Знайсці
27.11.2022 / 11:242РусŁacБел

«На ўсю сям’ю заплацілі 500 даляраў». Як беларусы цяпер атрымліваюць візы

З'явілася інфармацыя, што візавыя цэнтры могуць змяніць працэдуры рэгістрацыі беларусаў на візы, каб прыбраць звяно пасярэднікаў, якія зарабляюць на гэтым вялікія грошы. Радыё Свабода ў сувязі з гэтым даведалася ў беларусаў, як яны атрымліваюць цяпер шэнгенскія візы.

Польскую працоўную візу чакаў 2,5 месяца, заплаціў 450 рублёў

Ян* (імёны герояў змененыя дзеля бяспекі) рабіў польскую працоўную візу. Працэс заняў 2,5 месяца. Заплаціў 450 рублёў.

«Спрабаваў сам запісацца ў візавы цэнтр, але гэта непераадольны квест. Адзін раз нейкім цудам атрымалася дабрацца да выбару даты і ўвесці пашпартныя звесткі, але, калі справа дайшла да АТР-коду, увесь працэс спыніўся, нічога не прыйшло. На форуме чытаў, што нават да каго прыходзіў код, то ён быў нядзейным», — расказвае пра спробы самастойнай рэгістрацыі Ян.

Хлопец рабіў падобныя спробы цягам 1,5 месяца, але беспаспяхова. Праблемы ў рэгістрацыі ўзнікаюць праз тое, што фірмы-пасярэднікі, дзе працуюць праграмісты, рэзервуюць свабодныя даты на рэгістрацыю, якія «выкідваюць» візавыя цэнтры. А потым гэтыя месцы ў чарзе на рэгістрацыю на пэўныя даты яны прадаюць беларусам за грошы.

У выніку Ян звярнуўся да пасярэднікаў. У Мінску яму прапанавалі зрабіць візу за 530 рублёў (каля 200 даляраў), аднак у родным горадзе знайшоў паслугу за 450 рублёў (каля 180 даляраў).

«Праз тры тыдні патэлефанавалі і паведамілі дату. Давялося ехаць у другі канец краіны падаваць дакументы», — апісвае складанасці суразмоўца. Урэшце візу яму адкрылі і беларус паехаў працаваць за мяжу.

У Мінску — 860 рублёў за польскую візу, у рэгіёнах — 600

Ян расказаў, што ягонаму калегу пашчасціла менш, той аддаў за рэгістрацыю на візу амаль удвая больш.

«Калега не стаў спрабаваць сам, а адразу звярнуўся да пасярэднікаў, заплаціў 860 рублёў (340 даляраў), але гэта з гарантыяй, што запішуць у Мінску. Калі ў любым іншым горадзе, то прапанавалі за 600 рублёў», — тлумачыць розніцу паміж сталіцай і рэгіёнамі суразмоўца.

Калега чакаў падачы дакументаў цягам месяца, падаваўся на візу ў Мінску, як яму і абяцалі. Іншы напарнік Яна ў канцы кастрычніка звярнуўся да берасцейскіх пасярэднікаў. Заплаціў 350 рублёў, і яму далі дату для падачы дакументаў ужо праз тыдзень.

«Усё гэта проста смешна. Каб ехаць працаваць, ты яшчэ павінен плаціць грошы», — каментуе сітуацыю Ян.

Аддалі 500 даляраў за рэгістрацыю сям’і на гуманітарную візу

Беларуска Мілана згаджаецца, што самастойна прабіцца ў візавыя цэнтры немагчыма, свабодныя даты «злавіць» не атрымліваецца падчас электроннай рэгістрацыі. Ёй з дзецьмі патрэбная была гуманітарная польская віза.

«Таму мы звярнуліся да пасярэднікаў, у іх ёсць свае айцішнікі. Спачатку цана была 450 рублёў. Але калі падача гуманітарных віз засталася толькі ў Пінску, Брэсце і Баранавічах, цана вырасла да 500 даляраў. За гэтую цану запісалі мяне і дзяцей. Усіх на розныя даты, у розныя месцы. Таму я яшчэ тыдзень каталася па Брэсцкай вобласці, каб падаць дакументы», — расказвае пра цяжкасці беларуска.

Студэнцкую візу ў Нямеччыну аформіла за 2 тыдні без пасярэднікаў

Дзіяна сёлета атрымала студэнцкую візу ў Нямеччыну. Працэс заняў два тыдні. Паслугамі пасярэднікаў не карысталася.

«Я ведаю чалавека, у якога рэгістрацыя на візу заняла адзін тыдзень. Але кажуць, што нам пашанцавала, бо людзі па два месяцы, бывае, чакаюць», — расказвае дзяўчына.

На думку суразмоўцы, працэдура даволі цяжкая, бо трэба было сабраць шмат дакументаў з засведчаным перакладам на нямецкую мову і апастылем. За апрацоўку дакументаў яна як непаўналетняя заплаціла 37,5 еўра. Дарослыя аддаюць 50—70 еўра.

Непаўналетнім для візы патрэбны атэстат, копія пашпарта, запоўненая анкета, пісьмовая згода бацькоў на выезд, пасведчанне аб нараджэнні, запрашэнне ад нямецкай вучэльні.

Дзяўчына сутыкнулася з праблемай з-за таго, што бацькі ўзялі шлюб ужо пасля яе нараджэння, таму ў пасведчанні аб нараджэнні ў маці было дзявочае прозвішча, а ў згодзе на выезд ужо шлюбнае.

«Патрабавалі або мяняць пасведчанне, нанова яго перакладаць, ставіць апастыль. Карацей кажучы, зноў траціць грошы і маральныя сілы. Або рабіць тое ж самае з пасведчаннем аб шлюбе як доказ таго, што маці мяняла прозвішча», — апісвае Дзіяна.

Рэшта афармлення прайшла без асаблівых клопатаў, гаворыць дзяўчына.

«Праверылі дакументы, папрасілі пісьмова адказаць на некалькі пытанняў на нямецкай мове: чаму я хачу вучыцца ў Нямеччыне, якія планы на будучыню. Кажуць, што не варта пісаць, што збіраешся пасля навучання заставацца там», — каментуе беларуска.

Каб аформіць візу ў Нямеччыну, даты «злавілі» самі

Яшчэ адна беларуска Ірына расказала, што атрымала двухгадовую нямецкую мультывізу дзякуючы запрашэнню сястры, якая жыве ў Нямеччыне. Віза называецца «для наведвання родных і сяброў». Раней нямецкіх візаў у яе не было.

Лізавета таксама рабіла нямецкую візу для сябе і сына. Да пасярэднікаў не звярталася. Працэдура заняла больш за 2 месяцы.

«Сама «злавіла» даты ў жніўні. У канцы кастрычніка падаліся, праз тыдзень атрымалі шэнген», — расказала яна.

Візы ў Італію афармлялі праз турагенцтва за 950 рублёў на дваіх

Ілона і Юзаф сабраліся ў Італію. Афармлялі турыстычную пуцёўку праз агенцтва. Працэдура заняла каля трох месяцаў. Заплацілі каля 380 даляраў.

«Мы пачыналі працэс у пачатку жніўня. У візавы цэнтр Італіі запісаліся на сярэдзіну кастрычніка. Даплацілі за тэрміновасць 50 рублёў, і на пару тыдняў хутчэй атрымалася запісацца. Па выніку візу далі з пачатку лістапада», — апісвае працэс Ілона.

Пара за дзве візы заплаціла 700 рублёў турагенцтву і 250 рублёў візаваму цэнтру. Візы атрымалі на час свайго адпачынку — усяго на 16 дзён.

Беларус зрабіў польскую візу, не выязджаючы з Расіі, праз турагентаў

Аляксандр расказаў сваю гісторыю. Ён грамадзянін Беларусі, мінчук. Аднак 15 гадоў жыў у Расіі, меў там часовы від на жыхарства. Пасля 2020 года ў Беларусь не прыязджаў.

Нядаўна яму спатрэбілася зрабіць працоўную візу ў Польшчу, аднак ехаць дзеля гэтага ў Беларусь Аляксандр не хацеў.

«На ўсю РФ працуе нешта каля 10 чалавек у польскіх консульствах у 3—4 месцах. Візы не выдаюць зусім, акрамя асабістых выклікаў. Спачатку спрабаваў грукацца па ўсіх краінах Еўропы, Блізкага Усходу, Афрыкі — ад умоўнай Албаніі да ўмоўнага Азербайджана. Аднак ва ўсіх гэтых краінах патрабуецца часовы від на жыхарства для іншаземца, каб атрымаць польскую візу», — расказвае суразмоўца.

Ён стаў шукаць спосаб падацца на візу праз пасярэднікаў, без асабістай прысутнасці ў Беларусі.

«На маё шчасце, такая схема існуе, калі тураператары імітуюць асабістую падачу праз кур’ера. Вярталі пашпарт таксама праз кур’ера, а потым дасылалі пашпарт у Маскву», — дзеліцца Аляксандр.

Працэс заняў каля 3 тыдняў і каштаваў каля 800 беларускіх рублёў.

«Гэта былі вельмі цікавыя адчуванні: знаходзіцца ў Маскве без пашпарта, калі там адбываецца мабілізацыя ў актыўнай фазе і хапаюць іншаземцаў, нават з іншых краін СНД», — падсумоўвае суразмоўца.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
ст.м.Измайловская/адказаць/
27.11.2022
Наконт апошняй гісторыі: дзіўна, што беларус захацеў пабыць у Маскве, калі яна вядзе дзікую вайну і лёгка дэпартуе беларусаў у "астравок стабільнасці".
0
счётчик Гейгера/адказаць/
29.11.2022
а вот если бы "повесить" всех этих посредников? Неплохо было бы ? ЦО ?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера