Белстат: Сярэдні беларус траціць на ежу амаль 40 працэнтаў заробку
Па даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, у Беларусі ў трэцім квартале 2022 года наяўныя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 1841,8 рубля ў месяц, у тым ліку ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 1923,5 рубля, у сельскіх населеных пунктах — 1579,6 рубля, паведамляе Белстат.
Грашовыя выдаткі ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 1750 рублёў у месяц, з якіх 1293,9 рубля (73,9%) прыпадае на спажывецкія выдаткі.
У структуры спажывецкіх выдаткаў хатніх гаспадарак доля расходаў на харчаванне склала 38,7%, на куплю нехарчовых тавараў — 34,9%, на аплату паслуг — 24%.
Калі верыць Белстату, то сітуацыя паляпшаецца, бо па выніках другога квартала бягучага года выдаткі на харчаванне ў месяц сярэднестатыстычнай беларускай сям'і складалі 41,2% ад спажывецкіх выдаткаў.