Знайсці
30.11.2022 / 10:39 1

«Мэтай было не забіць, а зламаць маральна». Яшчэ адзін былы вязень шклоўскай калоніі расказаў сваю версію смерці Вітольда Ашурка

Пасля публікацыі ўспамінаў Віктара Пархімчыка пра свае ўражанні ад шклоўскай калоніі расказаў яшчэ адзін былы палітвязень Сяргей (імя змененае), піша «Радыё Свабода».

«Вітольд адкрыта называў адміністрацыю здраднікамі і ворагамі»

Сяргей расказвае, што трапіў у калонію як фігурант крымінальнай палітычнай справы. Яму прысудзілі два гады пазбаўлення волі, тэрмін адбываў у Шклове. У той самай калоніі, дзе ў маі 2021 года загінуў Вітольд Ашурак.

«У шклоўскую калонію я трапіў улетку 2021 года. Пасля гібелі Вітольда адміністрацыя спужалася, пэўны час там перасталі біць вязняў. Пры мне гэта былі адзінкавыя выпадкі. Да таго, як я трапіў у калонію, як расказвалі вязні, было горш. Мне гаварылі: «Табе пашанцавала. Яшчэ паўтара месяца таму нас жорстка білі тут».

Са слоў былога палітвязня, у шклоўскай калоніі ён сам не раз трапляў у штрафны ізалятар.

«Немагчыма там самому сабе нанесці пашкоджанні, як сцвярджала адміністрацыя калоніі пасля гібелі Вітольда (паводле афіцыйнай версіі, Вітоль Ашурак памёр у выніку сардэчнай недастатковасці, пашкоджанні на яго целе адміністрацыя тлумачыла побытавымі прычынамі і самастойнымі дзеяннямі вязня. — РС). Як было на відэа, дзе ён ходзіць па камеры і потым падае і б’ецца галавой. Па-першае, у ШЫЗА ты сядзіш пад камерамі назірання ўвесь час. Па-другое, кожныя 5—10 хвілін да цябе зазірае ахоўнік. Вязні, з якімі я перасякаўся, кажуць, што Вітольда білі. Бо ён, бадай, адзіны быў у калоніі, хто мог адкрыта выказваць свае думкі і сваё стаўленне да адміністрацыі. Ён называў іх адкрыта «здраднікамі і ворагамі», — кажа былы зняволены.

Суразмоўца сцвярджае, што людзей у калоніі могуць біць без выразнай прычыны.

«Вітольда білі за ягоны характар і выказванні, — перакананы былы палітвязень. — На яго ціснулі і маральна, і фізічна. Бо ён быў небяспечны для адміністрацыі. Менавіта праз тое, што адкрыта выказваў свае думкі і такім чынам «падрываў аўтарытэт адміністрацыі калоніі».

Суразмоўца тлумачыць, што асаблівасці стаўлення адміністрацыі да зняволеных у Шклове могуць быць выкліканыя жаданнем падпарадкаваць іх. Як кажа былы палітвязень, да 2017 года шклоўская калонія была «чорнай». На мове субкультуры зняволеных гэта значыць, што там панавалі парадкі, вызначаныя самімі зняволенымі. Як узгадвалі ў размове з Сяргеем «старажылы», у шклоўскай калоніі да 2017 года можна было набыць наркотыкі, алкаголь, нажы і заточкі. Адміністрацыя доўга змагалася з гэтым і ў выніку перамагла — «зона» стала «чырвонай» (цалкам падпарадкаванай адміністрацыі. — РС). Не жадаючы дапускаць старых парадкаў, адміністрацыя жорстка абыходзіцца з любымі праявамі непадпарадкавання. Са слоў суразмоўцы, ён не думае, што гібель Вітольда Ашурка была мэтанакіраваным забойствам.

«Яны не разлічылі, што арганізм не вытрымае і чалавек проста памрэ. Мэта была зламаць яго маральна», — перакананы Сяргей.

Калі ён трапіў у Шклоў, то размовы пра смерць Вітольда маглі быць небяспечнымі для вязняў.

«Мне гаварылі, што не варта пра гэта нават размаўляць ці пытацца, бо нешта з табой можа здарыцца», — кажа былы зняволены.

«Не дзіва, што Вітольд выглядаў знясіленым»

Блізкія і сябры Вітольда зазначалі ў размовах з журналістамі, што на відэа з калоніі, дзе палітвязень пáдае ў камеры ШЫЗА, відаць, які худы і знясілены.

«Гэта не дзіва. Адзін знаёмы зняволены за два тыдні страціў 20 кілаграмаў вагі. Актыўных адміністрацыя ставіць на самую цяжкую працу, на начныя змены. Вось пацягае чалавек ноччу бярвенні, потым не выспіцца днём. Калі «палітычны» — то ён пазбаўлены перадач як «злосны парушальнік». Харчаванне на зоне ніякае. Мала спіш, мала ясі, шмат і цяжка працуеш — вось чалавек і знясілены. Пакачаеш начамі бярвенне, то, вядома, будзеш сухі як трэска», — кажа Сяргей.

Ён апавядае, што раней, пасля выступу Лукашэнкі ў 2015 годзе, невыносныя ўмовы адбыцця пакарання стварылі для «наркаманаў» — тых, хто адбываў пакаранне паводле артыкула 328. У 2015 годзе Лукашэнка загадаў стварыць для іх такія ўмовы, «каб яны смерці прасілі».

«Менавіта тады ў калоніях з'явілася новая «праца» для вязняў — ачышчаць кабелі, здабываць медзь і алюміній. Праца вельмі цяжкая. Плацілі за яе капейкі. Потым, пасля дзеянняў кампаніі «Маці 328», да «наркаманаў» сталі ставіцца трохі лепш. Але выпрацаваную методыку — «каб яны смерці прасілі» — пачалі ўжываць у 2020 годзе да «палітычных»», — кажа былы палітвязень.

Паводле яго, першымі пасля падзеяў 2020 года ў шклоўскую зону «заехалі» дзевяць «палітычных», у тым ліку і Вітольд Ашурак.

«Іх максімальна хутка зрабілі «злоснымі парушальнікамі», пазбавілі спатканняў, перадачаў. Стаць «злосным парушальнікам» там надзвычай лёгка. На цябе прыйшоў загад «зверху» і цябе робяць парушальнікам. Я сам быў сведкам, калі на праверцы да аднаго з вязняў прычапіўся канвойны: «Чаму вы не паголены?» А ён толькі што, пры мне галіўся. Той кажа: «Я паголены». Але канвойны сваё: «Якая прычына таго, што вы не паголены?» Тут жа рапарт (засведчанне парушэння. — РС)», — кажа былы вязень.

«Звычайнага крымінальніка пабілі жорстка толькі за тое, што ён размаўляў з «палітычнымі»

Рычагоў уплыву на вязняў у адміністрацыі калоніі шмат, сцвярджае суразмоўца. Гэта пазбаўленне перадачаў, спатканняў, «атаваркі» (магчымасці набываць прадукты на тэрыторыі калоніі. — РС), ШЫЗА.

«Яшчэ могуць на загад адміністрацыі «заганяць у гарэм» — значыць, пераводзіць у статус «апушчаных», людзей з «нізкім сацыяльным статусам». Гэта лёгка зрабіць з кожным. Напрыклад, звычайны зняволены не можа браць у рукі сметніцу, каб выносіць яе, ці падняць нешта з падлогі ў прыбіральні, нават калі ў цябе гэта выпала з кішэні. Чалавеку даюць сметніцу: «На, вынесі». Ён згаджаецца — і трапляе ў катэгорыю «апушчаных». Не згаджаецца — ідзе ў ШЫЗА. Пры мне жорстка катавалі звычайнага крымінальніка толькі за тое, што ён добра ставіўся да «палітычных» і размаўляў з імі. Намеснік начальніка па рэжыме і аператыўнай працы сам асабіста пабіў яго. Пасля яго кінулі ў ШЫЗА і папярэдзілі, каб больш ніякіх зносінаў з «палітычнымі»», — кажа Сяргей.

Ён дадаў, што намеснік начальніка па рэжыме і апэратыўнай працы быў аматарам біць зняволеных. Намеснік начальніка па ідэалогіі быў аматарам маральна ціснуць на іх.

«За табой сочаць не толькі аператыўнікі, але і пяць зэкаў, якія даносяць»

Сяргей кажа, што адміністрацыя зоны шмат увагі звяртае на словы, размовы сярод вязняў.

«Больш за ўсё яны баяцца размоваў, выказвання нейкіх ідэяў, калі ты даносіш нейкую інфармацыю, якая можа ўскалыхнуць свядомасць іншых. За табой назірае не толькі аператыўнік, але яшчэ і пяць зэкаў, якія даносяць. Я трапіў у ШЫЗА, мне начальнік аператыўнай працы перадаў менавіта тыя словы, якія я казаў у атрадзе. За дзве фразы я пайшоў у ШЫЗА», — кажа былы зняволены.

Калі «палітычнага» пазбавілі ўсяго — перадачаў, «атаваркі», спатканняў, то іншыя зэкі могуць яму дапамагчы, расказвае Сяргей. Падзяліцца яблыкамі ці цыгарэтамі.

«Але гэта будзе пакарана. Ведаю выпадак, калі аднаму «палітычнаму» перадалі яблык. Тут жа нехта данёс. І «палітычны», не звычайны зэк, панёс пакаранне за той яблык. Быў іншы выпадак. Адзін «палітычны» падзяліўся прадуктамі з зэкам. Канечне, быў пакараны «палітычны». Бо ў «Правілах унутранага распарадку» ёсць такі пункт, што нельга перадаваць іншаму сваю маёмасць. Хоць для звычайных зэкаў гэтае правіла не дзейнічае. Яны адміністрацыі не цікавыя, на іх заплюшчваюць вочы», — кажа Сяргей.

Стукачы, паводле Сяргея, маюць сваю зацікаўленасць у супрацы з адміністрацыяй і ціску на «палітычных».

«Ім могуць даць больш спатканняў, могуць змяніць рэжым на лягчэйшы. Таму яны і рупяцца так у сваёй справе», — дадаў былы «палітычны».

Чытайце таксама:

«З камеры, дзе сядзеў Вітольд, былі чуваць крыкі». Былы палітвязень расказаў падрабязнасці пра гібель Ашурка

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Слуп / адказаць
30.11.2022
Усiх iх знойдуць i ...... ...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2022 2023 2024
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28