Знайсці
02.12.2022 / 12:12РусŁacБел

Жонка Бяляцкага пра рэакцыю мужа на Нобелеўскую прэмію: «Ён моцна ўражаны гэтай навіной»

Старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў СІЗА-1 ужо сямнаццаць месяцаў. Там жа праваабаронца дазнаўся, што стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Але на цырымонію ўручэння ён патрапіць не зможа — крымінальную справу супраць яго і іншых вясноўцаў накіравалі ў суд. У Беларусі нобелеўскаму лаўрэату пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення за праваабарончую дзейнасць. Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук распавяла «Вясне», як яна ўспрыняла навіну аб прэміі і як гэта ўспрыняў сам Алесь, падзялілася думкамі, ці паўплывае ўзнагарода на яго сітуацыю і як Алесь пачуваецца сёння.

«Не было ніякіх чаканняў» 

7 кастрычніка 2022 года стала вядома, што палітзняволены кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод» і расійская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру. Наталля кажа, што цяпер гэта было абсалютна нечакана, бо праваабаронцу вылучалі на прэмію ўжо пяць разоў:

«Гэта была ашаламляльная навіна, але пры ўсіх супярэчлівых пачуццях — прыемная і радасная. Цяпер, у адрозненне ад папярэдніх разоў вылучэння Алеся на прэмію ў ранейшыя гады, не было ніякіх чаканняў, бо пра ягонае намінаванне ніхто не ведаў і не гаварыў.

Калі пяпярэдні раз Алесь быў у зняволенні [2011-2014 гады], то да яго і іншых палітвязняў таго часу была пільная ўвага ў свеце, але цяпер такой увагі не адчувалася. Я тлумачыла гэта тым, што за кратамі цяпер утрымліваецца незлічоная колькасць людзей, і ўвагу трэба размяркоўваць паміж імі ўсімі. І гэтае зацішша сфарміравала ў мяне думку, што на Алеся наогул забыліся, а аб прэміі такога ўзроўню нават і думак не было. Мы цяпер жывём у змрочныя часы, у якіх людзі закінутыя ў турмы і мусяць выжываць, як могуць, таму і разлічваць на нешта большае не прыходзілася».

«Гэта ўзнагарода для тых беларусаў, якія маюць спадзяванні на свабоду і волю»

Наталля перакананая, што рашэнне Нобелеўскага камітэта стала падтрымкай для многіх беларусаў і беларусак, якія працягваюць барацьбу за свабоду:

«Я лічу, што гэта ўзнагарода для тых беларусаў, якія паказалі сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, якія маюць спадзяванні на свабоду і волю. Гэта прэмія — арыенцір для іх. Я думаю, што беларусы ўспрынялі гэтую навіну радасна і са спадзевамі».

«За адно-два «лішнія» словы ліст можа быць проста выкінуты цэнзарам у сметніцу»

Пасля навіны пра атрыманне прэміі за два месяцы з СІЗА-1 прыходзілі лісты ад Алеся, але сярод іх не было ніводнага, дзе ён неяк бы выказваўся аб прэміі:

«На спатканні бачна было, што для яго гэта таксама была вельмі нечаканая, але радасная навіна, і ён дагэтуль не можа прыйсці ў сябе. Ён моцна ўражаны гэтай навіной».

Падрабязнай інфармацыі пра тое, у якіх умовах утрымліваецца Алесь Бяляцкі, таксама няма. Напрыканцы жніўня праваабаронцам стала вядома, што старшыню праваабарончага цэнтра ўтрымліваюць у так званым «спецкалідоры» — паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі.

«Вядома толькі, што ён цяпер утрымліваецца там жа, дзе і раней. Больш нічога невядома. Наколькі я зразумела за гэты час, яму наогул забараняюць распавядаць пра ўмовы ўтрымання, пра тое, як ідзе следства, выказвацца пра сучасную палітычную сітуацыю і іншае. Ад іншых палітвязняў пра гэта часам можна даведацца. Яго ж лісты вычышчаныя ад усяго, бо ўмоўна, за адно-два «лішнія» словы ліст можа быць проста выкінуты цэнзарам у сметніцу. Але нават і пры гэтым не ўсе лісты выпускаюць на волю. Такое ўражанне, што проста выкідаюць ці цотныя, ці няцотныя».

«Умовы ўтрымання ў нашых турмах прыводзяць да пагаршэння здароўя ўсіх, хто там знаходзіцца»

Наталля адзначае, што Алесь выглядае спакойным, але ўсё роўна выклікае заклапочанасць і хваляванні за яго здароўе:

«Ён трымаецца, але, але ўсё роўна бачна, што здароўе пагаршаецца. Гэта вялікая праблема не толькі для Алеся, але і для ўсіх зняволеных. Даводзіцца канстатаваць, што ўмовы ўтрымання ў нашых турмах прыводзяць да пагаршэння здароўя ўсіх, хто там знаходзіцца. Ці выводзяць зняволеных на свежае паветра, ці адбываецца гэта рэгулярна, сказаць цяжка. Я толькі адзін раз за ўвесь час пра гэта прачытала ў ягоным лісце.

Алесь рэдка паказвае, што нешта адбываецца дрэннае. Таму яго расповед пра сябе даволі сціслы і не заўсёды канкрэтны. І мне любую інфармацыю даводзілася даставаць праз ускосныя пытанні да яго. Гэта было першае спатканне за паўтара года. Я рада была яго бачыць, мы радыя былі бачыць адно аднаго».

«Гэта павінна даваць надзею тым, хто ўтрымліваецца ў турмах» 

28 лістапада стала вядома, што Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча. Гэта стала вядома з прэс-рэліза Генеральнай пракуратуры. На жаль, такія прэс-рэлізы ёсць адзінай крыніцай інфармацыі пра ход «справы Вясны» для родных і калег зняволеных праваабаронцаў. Дата суда пакуль невядомая.

«Цяжка сказаць, ці будзе адкрыты, ці закрыты гэты суд. Бо сітуацыя непрадказальная, як паказвае досвед іншых палітвязняў».

Паводле Наталлі, калі прысуджэнне прэміі напрамую не зменіць сітуацыю Алеся Бяляцкага і іншых палітзняволеных праваабаронцаў, то яна будзе вялікай надзеяй і падтрымкай для ўсіх палітычных зняволеных Беларусі:

«Ці паўплывае нейкім чынам прысуджэнне прэміі на сітуацыю з Алесем, сказаць цяжка. Як бачыце, завяршэнне справы адбылося ўжо пасля ўсіх гэтых падзей. Улады даюць знак, што нічога не мяняецца. Спадзявацца на нешта станоўчае не прыходзіцца. Адзінае, што важна ў гэтай прэміі, што Беларусь гучыць. Гэтая прэмія — знак таго, што пра беларусаў не забыліся, і гэта істотна важна. Гэта павінна ў нейкай ступені даваць надзею тым, хто ўтрымліваецца ў турмах».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера