Знайсці
28.11.2022 / 11:5611РусŁacБел

«Раней я прыязджала, сустракалася з сябрамі. Цяпер там нікога няма». Беларусы распавялі, як адмовіліся ад грамадзянства РБ

Беларусы, якія атрымалі грамадзянства ФРГ у 2022 годзе, расказалі, ці складана гэта было зрабіць і што яны адчувалі, аддаючы пашпарт грамадзяніна Беларусі.

 

Кожны год грамадзянства Германіі атрымліваюць каля 120 тысяч замежнікаў, якія жывуць у краіне. Некалькі сотняў з іх — беларусы: напрыклад, у 2016 годзе нямецкі пашпарт атрымалі 411 чалавек, у 2021-м — 385. Магчыма, колькасць за 2022-ты будзе вышэйшай за сярэдні (даных за гэты год яшчэ няма): многія вырашыліся на змену грамадзянства пасля пратэстаў 2020-га і рэпрэсій, якія рушылі за імі, а на афармленне дакументаў, уключаючы абавязковы выхад з беларускага грамадзянства, сыходзіць больш за год. DW паразмаўляла з беларусамі, якія сталі грамадзянамі ФРГ сёлета, пра тое, чаму яны гэта зрабілі і што адчувалі, калі расставаліся з сінім пашпартам РБ.

Дарʼя Дзергачова, 39 гадоў, перакладчыца, жыве ў Кёльне

Я прыехала ў Нямеччыну ў 18 гадоў з усёй сямʼёй.

Штуршком да змены пашпарта для мяне стала гісторыя Наталлі Хершэ, у якой было падвойнае грамадзянства, і яе пасадзілі ў турму ў Беларусі. Усе астатнія (беларусы з пашпартамі іншых краін, затрыманыя за ўдзел у пратэстах. — Рэд. ), хто не меў падвойнага грамадзянства, былі дэпартаваныя. Я не хаваю сваіх пазіцый наконт улады Беларусі, таму, калі мне давядзецца туды паехаць — а ў мяне там сябры і сваякі, — то мне больш падабаецца варыянт, што мяне дэпартуюць, чым пасадзяць.

Дар'я Дзергачова

Змяняць грамадзянства было, мякка кажучы, не вельмі радасна, улічваючы абставіны, з-за якіх я вырашыла гэта зрабіць. Калі я аддавала беларускі пашпарт — яго трэба было пакласці ў такую скрыню для дакументаў у пасольстве, і ён «зʼяжджаў» — гэта было вельмі балюча. У нейкай ступені нас такім чынам пазбаўляюць радзімы, і гэта цяжка для любога чалавека, які эмацыйна звязаны са сваёй краінай, дзе б ён ні жыў. Я тут, у Нямеччыне, дома, але Менск — гэта нешта роднае, асаблівае і заўсёды ім застанецца.

Я застануся беларускай, нягледзячы на тое, што ў мяне зараз нямецкі пашпарт. Маё паходжанне — гэта зборная салянка, у мяне 4-5 нацыянальнасцяў у крыві. Але з-за таго, што я нарадзілася і вырасла ў гэтай краіне, сфарміравалася, пачала развівацца, для мяне Беларусь назаўжды застанецца домам. Гэта радзіма, і нікуды ты ад яе не падзенешся.

Калі не будзе вострай неабходнасці, я пакуль не хачу ехаць у Беларусь. З-за страху, што там са мной можа нешта адбыцца, і ўлічваючы палітычную сітуацыю. Я даўно дружная з Машай Калеснікавай, і яе гісторыя мяне вельмі ўдарыла ў свой час, матывавала спрабаваць хоць неяк паўплываць на сітуацыю адсюль. Я вельмі паважаю яе рашэнне, але сама я не гатова сесці ў турму.

Мне пашанцавала, што выхад з беларускага грамадзянства прайшоў дастаткова беспраблемна. Калі трэба было першы раз прыйсці ў пасольства, я ўзяла з сабой свайго сябра-юрыста, сказала яму: калі я зараз адсюль не выйду, калі ласка, тэлефануй туды і туды.

Не факт, што нешта адбудзецца, усё-такі я зыходзіла з таго, што на тэрыторыі Нямеччыны ніхто не вырашыцца на такога роду ўчынкі, але само адчуванне, што пра гэта трэба думаць, — проста жахліва. Я вельмі спадзяюся, што настане дзень, калі нікому з беларусаў не давядзецца прыходзіць у амбасаду сваёй краіны з такім пачуццём.

Вадзім Навумчык, 38 гадоў, праграміст, жыве ў Берліне

Я прыехаў у Нямеччыну ў 2011 годзе на вучобу — вывучаў інфарматыку ў Лейпцыгу. Жаданне атрымаць нямецкае грамадзянства ў мяне было першапачаткова — каб поўнасцю быць у еўрапейскім прававым полі, карыстацца магчымасцямі, якія ёсць у грамадзян ЕС. Без грамадзянства нельга пакідаць Нямеччыну больш чым на 6 месяцаў, а з грамадзянствам можна выехаць працаваць куды-небудзь, па-іншаму планаваць жыццё.

Вадзім Навумчык

Паскорыла маё рашэнне вайна ва Украіне і незразумелы ўдзел ці няўдзел у ёй Беларусі. Не было зразумела, што будзе патрабавацца ад грамадзян Беларусі, будзе прызыў — не будзе прызыву. І, знаходзячыся там, хацелася, вядома, мець абарону еўрапейскай краіны.

Так, можа здарыцца, што замежнікам забароняць уезд, і маё грамадзянства абернецца хутчэй недахопам, чым каштоўнасцю. Але мае бацькі там, і, наведваючы іх, хацелася б адчуваць сябе ў бяспецы.

Самым цяжкім было сабраць усе дакументы. Незадоўга да грамадзянства я атрымліваў дазвол на пастаяннае знаходжанне — спіс быў даўжэйшы, чым на грамадзянства, так што многія дакументы ў мяне ўжо былі сабраны. Некаторым для выхаду з грамадзянства трэба ехаць на радзіму, там атрымліваць афіцыйны статус пражываючага за мяжой. Нам, беларусам, можна ўсё зрабіць праз пасольства — запытаць пашпарт серыі PP і, ужо маючы яго на руках, адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Усё гэта заняло ў мяне крыху больш за год.

Я не магу сказаць, што гэта была чыстая радасць — тыпу ўсё, да пабачэння. Але больш моцныя эмоцыі ў мяне былі, калі я вырашыў падправіць напісанне свайго імя, каб яно больш адпавядала нямецкім правілам. Вось там я аддаў бы большую частку сябе, чым пры адмове ад грамадзянства.

Маё імя пісалася лацінкай паводле транслітарацыі з беларускай на ангельскую. І зыходзячы з гэтага, у прозвішчы Навумчык — там, дзе ў беларускім «ы» — нямецкая «y». Я выправіў яе на «i», таму што для немцаў «ы» — гэта наогул незразумелы гук. З імя Vadzim я прыбраў «z», таму што ў нямецкім вымаўленні гэта ўсё роўна ледзь-ледзь прыкметна. Гэта было эмацыйна складана. Я распытваў сяброў, ці зрабілі б яны такое. І некаторыя казалі, што напісанне імя кажа пра тое, адкуль ты родам, гэта нагода расказаць гісторыю свайго імя. Але мне практычнасць была важнейшая, чым рамантычныя бакі гэтага працэсу.

Як толькі я атрымаў пашпарт, я падаў на беларускую візу. Праблем з гэтым ніякіх не было. Цікава, што ў ёй усё напісана па-беларуску, так што на міжнародным узроўні мы выглядаем больш беларускімі, чым унутры краіны. Я думаю, гэта зроблена, каб віза адрознівалася ад расейскай. Вядома, крыху дзіўна ехаць у Беларусь з візай. Цяпер у мяне ўсё навыварат.

Вольга Баўэр, 33 гады, праект-менеджар у IT, жыве ў Брэмене

У Нямеччыне я каля 11 гадоў, пераехала па працоўным кантракце — мае партнёры-кліенты запрасілі мяне на працу да іх у Брэмен.

Вольга Баўэр

Раней, калі я часцей ездзіла дадому ў Беларусь, мне было зручней са сваім нацыянальным грамадзянствам. Але потым у мяне зʼявілася дзіця, і мы пачалі больш падарожнічаць па іншых краінах, што якраз праблематычна з беларускім пашпартам. Потым я спрабавала знайсці новую працу, і адным з патрабаванняў было нямецкае грамадзянства. Такое бывае ў пэўных стратэгічных кампаніях, якія займаюцца, напрыклад, вайсковай тэхнікай.

Увогуле, з часам у мяне было ўсё менш прычын пакідаць беларускі пашпарт, бо тут маё жыццё, тут я адчуваю сябе дома. А пасля пачатку вайны я падумала, што гэта было суперкласнае рашэнне. Раптам нешта здарыцца, і ты ў Германіі — з краіны, якая афіцыйна ўдзельнічае ў ваенным канфлікце.

Самым складаным у змене пашпарта было не атрымаць «акей» з нямецкага боку, а адмовіцца ад беларускага грамадзянства.

Гэта вельмі дорага, бюракратычна, энергазатратна. Гэта было непрыемна, і на гэта спатрэбілася вельмі шмат грошай. Трэба было пісаць ліст на імя Лукашэнкі — гэта быў вельмі дзіўны момант, нейкі сюррэалістычны. Пасля нават прыйшоў адказ, але не асабіста ад яго — ён быў падпісаны нейкім міністрам. Мабыць, не зрабіў ласку сам — часу не было.

А далей усё адбывалася па пошце — што атрыманне нямецкага грамадзянства, што адмова ад беларускага. Звычайная бюракратычная працэдура, якая не ўзбудзіла ўва мне нейкіх эмоцый.

Мне падаецца, чым даўжэй ты жывеш за мяжой, тым больш ты губляеш сваю ідэнтычнасць. Калі паглядзець на мяне 10-11 гадоў таму і зараз — гэта два розныя чалавекі. Цяпер ува мне больш нямецкай логікі, тыпу мыслення. Ты разумееш, што становішся іншым чалавекам, пры гэтым не можаш на 100 працэнтаў аднесці сябе да немцаў. Але і да беларусаў ужо таксама не — цяжка думаць і жыць так, як ты рабіў 10-11 гадоў таму.

Апошні раз я была ў Беларусі год таму, і пакуль у мяне няма магчымасці паехаць на радзіму. Але, зразумела, я вельмі гэтага хачу, хачу, каб у майго сына была магчымасць туды прыехаць. Але я не бачу нармальных шляхоў даехаць туды з маленькім дзіцем і быць упэўненым, што можна будзе вярнуцца, цябе не затрымаюць, а на мяжы не зададуць лішніх пытанняў.

На жаль, зараз маё галоўнае пачуццё да Беларусі — гэта шкадаванне. Мне вельмі шкада, вельмі шкада. Калі я раней прыязджала туды, мне гэта прыносіла больш радасці, задавальнення, я сустракалася з сябрамі. Цяпер там нікога няма. Беларусь пусцее, да яе ставяцца як да краіны трэцяга свету, хаця калі ты там жывеш і ведаеш людзей, то разумееш, што гэта няправільна.

Калі я там, у мяне адчуванне, як быццам у Мінску нейкая дэпрэсія, гэта адбіваецца на атмасферы горада, на людзях — у краіне няма будучыні. І гэта вельмі для мяне сумна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
35
Панылы сорам
8
Ха-ха
10
Ого
4
Сумна
63
Абуральна
37
28.11.2022
Першая гісторыя лагічная і глыбокая, а дзве наступныя пра звычайных маладзёнаў прыстасаванцаў.
0
LeonKo /адказаць/
29.11.2022
Хрень полная, уж с Германии автобусное сообщение налажено. И на достаточно высоком уровне. Месяц назад знакомый ездил с запада Германии до Минска. Проблем по его словам не было абсолютно никаких.
1
Woodoo Cult /адказаць/
29.11.2022
даведка, ахаха! Круговорот лайна в природе! Сначала латушка, потом рыженков.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930