Знайсці
24.11.2022 / 18:419РусŁacБел

«Затое сонечна і свабадней, чым у Беларусі». Пяць месяцаў кашмарнай спёкі, але бяспечна настолькі, што можна кватэры не замыкаць. Беларускі расказалі пра жыццё ў Катары

Катар, дзе цяпер праходзіць чэмпіянат свету па футболе, —маленькая і шалёна багатая арабская краіна. Як там жывецца? Пра мясцовыя прадукты, заробкі, парадкі і дзівацтвы расказваюць беларускі, якія туды пераехалі.

Фота: АР

«Замест таго, каб дзесяць хвілін ісці да крамы, я бяру таксі. Інакш можна перагрэцца»

Надзея жыве ў Катары два гады. Гэта яе другі пераезд у гэтую краіну — першы давялося перапыніць, бо праз пандэмію дзяўчына была вымушаная пакінуць працу. Беларуска працуе ў транспартнай сферы.

Каб сазваніцца з «Нашай Нівай», дзяўчыне прыходзіцца падключаць VPN. Інтэрнэт у Катары працуе добра, і калі трэба проста даслаць тэкставае ці галасавое паведамленне, праблем не будзе. Але не працуюць аўдыя— і відэазванкі: калі звязвацца без VPN, званок будзе ісці, але без гуку. Хадзілі чуткі, што праблемы са званкамі ўзніклі праз тое, што нехта ў Катары стэлефаноўваўся з тэрарыстамі, але афіцыйных тлумачэнняў наконт абмежаванняў няма.

Затое сонечна

Беларуска ўпершыню прыехала ў Катар у канцы мая. «Няма чым дыхаць», — яе першае ўражанне. У гэты час года ў Катары было каля 40 градусаў цяпла, а вільготнасць такая высокая, што паветра здавалася зусім пазбаўленым кіслароду. 

Фота: архіў гераіні

Аднак Надзеі падабаецца, што ў Катары, у адрозненне ад Беларусі, заўсёды шмат сонца. Дзяўчына хваліць краіну не толькі за гэта:

«Як Катар, так і яго сталіца Доха дужа маленькія, таму людзей не так шмат. Калі размова не пра час пік, то ў рэстаране заўсёды знойдзецца вольны столік, а ў краме будзе шмат прасторы. Яшчэ ў Катары можна знайсці тавары з усяго свету, хаця гэта і дужа дорага.

У краіну лёгка прыляцець і вылецець, бо і мясцовы аэрапорт, і кампанія Qatar Airways вельмі вялікія, рэйсы з Катара ёсць амаль у любы пункт свету».

Свініны няма. Як і алкаголю

Знайсці мінусы жыцця ў Катары Надзеі няцяжка: «Я так і не здолела падладзіцца да клімату.

Калі жыла ў еўрапейскіх краінах, прывыкла шмат гуляць, а ў Катары прайсціся пешшу можна толькі некалькі месяцаў на год, калі надвор’е не такое спякотнае. Час з мая па верасень — гэта вельмі спякотныя месяцы, настолькі, што замест таго, каб дзесяць хвілін ісці да крамы, я бяру таксі. Інакш можна перагрэцца і нават атрымаць сонечны ўдар».

Што да абмежаванняў, то ў краіне няма свініны, і ўвозіць яе, як і ўвозіць алкаголь, забаронена.

Дзяўчына расказвае, што ў сталіцы ёсць недзе 15—20 месцаў, дзе можна набыць алкаголь, збольшага гэта бары і рэстараны пры міжнародных гатэлях, і алкаголь там каштуе дужа дорага.

Калі Надзея апошні раз піла «Махіта» ў бары, ён абышоўся трохі больш чым у 10 даляраў, і гэта было са зніжкай.

Ёсць абмежаванні і па адзенні: трэба насіць тое, што закрывае плечы і калені.

Фота: АР

Катар, кажа беларуска, чакаў нашмат больш гасцей на чэмпіянат свету, чым прыехала ў выніку. Краіна моцна абнавілася да турніру: з’явілася шмат новых крам, шыльдаў, рэстаранаў. Многа дзе праводзіліся рамонтныя працы, часам нават няспынна.

Што да крытыкі чэмпіянату, Надзея яе не агучвае: «Тут колькі людзей, столькі і меркаванняў. Не спяшаюся давяраць таму, што не магу праверыць сама, у тым ліку і ўсім чуткам, якія з’яўляюцца ў сацсетках і выданнях. Магчыма, нейкія хабары [за правядзенне чэмпіяната ў Катары] і былі, але ў сучасным свеце хто больш занёс, той і мае рацыю».

Наконт парушэння правоў працоўных пры будаўніцтве аб'ектаў да ЧС Надзея мяркуе, што свабод у Катары ўсё роўна нашмат больш, чым у Беларусі.

Ды і сам па сабе катарскі клімат робіць працу людзей вельмі складанай, бо

што такое будаваць дарогу летам у гэтай краіне? Удзень тут +55 градусаў, уначы тэмпература падае да +47—48 градусаў,

вельмі высокая вільготнасць, проста на вуліцы цяжка дыхаць. Працаваць сапраўды прыходзіцца ў вельмі цяжкіх умовах, у тым ліку і ёй самой.

Летам удзень тут +55 градусаў, уначы тэмпература падае да +47—48 градусаў. Фота: AP Photo / Matthias Schrader

Катар, заўважае Надзея, ставіцца да ўсіх прыезджых з пазіцыі «калі вам нешта не падабаецца, з’язджайце».

Часам гэта крыўдна, але ў нейкай ступені справядліва, мяркуе беларуска: «Мы ўсе з’язджаем з нашых краін, бо там нас нешта не задавальняе. І ў Індыі, і ў Беларусі ёсць даволі шмат абмежаванняў правоў і свабод, як і ў Катары. Але мы з гэтым звыкаемся, і нас тут ніхто не трымае, мы заўсёды можам выбраць іншую краіну і іншы лад жыцця».

Беларуска сутыкалася не толькі з эмігрантамі, але і з катарцамі, збольшага па працы. Расказвае, што гэта ветлівыя, даволі прыемныя людзі, яны жывуць бязбедна і таму атрымоўваюць вышэйшую адукацыю ў розных сферах, гавораць на вельмі добрай англійскай мове.

Дзяўчына тлумачыць, што часта катарцы не працуюць, бо маюць ад дзяржавы гарантаваны даход, і справа не толькі ў выгадных беспрацэнтных субсідыях. Калі катарац нараджаецца, яму адкрываюць банкаўскі рахунак, на які залічваюць 10 тысяч рэалаў (каля 3 тысяч даляраў). Далей рахунак папаўняецца, і калі катарац вырастае, ён ужо мае прыстойны капітал.

Адкуль грошы на такую шчодрасць? Проста згадайце, што дзякуючы запасам нафты і прыродных рэсурсаў Катар — адна з найбагацейшых краін свету. 

Але ж і мігранты збольшага маюць у Катары высокія прыбыткі: сярэдні заробак у краіне складае каля 13 тысяч рэалаў на месяц (прыкладна 3,6 тысячы даляраў).

За некваліфікаваную працу — напрыклад, на пасадзе прыбіральніка або афіцыянткі — можна атрымаць ад 500-600 даляраў, супрацоўнікі нафтагазавай сферы атрымліваюць у сярэднім 6 тысяч даляраў, даходы вышэйшага менеджменту могуць дасягаць 40 тысяч даляраў на месяц.

Надзея мяркуе, што катарцы бываюць занадта ганарлівыя, бо разумеюць, што эмігранты ў краіне на птушыных правах і што дзяржава, калі што, будзе ў першую чаргу абараняць менавіта катарцаў. Але збольшага досвед камунікацыі беларускі з імі станоўчы, хаця яна чула і іншыя гісторыі.

З прадуктамі ў Катары, кажа Надзея, не ўсё проста: «Мне асабліва не хапае малочных прадуктаў, бо прывыкла да іх высокай якасці. На пачках малака ў Катары напісана, што яно гамагенізаванае, але яшчэ пару гадоў таму вытворцы шчыра пісалі, што гэта сухое малако, змяшанае з вадой і іншымі інгрэдыентамі. Я купляю мясцовую малочку, але ў яе невысокая якасць.

Бачыла тут толькі адзін від тварагу, які прывозяць з Брытаніі, цяпер раблю тварог сама, сутыкалася з амерыканскай, французскай і брытанскай смятанай. Купляю ультрапастэрызаванае малако, якое доўга захоўваецца, яго часцей за ўсё завозяць з Даніі, бачыла малако з Аўстраліі. Калі рабіць тварог з катарскага малака, атрымаецца не надта».

Тым не менш, у краіне добры выбар расліннага малака, гародніны і садавіны, у тым ліку свежай. А людзі, якія жывуць у Катары 10—15 гадоў, кажуць, што раней там увогуле быў толькі адзін від малака, і то вельмі дрэннае. Адзінае, што прадукты збольшага завозяць з-за мяжы, таму цэны на іх высокія, але ў апошнія гады Катар моцна прасунуўся ў вырошчванні ўласных прадуктаў.

Адзін з катарскіх гандлёвых цэнтраў. Фота: архіў гераіні

У Катары не надта шмат забаў. Наша гераіня расказвае, што нацыянальнае хобі — гэта шопінг, і ў Катары вельмі шмат гандлёвых цэнтраў, дзе хочацца нешта купляць: яны прасторныя, высокія і светлыя, з кандыцыянерам.

Калі ў вас ёсць шмат грошай, у вас будзе больш выбару: можна лятаць на верталётах, займацца конным спортам, катацца на вярблюдах, ездзіць у пустыню на сафары, плаваць на яхтах.

У зімні час можна гуляць у парках ці хадзіць у вельмі добрую Нацыянальную бібліятэку. Ёсць крыты забаўляльны парк, толькі білет туды дарагаваты. Яшчэ можна хадзіць на пляжы: калі яны еўрапейскага фармату, там ніхто не будзе коса глядзець на ваш купальнік.

Медыцына ў Катары цудоўная, але, папярэджвае Надзея, вельмі дарагая: «Без страхоўкі тут няма чаго рабіць, і пажадана, каб страхоўка пакрывала максімум пунктаў.

У экстранных выпадках вам дапамогуць, але гэта будзе каштаваць вельмі шмат. Таму, калі ў мяне нешта нетэрміновае са здароўем, я выязджаю з Катара і лячуся недзе яшчэ, бо нават мая вельмі добрая страхоўка пакрывае далёка не ўсё».

Ці стаў Катар другім домам для Надзеі? Зусім не.

«Як і ўсе прыезджыя, я тут часова. Мы сюды едзем, каб зарабіць грошы,

бо тут за аналагічную працу плацяць нашмат больш, чым у іншых краінах. Грамадзянства ў Катары атрымаць нерэальна, нават калі выйдзеш за мясцовага, не факт, што табе яго дадуць — хутчэй вы атрымаеце пажыццёвы дазвол на жыхарства. Тут няма падаткаў, таму мы атрымліваем высокія заробкі, але разумеем, што гэта не гарантуе нам пенсіі, колькі б мы тут ні жылі. Плюс для еўрапейцаў клімат вельмі цяжкі, ну і не забывайце, што гэта мусульманская краіна».

«Тут вельмі спякотна, але цяжка загарэць»

Кацярына (імя змененае) жыве ў Катары ўсяго некалькі месяцаў — у сталіцы. Расказвае, што горад Доха меншы за Мінск. Недзе за 100 кіламетраў ад сталіцы знаходзіцца горад Духан, дзе здабываюць газ. Там жа ў спецыяльных інтэрнатах жывуць рабочыя. На інжынерных пасадах збольшага працуюць еўрапейцы, у тым ліку і рускамоўныя — расіяне, дарэчы, прыязджалі ў Катар яшчэ і для падрыхтоўкі краіны да чэмпіянату свету.

Стадыён падчас цырымоніі адкрыцця ЧС. Фота: АР

Кацярына расказвае, што ў Катары людзі розных нацыянальнасцей могуць прэтэндаваць на розную працу, і гэтая каставасць вельмі моцная.

Напрыклад, беларусам ніколі не дазволяць працаваць прыбіральшчыкамі ці нянечкамі, бо гэтыя пасады займаюць філіпінцы. Калі казаць пра эмігрантаў, то найвышэйшую прыступку ў Катары займаюць жыхары Заходняй Еўропы, за імі ідуць грамадзяне краін СНД, потым — Філіпін і іншых краін Азіі, акрамя Індыі і Пакістана, якія на апошнім месцы.

Так выглядала Доха на пачатку нафтавага буму, у 1971 годзе. Фота AP Photo / Horst Faas

У размове з жанчынай хутка пераходзім да палемікі вакол ЧС па футболе. Кацярына мяркуе, што яна залішняя: «Я катэгарычна супраць таго, што да Катара дрэнна, прадузята ставяцца ў сувязі з правядзеннем чэмпіянату свету па футболе. Тое, што піша заходняя прэса, не праўда.

Так, яны забараняюць алкаголь, а навошта нам хваляванні?

У сталіцы ўсе бары забітыя еўрапейцамі, дык піце там. А калі будзе п’яны натоўп, яшчэ нехта загіне, так што цалкам правільна, што ўлады забаранілі продаж алкаголю на стадыёнах. Трэба табе выпіць — ідзі ў бар да матча ці пасля».

Што да інфармацыі пра загінулых у Катары рабочых, беларуска ёй не надта давярае: «Мясцовая прэса кажа, што іх было зусім няшмат. І мы ж не ведаем, колькі загінула ў Бразіліі перад чэмпіянатам, дзе таксама нізкая якасць жыцця насельніцтва. Еўрапейцы тут не працуюць фізічна, бо тут вельмі цяжкі клімат, высокая вільготнасць, а для індыйцаў і пакістанцаў гэта звыклае асяроддзе.

Яны вельмі шчаслівыя і ўдзячныя Катару, што сюды прыехалі, могуць зарабіць нейкія грошы і даслаць іх родным. Каля абменнікаў і месцаў, дзе робяць грашовыя пераводы, тут вечарамі збіраюцца натоўпы працоўных, каб даслаць грошы ў сваю краіну, і ім яшчэ хапае грошай для сябе».

Фота: АР

Што да жылля ў Катары, шмат залежыць ад таго, на якіх умовах туды прыязджаюць. Беларуска тлумачыць, што кампаніі часам аплачваюць сваім супрацоўнікам размяшчэнне ў гатэльных нумарах, абсталяваных накшталт звыклых нам апартаментаў, або выплачваюць грошы, якія цалкам або часткова пакрываюць кошт арэнды. Шмат што залежыць ад кантракта, але

спецыяліст з вышэйшай адукацыяй не будзе тут працаваць менш чым за 5 тысяч даляраў і да бясконцасці.

Што да арэнды жылля, сярэдні кошт за пакой ці кватэру-студыю можа пачынацца ад 2500 рэалаў (трохі менш за 700 даляраў), за вялікія апартаменты можна плаціць па 7000 рэалаў за месяц (амаль 2000 даляраў). Арэнда вілы каштуе 10—12 тысяч рэалаў (2700—3300 даляраў).

Катарскі клімат не спрыяе прагулкам: «Тут вельмі спякотна, дужа вялікая вільготнасць. Ля Катара блізка пустыня, таму ў паветры нібыта рассеяны пясок. Праз гэта ультрафіялет не праходзіць да зямлі, і таму тут цяжка загарэць, у сталіцы не абгарыш пад сонцам. Катарцам нават раяць прымаць вітамін D, бо сонечных прамянёў ім не хапае».

Фота: АР

Паветра забруджанае, горад маленькі, вельмі шмат машын і будоўлі.

У цэнтры Дохі знаходзяцца два вялікія аэрапорты, і гэта таксама забруджвае асяроддзе. Праз такі клімат у Катары паўсюль кандыцыянеры, але ж такое жыццё не надта карыснае для здароўя.

Беларуска дзеліцца, што сумуе па суайчынніках, хаця і ў Катары ёсць беларусы: «Вучэбны паліцэйскі корпус запрасіў сюды нашых мужчын, якія трэніруюць тут паліцэйскіх, бо ў нашых вялікая практыка».

Таксама ёй не хапае беларускіх прадуктаў, гародніны, бо ў Катары шмат прывазнога. Калі гародніну вязуць здалёк, яна не мае ні паху, ні смаку, нібыта пластмасавая.

Жанчына параўноўвае Катар з Беларуссю: «Я б хацела, каб у маёй краіне да людзей ставіліся з павагай, каб людзі атрымоўвалі годны заробак. Чаму мы такія адукаваныя, а наша краіна нас не любіць, нічога не прыдумала, каб паважаць сваіх людзей як катарцаў? Калі ласка, працуй у Беларусі за 200 даляраў адукаваны чалавек.

Фота: АР

Не бачу такога вялікага тэмпу працы, як у Еўропе, ніхто нікога не гоніць і не крычыць. Жыццё вельмі спакойнае. Катар — вельмі бяспечная краіна, усе нібыта пад каўпаком. Сюды не прыедзеш проста так, візу атрымаць складана, за людзьмі шмат сочаць. Але ў выніку ніхто цябе не згвалціць і не абрабуе,

можна не закрываць машыны і дамы на замок. Жыць з дзіцём тут вельмі спакойна».

Кацярына расказвае, што катарскую візу нельга атрымаць прадстаўнікам небагатых арабскіх краін накшталт Іарданіі ці Палесціны, а таксама вялікай частцы тых, хто старэйшы за 59 гадоў. У выніку, калі прыязджаеш у Катар, не бачыш хворых, алкаголікаў і старых, бачыш ідылію: шматдзетныя арабскія сем’і, якія любяць праводзіць час разам у забаўляльных цэнтрах і парках. Трохі брудна ў раёне, дзе жывуць індыйцы і пакістанцы, але жанчына жыве не там і ўсё гэта не бачыць штодзень.

«Мне падабаецца такая спакойная, добрая краіна», — падсумоўвае Кацярына.

Фота: АР

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чэмпіянат свету па футболе хутка пачнецца. Чаму яго лічаць самым скандальным за ўвесь час?

Фаны «Эвертана» пайшлі шукаць піва ў Катары, а трапілі да львоў

Хто з зорак адмовіўся выступаць на чэмпіянаце свету ў Катары

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Виктор /адказаць/
24.11.2022
Не смог осилить эту хер.ю,я просто уверен что и у нас скоро только без чемодана и уголовной статьи, хоть в Катар с эмиратах хоть в москву с резать.мне на таких как эта хероиня нас..... пофиг
1
особо циничная/адказаць/
24.11.2022
"але бяспечна настолькі, што"

а калі нафта заўтра раптам шалёна скончыцца... гэтак жа шалёна, як некалі знайшлася...

хацелася б паглядзець, што гераіня тады запяе і як зажыве...
0
Кашмар/адказаць/
25.11.2022
"Вальней чым у Беларусi", сур'ёзна? Катар - гэта краiна, якая жыве па законах сярэднявечча, дарма што маюць купу грошай i будуюць сабе дамы амаль што з золата. Смяротнае пакаранне за змену рэлiгii, за нявернасць у шлюбе, вельмi "манаскiя" патрабаваннi да ладу жыцця... Дарэчы, катарскi эмiр вельмi сябруе з Лукою i Шэйманам, недзе на Лагойшчыне яму пабудавалi маёнтак для палявання i дазволiлi яму прысабечыць да гэтага маёнтка яшчэ i ладны кавалак лесу, куды "яго вялiкасць" прыязджае раз у пару гадоў, каб пастраляць у жывёл. Шыкоўны гатэль на Пераможцаў, побач з дзвюма рэзiдэнцыямi Лукi, таксама ўласнасць сям'i эмiра. Так што, няма нiчога прывабнага ў тым Катары, акрамя цёплага надвор'я i шалёных грошаў.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера