх, хто зарэгіструецца. Падтрымаць «Ззянне» данатамі можна тут.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Ерома/адказаць/
21.11.2022
А што за івенты?? Эта ціпа какоета новае беларускае слова? Первый раз віжу. Радакцыя, аб'есніце.
0
такое вось "кіно".../адказаць/
21.11.2022
такое ўражанне, што Беларусь уся за мяжой...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера