Знайсці
29.11.2022 / 15:23РусŁacБел

Геймдэў-гігант Playrix сышоў. І цяпер студыя належыць беларусу

Кіпрская «Рым'ют Холдынгс Лімітэд», якая з'яўляецца ўласнікам Playrix, перадала беларускі актыў — «Плэйрыкс Бі Уай». Сума ўгоды невядомая. Новым уласнікам кампаніі стаў грамадзянін Беларусі Уладзімір Акімаў, піша Dev.by.

Аб намерах канчаткова сысці з Беларусі і Расіі яшчэ ў кастрычніку (верагодна, у сувязі з абвяшчэннем у Расіі мабілізацыі) заявілі заснавальнікі Playrix Ігар і Дзмітрый Бухманы.

Беларуская «Плэйрыкс Бі Уай» змяніла назву на «Брыг Студыё». Статутны фонд новай кампаніі на бягучы момант складае 3,4 мільёна рублёў або каля 1,4 мільёна даляраў.

Уладзімір Акімаў з'яўляецца адзіным уласнікам кампаніі, яму належыць 100% долі. У LinkedIn вывучылі профілі людзей з такім жа імем і прозвішчам. Гаворка можа ісці пра CEO і заснавальніка іншай мінскай студыі (рэзідэнта ПВТ), якая стварае Full CG ролікі, а таксама займаецца распрацоўкай мабільных гульняў на Unity. Аднак прадстаўнікі кампаній не адказалі на запыт аб каментары.

Playrix зарэгістравала кампанію ў Беларусі ў снежні 2018 года. У 2019 годзе кампанія ўступіла ў ПВТ і інвеставала ў капітал беларускай студыі Vizor Games. У мінскім офісе ў пачатку 2022 года працавалі каля 100 чалавек.

Вясной-летам у мінскім офісе Playrix прайшлі звальненні. Кампанія заявіла, што гэта звычайныя працоўныя працэсы, гаворка пра закрыццё офіса не ідзе. Але ўжо восенню заснавальнікі заявілі, што Playrix сыходзіць з Беларусі і Расіі. Кампанія закрые ўсе свае офісы, а таксама спыніць аперацыйную дзейнасць у гэтых краінах.

Playriх заснавана ў 2004 у расійскай Волагдзе. Галаўны офіс размешчаны ў Дубліне. У студзені 2019 года 100% Playrix перайшлі да кіпрскай «Рым'ют Холдынгс Лімітэд». У верасні 2020 года кампанія ацэньвалася ў $7,8 млрд.

У Playrix каля 4000 супрацоўнікаў. Штодзённая аўдыторыя праектаў — больш за 30 мільёнаў чалавек. Гадавая выручка — $2,7 млрд. Playrix уваходзіць у топ-5 найбуйнейшых паблішараў у свеце.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера