Знайсці
29.11.2022 / 13:532РусŁacБел

«Менш чым за сотку з рэйса ў Польшчу ніхто не паедзе». Што перавозяць і колькі зарабляюць чаўнакі і кантрабандысты

«Наша Ніва» пацікавілася, на чым цяпер зарабляюць тыя, хто ездзіць праз мяжу. Чаўнакі расказваюць таксама пра спосаб, як любы можа атрымаць 100 даляраў за паездку без рызыкі (для гэтага не патрэбная машына).

Пасля зняцця кавідных абмежаванняў чэргі з легкавікоў на межах Беларусі і ЕС сталі звыклай з'явай. Людзі стаяць гадзінамі і нават суткамі. Для многіх гэта крыніца заробку.

Што вязуць з Беларусі

З Беларусі ў Еўропу традыцыйна вязуць паліва і цыгарэты. Аднак за кошт умацавання беларускага рубля да еўра і даляра заробкі на перапродажы паліва паменшалі. На аўто з вялікім бакам (80-100 літраў) атрымаецца зарабіць 20-40$. На 20-30 даляраў больш з бака зарабляюць толькі тыя, хто мае доступ да таннай саляркі ў Беларусі. Таму перавозка паліва хоць і застаецца выгаднай, але не з'яўляецца асноўнай крыніцай даходаў чаўнакоў. 

Найбольшыя заробкі, а разам з тым і рызыкі, — у тых, хто займаецца кантрабандай цыгарэт. 

У залежнасці ад маркі цыгарэт, памераў пачка і месца збыту, заробак з аднаго блока (10 пачкаў) складае ад 10 да 15 даляраў. Прыбытак ад такога бізнэсу моцна залежыць не толькі ад таго, колькі блокаў за раз перавозіць кантрабандыст, але і ад таго, як часта ён улятае на штраф. 

Кантрабандысты называюць такія аўто «бомбамі»

Звычайна «цыгарэтчыкі», якія працуюць на польскім кірунку, перавозяць да 30 блокаў за раз, каб не патрапіць на максімальныя штрафы і не застацца без аўто. У Літву звычайна возяць або да 10 блокаў, або ўжо колькі ўлезе. 

«У Літве больш строгае заканадаўства, там, калі ў цябе знойдуць больш за 10 блокаў, то, апроч штрафу і канфіскацыі тавару, забіраюць машыну. З-за гэтага шмат хто возіць туды цыгарэты ў вялікіх аб'ёмах, бо якая розніца: забяруць у цябе аўто за 11 блокаў ці за сто», — тлумачыць чаўнок. 

Машыны, якія вязуць цыгарэты ў такіх аб'ёмах, што ў выпадку пападання на паглыблены дагляд канфіскуюцца, у колах кантрабандыстаў называюцца «бомбамі». 

«Галоўная задача тых, хто спецыялізуецца на «бомбах», — гэта не перавысіць ліміт па кошце падакцызных тавараў, каб замест адміністрацыйнай адказнасці не наступіла крымінальная», — кажа суразмоўца. 

«Свае 100-150 даляраў з паездкі можна зарабіць без асаблівай рызыкі»

Чаўнок кажа, што з улікам непрадказальнасці кантрабанднага бізнэсу акрэсліць заробкі цыгарэтчыкаў складана. 

«Вядома, што размова ідзе пра сотні даляраў з рэйса, бо за меншыя грошы ніхто не будзе звязвацца з кантрабандай цыгарэт — свае 100-150 даляраў з паездкі можна зарабіць і без рызыкі атрымаць вялікі штраф, не перавышаючы нормы правозу».

Апроч паліва і цыгарэт, з Беларусі ў ЕС вязуць танную гарэлку. Легальна ў Польшчу і Літву ад нас можна правезці не больш за літр моцнага алкаголю. 

У адваротным кірунку пералік тавараў, якія вязуць чаўнакі, нашмат больш шырокі. Прычым часова павялічаныя ліміты на ўвоз тавараў у Беларусь дазваляюць няблага зарабляць на перакідцы тавараў нават без рызык. 

Найбольшая ўзнагарода ідзе за перавоз тавараў, якія падлягаюць абавязковаму дэклараванню і маюць абмежаванні па ўвозе на пэўны тэрмін. Да іх адносяцца тэлевізары, ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, аўтамабільныя пакрышкі і г.д. 

Так, напрыклад, за перавозку праз мяжу тэлевізара даюць ад 100 да 200 даляраў у залежнасці ад кошту і памеру. Ноўтбукі аплочваюць па 100-150 даляраў за штуку. За перавоз кавамашыны прапануюць 65-75$. Некаторыя прапануюць цэлыя камплекты тавараў, агульная вага і кошт якіх укладаюцца ў норму (да 31 кг і 1000 еўра). 

Адзін з такіх камплектаў — кавамашына і фен. За перавоз іх можна атрымаць 115 даляраў. 

Пасажыр за 100 даляраў

Зарабляць на перавозцы тавараў праз мяжу могуць не толькі людзі, якія маюць уласны аўтамабіль. Дастаткова мець візу і вольны час. У адмысловах чатах у Telegram і Viber часта з'яўляюцца запыты ад людзей, якія гатовыя забраць «вешалку» на ўласным аўто і разам з ім пераехаць праз мяжу.

Тым, хто яшчэ не паспеў задэклараваць на сябе нешта з дарагой тэхнікі, прапануюць па 100-110 даляраў. За гэтыя грошы вас падбяруць у Брэсце, завязуць у Польшчу і вернуць. Ад такога пасажыра патрабуецца толькі прысутнасць і падача дэкларацыі на чырвоным канале, а пры патрэбе — і аплата пошліны ад свайго імя. Такая паездка звычайна займае 15-20 гадзін. 

Апроч тэхнікі, значную частку якой трэба дэклараваць на чырвоным канале, для перавозкі праз мяжу раздаюць адзенне, абутак, падгузкі, пральныя парашкі і іншае. Такіх тавараў таксама можна набраць на 20-50 даляраў на раз.

У Польшчу выгадна ездзіць без запаснога кола

«Апошнім часам таксама даволі папулярным стаў перавоз аўтамабільных запчастак, маторнага масла, пакрышак. За 5-літровую банку масла даюць да 10 даляраў. За перавозку пакрышкі — 10-15$ у залежнасці ад памеру. Колы звычайна правозяцца ў выглядзе запаснога кола, таму ў Польшчу часцяком даводзіцца ехаць без яго, каб была магчымасць зарабіць дадатковыя 10-15$», — прызнаецца суразмоўца.

Сярод іншых крыніц заробкаў для чаўнакоў з'яўляецца перавозка пасажыраў. Асабліва гэты кірунак актывізаваўся цяпер, калі перасякаць мяжу на электрасамакатах нельга, а на роварах таксама не прапускаюць, калі на вуліцы зімняе надвор'е. 

«Білеты на маршрутку не танныя, таму перавоз пасажыраў праз мяжу прыносіць свае дывідэнты. Звычайна за такое бяруць не менш за палову ад кошту квіткоў». 

Банкіры-чаўнакі

Некаторыя чаўнакі зарабляюць на тым, што перавозяць грошы. Натуральна, што грошы праз чацікі ў месенджарах ніхто не перадае. Для гэтага трэба мець знаёмых, якія маюць патрэбу ў такіх паслугах.

«Пасля таго, як з разлікамі з краінамі ЕС стала складаней, такіх прапаноў становіцца ўсё больш. Часцей за ўсё гэта трэба тым, хто займаецца перагонам аўто. Мінімальная стаўка за перавоз 10 000 еўра — 50 еўра, але часцей плоцяць 1% ад сумы, як камісія ў банках.

Многія, хто зарабляе на мяжы, ездзяць сем'ямі. Калі пашанцуе, то за адзін такі рэйс разам з жонкай у нас можа выйсці 250-350 даляраў на дваіх за паездку. Прычым гэта без якіх-небудзь асаблівых рызык. Напрыклад, так бывае, калі з намі едзе знаёмы аўтаперагоншчык, якому трэба перавезці грошы на аўтамабіль. З Беларусі вязём яго з грашыма, поўны бак паліва, цыгарэты і алкаголь па норме. З Польшчы бяром тавар на перакідку, таксама па норме. Такім чынам за суткі можам зарабіць не менш, чым месячная зарплата ў рэгіёнах», — адзначае суразмоўца. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

 Чытайце таксама: 

Беларускія банкі масава мяняюць умовы SWIFT-пераводаў 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Woodoo Cult /адказаць/
29.11.2022
Из-за этого быдла такие очереди на границе.
0
Максим Дизайнер/адказаць/
30.11.2022
И зачем я 5 лет мозги в универе сушил, и 10 - карьеру делал?Машина, и жонка, путешествия, и еще 250-350 баксов в день делают.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031