Знайсці
25.11.2022 / 19:5910РусŁacБел

Касцёл у Зембіне — усё, яго пачалі зносіць

Старадаўні касцёл у мястэчку Зембін Барысаўскага раёна, які знаходзіцца ў аварыйным стане, на гэтым тыдні пачалі разбураць, паведамляе расійскае выданне Sputnik. Спадзяванні, што ўлады ўсё ж будуць шукаць спосабы, каб захаваць гэты помнік архітэктуры, аказаліся марнымі.

Фота: Sputnik

Будынак, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, ужо даўно быў прызнаны аварыйным. А сёлета ў красавіку адна са сцен касцёла абвалілася з-за моцнага ветру.

Фота: Sputnik

Ідэі рэстаўрацыі былі адхіленыя, будынак вырашылі проста знесці. Адзінае, што захаваюць — скульптуру Дзевы Марыі. Падчас дэмантажу касцёла яе часова змясцілі ў музей.

«Так, крыж і постаць атрымалася бяспечна зняць, ніхто не пацярпеў. Яны (работнікі) па меры магчымасцяў вельмі акуратна гэта рабілі, і на даны момант знаходзіцца скульптура ў музеі. Я напісаў просьбу ў гарвыканкам, каб разгледзелі варыянт перадаць яе парафіянам, за сродкі якіх яна будзе адрэстаўраваная», — расказаў Sputnik мясцовы ксёндз.

Фота: Sputnik

У Барысаве адказалі, што просьбу ксяндза ў цяперашні момант разглядаюць у Міністэрстве культуры. Калі рашэнне будзе прынята станоўчае, фігуру перададуць у Зембін для аднаўлення. «А з часам, калі касцёл разбураць, мы плануем пабудаваць маленькую каплічку на яго месцы або побач, паставіць фігуру Дзевы Марыі і крыж», — растлумачыў ён.

400-гадовы касцёл у Зембіне са скульптурай Божай Маці на франтоне — адзін з апошніх аб'ектаў барока, пабудаваных на тэрыторыі Беларусі. Спецыялісты лічаць, што будынак быў узведзены ордэнам дамініканцаў у пачатку XVII стагоддзя. Першапачаткова пабудова была драўлянай і ў ёй жылі дамініканскія манахі. Калі ж у пачатку XVIII стагоддзя храм згарэў, то яго пабудавалі наноў ужо цагляным.

Касцёл дзейнічаў да 1932 года, пасля чаго яго закрылі савецкія ўлады. З тых часоў будынак не выкарыстоўваўся. У 2010 годзе руіны касцёла збіраліся знесці барысаўскія ўлады, аднак тады валанцёры прадухілілі знос. Але ніякіх мераў па прадухіленні далейшага разбурэння не рабілася.

Чытайце таксама:

Разбяруць па цаглінцы. Вырашаны лёс старажытнага касцёла ў Зембіне

Пасля абрушэння сцяны касцёла ў Зембіне на дарозе побач з ім перакрылі рух. Што будзе далей са святыняй

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
16
Абуральна
33
2
Valadzimir/адказаць/
26.11.2022
Юзік са станцыі Крулеўшчына, вабшчэта, сапраўдная, ці амаль сапраўдная дзяржава (амаль - таму што і яна была ў шчыльным "саюзе"), якая называлася Вялікае Княства Літоўскае, была тут канчаткова дэмантавана 200 год таму. А цяперашняя, новая дзяржава, якая тут паўстала, - па сутнасьці расейскі пратэктарат. Таму тое, што адбываецца, вельмі сумна, але заканамерна - гэтая "дзяржава" павольна, але няўмольна "зачышчае", за рэдкімі выключэньнямі, тое, што тут яшчэ засталося ад той дзяржавы.
2
Valadzimir/адказаць/
26.11.2022
Тт, аптымізм - гэта добра, але, здаецца, пакуль для яго няма абсалютна ніякіх падстаў.
0
Грышка /адказаць/
26.11.2022
Вы маеце рацыю, Tt. Палякі перабудавалі сваю дзяржаву, эканоміку й культуру, бо не забываліся сваёй мовы, спадчыны й рэлігіі пад камунізмам. Беларусы могуць вярнуць свае карані й перабудаваць таксама.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930