Чыгунка: З-за непагадзі на выхадных спазніліся 49 цягнікоў
Паводле звестак Беларускай чыгункі, моцныя снегапады на выхадных прывялі да падзення дрэў на аб'екты інфраструктуры. Гэта стала прычынай адключэння электразабеспячэння на асобных участках БЧ і затрымкі цягнікоў да трох гадзін, асабліва ў Магілёўскай вобласці.
Фота ілюстрацыйнае
Усяго, паводле чыгуначнікаў, зафіксавана падзенне больш за 1300 дрэў. Агульная працягласць участкаў, на якіх былі адзначаныя збоі ў электразабеспячэнні і працы сродкаў сігналізацыі і сувязі, склала 210 км.
Пры гэтым на выхадных на ўчастках Магілёў — Крычаў, Крычаў — Бялынкавічы, Крычаў — Орша 49 пасажырскіх цягнікоў рухаліся з адхіленнем ад устаноўленага графіка руху. Затрымка складала ад 7 хвілін да 2 гадзін 54 хвілін.
29 лістапада таксама назіраюцца затрымкі ў руху цягнікоў на некаторых участках да 10 хвілін, падкрэслілі ў БЧ.





