Знайсці
25.11.2022 / 13:1911РусŁacБел

Інжынер у 50+ спрабуе сысці ў праграмісты — але не завуць нават на інтэрв'ю

«Ідэя знайсці працу праграмістам у Беларусі ў 50+ гадоў канчаткова прызнаная ўтапічнай», — напiсаў у сваiм фэйсбуку Андрэй — iнжынер, а таксама настаўнiк матэматыкi i iнфарматыкi ў мiнулым. Суразмоўца Dev.by вывучае праграмаванне ад 2013 года, а працу шукае амаль 2 гады — i безвынiкова, анiводнага сумоўя за гэты час. Бо рэкруцёры «не чытаюць рэзюмэ далей за дату нараджэння», лiчыць Андрэй. dev.by выслухаў яго аргументы i гiсторыю.

«Пакуль я працаваў, нiводная лесвiца i пажарны пад’ёмнiк не былi спiсаныя»

— Калi я яшчэ толькi вучыўся ў школе, а я скончыў яе ажно ў 1987 годзе, — ужо цiкавiўся праграмаваннем. Дарэчы, у мяне дома ёсць калькулятар МК-52, якi можна праграмаваць, — ён у працоўным стане. I якраз ён стаў для мяне нагодай засвоiць праграмаванне — мне падабалася працаваць з iм. 

Пасля школы мяне клiкалi на прыкладную матэматыку ў БДУ, але я трошкi спужаўся, бо матэматыка ў мяне не iшла настолькі добра, наколькі я б хацеў, i паступiў у БНТУ — тады яшчэ БПI. 

Паводле першага дыплома я iнжынер-механiк, спецыялiст па гiдрапнеўмааўтаматыцы i пнеўмапрывадах, — але ж па спецыяльнасцi не працаваў, нягледзячы на «прэстыжнае» размеркаванне — на МАЗ. Так атрымалася, што я паступiў у 1987 годзе, а скончыў у 1993-м — якраз змянiлася ўся парадыгма. З маёй групы толькi адзiн чалавек уладкаваўся па спецыяльнасцi — працуе на трактарным заводзе, але, па шчырасцi, перспектыў у яго няма. 

Я памяняў свой кiрунак на блiзкi — пайшоў працаваць на станцыю дыягностыкi аўтамабiляў i пажарнай тэхнiкi. У маiм распараджэнні знаходзiўся ўвесь аўтамабiльны парк мінскага гарнiзона. I, што цiкава, — там якраз спатрэбiлiся мае навыкi гiдраўлiка: пакуль я працаваў, нiводная пажарная лесвiца, нiводны пажарны пад’ёмнiк не былі спiсаныя — усё працавала. Гэта мой унёсак! Як я звольнiўся ў 1998 годзе, спецтэхнiку пачалi спiсваць.

«Курсы не скiраваныя на тое, каб чалавек пасля iх мог манетызаваць свае веды»

Чаму я сышоў — мне было 28 гадоў, хацелася нейкай перспектывы. Я з тых людзей, якiм цiкава не столькi зарабляць грошы, колькi ствараць нешта новае, рабiць свой унёсак. Я адчуваў, што на тым месцы ўжо вычарпаў сябе.

Мяне запрасiлi ў iншае аўтасэрвiснае прадпрыемства, але ж мне не спадабалася — там не было перспектыў. Далейшы мой жыццёвы шлях пайшоў праз грамадскую дзейнасць. 

Але ў 2005 годзе ў мяне з’явiлася сям’я — i таксама з’явiлася неабходнасць зарабляць грошы. I я зноў пачаў з нуля — пайшоў працаваць мантажнiкам сістэм пажарнай i ахоўнай сiгналiзацыі. Адпрацаваў 10 гадоў, вырас да галоўнага iнжынера праекта — а потым памянялiся ўмовы атэстацыi, i мяне з маёй адукацыяй няможна было атэставаць на тую пасаду, якую я займаў. Вось i ўсё! 

Цi можна было знайсцi абыходны шлях — атрымаць другую тэхнiчную адукацыю? Магчыма… Але не ведаю, цi было б гэта рацыянальна. Я хацеў развiвацца, прагрэсаваць, а не застойвацца.

У рэшце рэшт, страцiўшы працу, я вырашыў вярнуцца да таго, што мяне цiкавiла. А цiкавае мне было праграмаванне. За 2 гады дагэтуль — калi ў мяне яшчэ была праца i «нiчога не прарочыла» — я скончыў курсы па C пры «БелХардзе». Цiкава, што вёў iх не праграмiст. I я, дарэчы, прыйшоў да высновы, што трушныя праграмiсты не заўжды ёсць найлепшымі выкладчыкамi.

Дык вось, у 2013 годзе я яшчэ і не думаў рабiцца праграмiстам: мне проста хацелася вывучаць праграмаванне. Пэўна, гэта мая хiба — трэба было iсцi ў IT раней, яшчэ тады. Але ж у мяне была сям’я, чацвёра дзяцей — i, па вялiкiм рахунку, не было нават часу спынiцца, трэба было ўciх забяспечваць неабходным. 

Калi ж я страцiў працу, давялося думаць, што рабiць далей. Ёсць яшчэ прычына, чаму тым часам я не выйшаў на рынак — не хацеў бы нiкога ганьбiць, але курсы не скiраваныя на тое, каб чалавек пасля iх заканчэння мог нейкiм чынам манетызаваць свае веды. Пасля курсаў людзi не ўмеюць рабiць закончаны прадукт, ну i я таксама не ўмеў.

«Падмурак навыкаў праграмавання быў закладзены нашымi выкладчыкамi»

У 2015 годзе мне прапанавалi атрымаць другую вышэйшую адукацыю. То-бок пайсцi шляхам не курсаў, а больш грунтоўным — праз засваенне матэматыкi. Мы параiлiся з жонкай i вырашылi, што, сапраўды, гэта будзе слушна. 

Ці памятаеце, была справа праграмiстаў, што навучалi па-беларуску? Гэта якраз тая суполка, дзе навучаўся i я… Iдэя была такая, што студэнты ўкладалі дамову з замежным унiверсiтэтам, але навучанне адбывалася ў Беларусi i па-беларуску. А экзамены мы здавалi ва Украiне. 

На сярэдзiне нашай вучобы Iнстытут матэматыкi i кiбернетыкi быў разгромлены, i ўсё навучанне перайшло ва Украiну — давучвалiся мы ўжо па-ўкраiнску. Фармальна нiчога не памянялася, але, калi казаць шчыра, менавiта сам падмурак навыкаў праграмавання быў закладзены тут, у Беларусi — нашымi выкладчыкамi. I гэта было найлепшае навучанне. 

Так атрымалася, што нават пасля заканчэння ўнiверсiтэта (гэта было ў 2019 годзе) практычных ведаў нi ў кога з нас не было. Мы зноўку не разумелi, як выдаць канчатковы прадукт, цiкавы замоўцу — а па вялiкiм рахунку мы не ведалi нават з чаго пачынаць. Нам бы на стажыроўкi ў кампанii, але…

«Ёсць уражанне, што далей за дату нараджэння маё рэзюмэ не чытаюць»

Мне здаецца, што ўвесь рэкрутынг, калi адкiнуць пошук мiдлаў цi сеньёраў, скiраваны на студэнтаў, якiх можна давучыць на сваю патрэбу. Для людзей сталага веку гэты шлях немагчымы, бо эйчары проста адсякаюць нас паводле года нараджэння. У мяне ёсць стойкае ўражанне, што далей за дату нараджэння маё рэзюмэ не чытаюць.

Вось я дасылаў рэзюмэ i адгукаўся на вакансii бадай пад сотню разоў — i ніводная кампанiя не напісала. 

Я шукаю працу каля двух гадоў. Спачатку праз знаёмых — i адзiн працадаўца зацiкавiўся, але яны рабiлi праекты на .NET, а я ў той момант з гэтай платформай не працаваў. Пайшоў на курсы па С#, потым звярнуўся зноў да таго ж самага чалавека, зрабiў тэставае заданне. Тая фiрма была гатовая мяне наняць, але памянялася палiтычная сiтуацыя — i яны рэлакавалiся ў Польшчу. А я за мяжу не iмкнуўся. Хутчэй сітуацыя для іх саміх была няпэўнай, таму яны і адмовіліся ад ідэі папаўняць каманду.

Далей я ўжо шукаў, як усе, — адгукаўся на вакансii на джаббордах, але бачыў толькi адмовы. Нiякiх лiстоў, нiводнага тэлефанавання… А вакансii вiсяць ды вiсяць.

За год у мяне не было нiводнага сумоўя. Таму я i зрабiў выснову, што рэкруцёры не глядзяць маё рэзюмэ далей за дату нараджэння. У мяне прыгаданы GitHub з праектамi — але такое ўражанне, што нiхто туды нават не зазiрае. 

Хтосьці скажа: ну схавай ты дату нараджэння, i табе пашчасцiць. У маiм LinkedIn яна схаваная, але ж для разумнага дастаткова iншай iнфармацыi — бо калi ты ў 1993 годзе скончыў першы ўнiверсiтэт, то, вiдавочна, табе больш за 50 гадоў. 

А я шукаю-шукаю, чакаю-чакаю, i нарэшце ўжо стамiўся. Я вырашыў: мэтаскіравана ў Беларусi больш шукаць працу не буду. Дапускаю, што зраблю яшчэ якiя спробы знайсцi працу за мяжой. Хаця з вялiкай сям’ёй пераязджаць няпроста, i мне б хацелася жыць i працаваць у Беларусi.

Мая жонка — хiрург у лякарнi. Усе, на жаль, ведаюць, як у нас зарабляюць хiрургi, — i мяне ўжо грызе сумленне, што нiяк не знайду працы. Хаця, вядома ж, яна мяне ва ўсiм падтрымлiвае. 

«Людзi майго веку амбiтныя — яны не будуць сядзець у джунiярах»

Ведаеце, я меў размову з адной рэкруцёркай. Напiсаў ёй напрамкі ў LinkedIn — i атрымаў водгук: мне далi тэставае заданне. Каб выканаць яго, трэба было за 5 дзён вывучыць новую для мяне тэхналогiю i зрабiць праект, што я, у прынцыпе, i зрабiў. Дапускаю, што, можа, узровень быў не той, але ж — 5 дзён на засваенне тэхналогii.

У адказ рэкруцёрка напiсала, што супрацы ў нас не атрымаецца: да пабачэння! Нават не патлумачыла, у чым праблема — нашая камунiкацыя скончылася. Ну як гэта ацэньваць?

Людзi нашага веку поўныя сiл i энергii, i вельмi матываваныя, — але мы не можам рэалiзавацца. Што цiкава: з размоў з сябрамi, якiя жывуць за мяжой, я зразумеў, што на захадзе такой праблемы няма.

Людзей нават у сталым веку разглядаюць толькi паводле iх працоўных якасцей. Больш за тое, кепскi тон — дадаваць да рэзюмэ дату нараджэння i фатаграфiю, бо тады працадаўцу могуць абвiнавацiць у нейкiм пратэкцыянiзме, а iнстытут рэпутацыi для фiрмы вельмi важны. На жаль, у нас рынак нецывiлiзаваны i, вiдавочна, падыходы iншыя. 

Я думаў, цi не прыбраць з рэзюмэ першую адукацыю, — але мне здаецца, што для разумнага гэта, хутчэй, плюс. Па-другое, неяк гэта не зусiм сумленна было б. 

Я не ведаю, чаго баяцца рэкруцёры i ix кiраўнiкi: мо таго, што iм не ўдасца наладзiць камунiкацыю памiж моладдзю i сталым супрацоўнiкам (але ж, блiн, я таксама малады!). Цi не могуць уявiць, як маладыя будуць кiраваць старэйшымi. Хаця ў маёй практыцы такое было — i праблем не ўзнiкала. 

I наконт матывацыi: людзi майго веку застаюцца амбiтнымi — яны не будуць доўгi час сядзець у джунiярах, паверце, мы ўмеем вучыцца. Але, вядома ж, лягчэй узяць на праект студэнта — i плацiць капейкi, пакуль ён расце i набiраецца досведу. Сталага чалавека на такiх умовах браць нiхто не хоча. А нейкай сiстэмы, якiм чынам выкарыстаць здольнасцi людзей нашага веку, няма — дый нiхто не думае яе ствараць. 

«Я сустракаў людзей, якiя пайшлi ў IT па грошы, — яны выгаралi дашчэнту»

Вядома ж, значэнне мае i тое, што IT-сектар у Беларусi iмклiва скарачаецца, падае прапанова, бо ў тых, хто з’язджае, няма больш патрэбы ў тутэйшых спецыялiстах.

Мне кажуць у фэйсбуку — зайдзi з iншага боку, не ўсе айцiшнiкi пішуць код. Але я не проста iмкнуся ў IT, я — iнжынер, мне падабаецца ствараць: будаваць, пiсаць код… Я люблю сам працэс стварэння новага.

Калi б мне толькi трэба было ўвайсцi ў iндустрыю i калi б для мяне на першым месцы стаялi грошы, быў бы сэнс дзейнiчаць iншым чынам. Але ж я сустракаў у сваiм жыццi людзей, якiя пайшлi ў IT па грошы, — яны потым выгаралi дашчэнту.

«Школа разглядаецца не як месца, дзе людзi атрымлiваюць веды, становяцца асобамi»

Я выкладаў у прыватнай школе матэматыку i iнфарматыку — так, быў у мяне такi досвед. Таксама я працаваў выкладчыкам у лiцэi. Па магчымасцi, вядома ж, я iмкнуся зарабляць. Але iсцi працаваць у нейкую сферу, зусiм не звязаную с праграмаваннем, — цi не будзе гэта адступленнем? Я змарнаваў столькi часу, сiл i сродкаў на тое, каб навучыцца пiсаць код, — i iсцi працаваць, напрыклад, вартаўнiком на склад, ну зусiм крыўдна.

З прыватнай школы я сышоў раней, чым iх усе закрылі ў вераснi, — у мяне папросту ўзнiклi пэўныя супярэчнасцi, бо школа была рэлiгiйная, а я — не зусiм. Але ж мы развiталiся сябрамi. 

Як я стаўлюся да таго, што месяц таму ў краiне былi закрытыя ўсе прыватныя школы? Я лiчу, што гэта манапалiзацыя працэсу адукацыi з боку рэжыму. Школа разглядаецца не як месца, дзе людзi атрымлiваюць веды, становяцца асобамi, — а як цэх для фарміравання вiнцiкаў падтрымкi. Школа — гэта iдэалагiчны падмурак сённяшняга рэжыму, таму ўлады не спыняцца на школах, тое ж будзе з дзiцячымi садкамi, бо яны адчулi, што гэты кiрунак прагледзелi, i цяпер iмкнуцца гэта выправiць. Разгром прыватнай адукацыi — гэта якраз лагiчны крок у рэчышчы такой палiтыкi.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Хлебароб/адказаць/
25.11.2022
Эйджызм и у Еуропе ёсць. Николи не дазволяць, каб больш малады супрацоуник зарабляу больш за старэйшага, незалежна ад вопыту, бо "у яго сямъя, а ты и так нармальна зарабляеш". 
0
харошы юмарок. са знакам качы3тва/адказаць/
26.11.2022
@Мой нік у тэлеграме такі ж ) скраў?)
5
особо циничная/адказаць/
26.11.2022
Ф1, вось-вось...
і вішэнка на торце - пашкадуйце, маўляў, шматдзетнага бацьку.. аёй-аёй

а чым ты думаў, "інжынер-праграміст", калі штампаваў спінагрызаў, якіх не можаш пракарміць? 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера