Пяць урокаў для НАТА: Лонданскі RUSI прааналізаваў пачатковую фазу вайны
Лонданскі ваенна-даследчы інстытут RUSI апублікаваў справаздачу аб папярэдніх выніках і ўроках першай фазы расійска-ўкраінскай вайны (па ліпень 2022 года). Сааўтары справаздачы — экс-кіраўнік РНБА Украіны Аляксандр Данілюк і былы камандуючы дэсантна-штурмавымі войскамі Украіны Міхаіл Забродскі, яе пераказвае The Bell.
Украінскі салдат пазіруе на фоне падбітага расійскага танка Т-80. Фота: AP Photo/LIBKOS
Расія, па звестках інстытута, планавала, што актыўная фаза спецаперацыі ва Украіне будзе доўжыцца 10 дзён, а акупацыя з мэтай далейшай анексіі завершыцца да жніўня. Для гэтага планаваўся вокамгненны захоп Кіева з адпаведнай кампаніяй дэзынфармацыі па адцягненні сілаў УСУ ад сталіцы краіны.
У самым пачатку УС Расіі ўдалося стварыць 12-разовую перавагу ў жывой сіле і ўзбраенні на ключавых напрамках. Сакрэтнасць на аператыўным узроўні была дасягнутая, але аказалася празмернай, што вылілася ў непадрыхтаванасць на тактычным узроўні пры адсутнасці запасных планаў.
Адразу пасля таго, як УС Расіі загрузлі ў канфлікце, гэта дазволіла УСУ («за кошт стойкасці, а не рэсурсаў») пачаць дзеянні на выбіванне і знясіленне. Баяздольнасць УС Расіі ў цэлым выявілася значна ніжэйшай за большасць заходніх ацэнак, пры гэтым расійскія комплексы ўзбраенняў аказаліся ў асноўным эфектыўнымі.
Аўтары выдзелілі пяць кірункаў «працы над памылкамі» УС Расіі, уключаючы перагляд канцэпцыі батальённых тактычных груп (БТГ) і «культуры ашуканства» пры дакладах наверх. Галоўныя ваенныя высновы.
- У сучаснай вайне няма тылу, у тым ліку для сродкаў забеспячэння высокага ўзроўню (арсеналы, рамонтныя заводы). Паражэнне наносіцца на ўсю аператыўную глыбіню — у першыя 48 гадзін УС Расіі паразілі 75% ключавых стацыянарных ваенных цэляў. УСУ пазбеглі непапраўных страт толькі за кошт дэзынфармацыі і разгрупавання.
- У сучаснай вайне засталіся цалкам неабходнымі вялікія наяўныя запасы сродкаў паражэння і рэзервы магутнасцей для іх вытворчасці. Цяпер з краін НАТА імі валодаюць толькі ЗША.
- Беспілотнікі ператварыліся ў вырашальны фактар вайны і павінны быць штатнай зброяй на ўсіх узроўнях. Яны ў пераважнай большасці павінны быць таннымі і масавымі, паколькі ўзровень іх страт у аперацыі дасягае 90%. Праблема выяўлення і падаўлення варожых беспілотнікаў адэкватна ўсё яшчэ не вырашана.
- Высокадакладная зброя павінна прымяняцца эканомна і выбіральна, звычайныя ўзбраенні — забяспечваць «акно» для прымянення высокадакладных.
- Маскіроўка на полі бою ад сучаснага комплексу сродкаў разведкі і навядзення вельмі абцяжараная. Палявыя ўмацаванні не абараняюць ад сучасных сродкаў паражэння, асабліва высокадакладных. Практычна адзіным спосабам абароны засталося максімальнае разгрупаванне ў спалучэнні з мабільнасцю, якія дазваляюць аператыўна збіраць ударнае злучэнне толькі на перспектыўным участку і толькі на час удару.
Ваенная перамога Украіны магчымая пры адэкватнай падтрымцы Захаду, але будзе вельмі цяжкай, рэзюмуе RUSI.





