Сакратара ліквідаванага Свабоднага прафсаюза металістаў асудзілі да «хатняй хіміі»
Суд Першамайскага раёна Мінска 25 лістапада вынес прысуд палітзняволенаму прафсаюзнаму актывісту Міхаілу Громаву, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак), піша «Вясна».
Міхаіл Громаў — былы намеснік старшыні прафсаюза РЭП, затым сакратар Свабоднага прафсаюза металістаў, які быў ліквідаваны ўладамі Беларусі сёлета ў ліпені. Быў затрыманы 19 красавіка 2022 года разам з многімі актывістамі незалежных прафсаюзаў.
У сярэдзіне траўня 2022-га Міхаіла перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА-1 на Валадарскага.
Суд, які доўжыўся з 3 лістапада, прызнаў Громава вінаватым і вынес пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў («хатняя хімія»).