Знайсці
28.11.2022 / 13:42

Водзіць машыну, майструе па дрэве і запускае дрон. Як інвалід-вазочнік уладкаваў сваё жыццё ў вёсцы пад Слуцкам

Андрэй Дамарад у 16 гадоў зваліўся з даху і не змог хадзіць з-за траўмы. Нягледзячы на інваліднасць, жыхар Слуцка вядзе актыўны лад жыцця — водзіць мікрааўтобус, майструе і выразае з дрэва, здымае наваколле з дапамогай дрона. Андрэй распавёў kurjer.info, як уладкоўвае свой побыт у вёсцы, знаходзіць новыя заняткі і захапленні.

Цяпер Андрэю 41 год. Ён нарадзіўся ў вёсцы Вясея, да пятага класа жыў там. Потым сям'я пераехала ў Слуцк, жылі ў мікрараёне «Цукровы». У 16 гадоў Андрэй, падаючы з даху, няўдала прызямліўся і атрымаў траўму пазваночніка.

«Пасля траўмы пачалося іншае жыццё — у вазку, — кажа мужчына. — Калі не стала мамы, захацелася з'ехаць жыць у вёску. Заставацца ў «шпакоўні» ўжо не было сіл. Пяць гадоў таму перабраўся ў Вясею.

Ужо пасля пераезду ў вёску пачаліся праблемы з суставамі, мне давялося ампутаваць ногі. Пасля аперацыі яшчэ ні разу не клаўся ў бальніцу, а да яе даводзілася рэгулярна шпіталізавацца.

Цяпер у вёсцы ўладкоўваю ўсё пад сябе. Тут цішыня і зручней. Дзверы адчыніў — і ты ўжо на вуліцы, а ў кватэры — ліфт, лесвіца, высокія і нязручныя пандусы. Калі рукі слабыя, то і не заедзеш. Тут магу нават з'ездзіць у лес на маленькай «Ацэ», пазбіраць грыбы на ўскраіне. У Вясею прыязджаюць у госці сябры.

Як вучыўся кіраваць машынай

У 17 гадоў бацькі купілі мне машыну. Адвучыўся ў аўташколе ў Вілейцы, там была група для людзей з інваліднасцю. Атрымаў пасведчанне кіроўцы. Летась дадаў сабе яшчэ адну катэгорыю — магу кіраваць электрамабілем.

З 17 гадоў у мяне было машын пяць. Цяпер у мяне мікрааўтобус. Я сам пераабсталяваў яго пад ручное кіраванне. Прынцып — як у матацыкле. Адной рукой выціскаеш счапленне, тармозіш, газуеш. Гэта вельмі зручна.

Мне ўсё цікава, напрыклад, зварка. Неяк у мяне была старэнькая Mazda. Разабралі яе, перафарбавалі ў аранжавы. Ездзіў па Слуцку з музыкай.

Хачу са свайго буса зрабіць аўтадом, каб можна было ўзяць з сабой ежы і з'ехаць на пару дзён у падарожжа. Хацелася б адправіцца на Нарач, таму што ў школе хадзілі туды ў паход.

Як уладкаваў побыт у вёсцы

У доме я жыву адзін. У горадзе бываю часта, але ў крамы сам не хаджу, ды і ў вёсцы не абсталявана для вазочнікаў. З прадуктамі і іншым неабходным альбо дапамагаюць сябры, альбо сястра — тэлефануе, пытаецца, што трэба купіць, прывозіць. Яшчэ заўсёды гатовы выручыць сусед — заехаць у машыну і выехаць, ды і па іншых пытаннях.

Гатую сабе сам, у асноўным у мультыварцы. Гляджу рэцэпты ў інтэрнэце. Адмовіўся ад газу. У доме ўсё на электрычнасці, як і ацяпленне, — дзядзька зрабіў цёплыя падлогі. Калі ў вёсцы адключаюць электрычнасць, то гэта ўжо праблема. Але тапіць печ фізічна не атрымліваецца. А каб правесці ў дом газ, толькі за праект трэба заплаціць 1500 рублёў.

Сястра займаецца пасадкамі, агародам. Хацеў зрабіць сабе крытую тэрасу, але пакуль на гэта няма грошай.

Як захапіўся разьбой па дрэве і сталярствам

У школе ў мяне быў настаўнік па працы Аляксандр Фёдаравіч. Па сумяшчальніцтве працаваў на турбазе, вадзіў нас у паходы. Калі я апынуўся ў вазку, хтосьці распавёў яму пра гэта, і Аляксандр Фёдаравіч прывёз мне дадому разцы і кнігі, каб я вучыўся разьбе. Паволі, лежачы ў ложку, пачаў асвойваць гэтае рамяство.

Потым мне больш спадабалася рабіць мэблю. Асвоіў нават кухонныя сталы і табурэткі. Потым пачаліся праблемы са здароўем, і закінуў працу з дрэвам.

Калі стаў адчуваць сябе лепш, зноў заняўся сталярнай справай. Зараз я абсталёўваю майстэрню ў гаражы побач з домам. Трэба прывесці да ладу такарны станок, паставіць рассоўныя сталы, каб выпілоўваць буйныя рэчы. Цяпер раблю лыжкі, шкатулкі, курыльныя люлькі.

Калі саджуся майстраваць, забываю пра ўсё — здаецца, толькі пачаў, а ўжо 8 вечара. У планах зрабіць набор з дрэва: талеркі, сподкі, відэльцы, лыжкі і кубкі. Матэрыял знайсці не праблема, у гэтым дапамагаюць сябры, але ён павінен быць сухі. Калі дрэва не дасушыш, то выраб трэсне.

Хацеў бы здымаць відэа для сацыяльных сетак або YouTube пра тое, як майструю і працую з дрэвам, але патрэбны штатыў і іншае абсталяванне. Так што гэта ў планах.

Як з'явіўся дрон

Нагледзеўся відэа на YouTube, як людзі здымаюць дронам. Загарэўся — купіў сабе такі апарат. Мой дрон важыць 249 грамаў, так што дазволу на палёты не патрабуецца. Здымаю шмат, але манціраваць пакуль не атрымліваецца. Мала куды выязджаю, а ў адным і тым жа месцы лётаць нецікава. Сваю вёску наздымаў ужо з усіх ракурсаў.

Як не адчайвацца і знайсці сябе

Вялікую ролю адыгрывае падтрымка родных і сяброў. Бацькі ні разу не сказалі: «Ты не ходзіш. Навошта табе машына?». Наадварот, усё зрабілі, каб у мяне атрымалася. Сябры заўсёды падтрымлівалі. Цягнулі мяне на турнікі падцягвацца.

І ад самога чалавека шмат залежыць. Бывае, правальваюся ў стан: «Ай, надакучыла ўсё!». Але адчайвацца прасцей за ўсё: сказаць усім, што ты слабы, ляжыш, і вакол цябе ўсе павінны бегаць. Я, напэўна, таму і з'ехаў жыць у вёску, каб быць самастойным. І абавязкова трэба знайсці сабе занятак. Я таксама не адразу прыйшоў да такарнага станка, шмат разоў вылятала даўбешка ў лоб. Галоўнае — не адчайвацца, ставіць мэту і ісці наперад».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2022 2023 2024
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28