Знайсці
03.12.2022 / 09:391РусŁacБел

Дарыце каханне, аптымізм, надзею і веру ў цуд. Тры карысныя парады, як правільна выбраць падарунак

Мы гаворым Новы год і маем на ўвазе асаблівую атмасферу, пах ігліцы і мандарынаў і, вядома, падарункі. Пра што трэба памятаць, каб набытыя ці створаныя вамі рэчы па-сапраўднаму радавалі родных, калег і сяброў? Адказы дае «Звязда».

Станьце чараўніком

— Новы год — свята, якое не толькі для дзяцей, але і для дарослых заўсёды звязана з магіяй, чараўніцтвам, — пераканана псіхолаг Таццяна Шаранда. — Таму важна, каб самы просты падарунак змяшчаў нейкі сюрпрыз, каб ён быў незвычайна паднесены.

Адна дзяўчына распавяла мне, у якое захапленне прыйшоў яе хлопец, калі на Новы год яна ўручыла яму вялікі гелевы шар з яго партрэтам, а маму прымусіла нават праслязіцца звязанымі з воўны ёлачнымі рознакаляровымі шарамі. Здавалася б, гэтыя рэчы нядорага каштавалі, але пакарылі сваёй арыгінальнасцю, — у іх адбілася шчырасць і глыбіня пачуццяў, гатоўнасць памарнаваць час, паднапружыць фантазію, каб прыемна здзівіць дарагіх, каханых людзей.

Нават выпечаныя традыцыйныя піражкі могуць запомніцца на ўсё жыццё, калі ўкласці туды нейкія сюрпрызы і разыграць паміж гасцямі! Шмат у каго, незалежна ад узросту, святкаванне Новага года трывала асацыюецца з зіготкімі навагоднімі цацкамі, гірляндамі, феерверкамі і бенгальскімі агнямі — Святлом, якое адольвае Цемру. Таму не бойцеся дарыць усё бліскучае, іскрыстае, пераліўнае: яно выдатна падыдзе для стварэння выключнай, чароўнай, казачнай атмасферы.

Патрапіць у дзясятку

Некалькі парадаў, каб выбраць удалы падарунак:

  • Забудзьцеся пра банальнае. Дзясятая па ліку патэльня ці рондаль напэўна не выклікае захаплення ў жонкі — яна ўспрыме іх як намёк на пажыццёвую катаргу ля пліты. Традыцыйныя шкарпэткі ці крэм для галення могуць быць расцэненыя мужам ці прыяцелем як адсутнасць сапраўднай цікавасці і павагі да іх непаўторнай індывідуальнасці.
  • Прысмакі не прынята дарыць мужчынам, а спіртное — жанчынам.
  • Вельмі важна памятаць пра перавагі чалавека, калі хочаце яго парадаваць. Не варта дарыць карціну таму, хто мала цікавіцца жывапісам, зборнік фантастыкі — аматарам дэтэктываў, набор інструментаў чалавеку, які не ўмее нават забіць цвік. А вось калі вашай сваячцы падабаецца гатаваць, калі яна належыць да ліку прыхільнікаў здаровага харчавання, то напэўна будзе глыбока ўдзячная за параварку, пра якую даўно марыла. Лёгка парадаваць сябра, калегу, сваяка, калі вам добра вядома пра іх захапленні — рыбалкай, маляваннем па нумарах, садоўніцтвам, вышыўкай і г.д.
  • Абавязкова ўлічвайце ўзрост таго, каму прызначаецца тая ці іншая рэч. Шалік ці тапкі, якія прыйдуцца да спадобы дзядулю, могуць пакрыўдзіць сябра.
  • Дарыць хатніх гадаванцаў трэба толькі тады, калі дакладна ведаеце, што менавіта іх не хапае для поўнага шчасця гэтаму чалавеку. У такіх выпадках добра было б напярэдадні ўдакладніць пра яго падрыхтаванасць завесці чацвераногага сябра, высветліўшы ўсе перавагі адносна пароды, знешняга выгляду і г.д. Адна справа — набыць шчанюка дзіцяці, які ўвесь час просіць пра гэта, зусім іншая — узрадаваць ім на Новы год маму або прыяцельку, якія замілоўваюцца чужымі кацянятамі і сабакамі, але самі зусім не маюць часу, сродкаў і сіл, каб займацца імі.
  • Паміж блізкімі і сябрамі рознага фінансавага статусу тон задае той, чый даход ніжэйшы. Калі забяспечаная жанчына падорыць прыяцельцы дарагую парфумерыю, то паставіць яе ў няёмкае становішча: той давядзецца альбо «разарыцца» на такі ж па кошце зваротны прэзент, ці паднесці тое, што дазваляюць сродкі, але адчуваць пры гэтым сваю фінансавую неплацежаздольнасць.
  • Разам з тым спецыялісты па этыкеце не раяць абменьвацца аднолькавымі падарункамі. Калі свякруха падарыла вам кавамолку, не варта адказваць ёй тым жа праз год.

Не ігнаруйце прыметы

— У перыяды нестабільнасці, нявызначанасці, катаклізмаў, напружанасці ўзрастае сіла прымет, — падкрэслівае псіхолаг Таццяна Шаранда. — Таму, калі хтосьці з вашых родных ці знаёмых адрозніваецца забабоннасцю, не варта дарыць ім на Новы год ручнікі (лічыцца, што гэта да канфліктаў, няўдач, праблем у сям’і) ці пустыя кашалькі (да безграшоўя).

Дрэнная «рэпутацыя» ў насовак, быццам бы яны — да слёз, а таксама ў нажоў, відэльцаў, нажніц: эзатэрыкі сцвярджаюць, што ў колючых і рэжучых прадметаў— адмоўная энергія. Я, напрыклад, люблю свечкі — дэкаратыўныя, араматычныя, самых розных формаў і колераў. Але чытала, што яны таксама ўваходзяць у «чорны спіс»: нібыта дарыць іх — да нездароўя. Таму на ўсялякі выпадак праверце рэч на добрую энергетыку і «добранадзейнасць».

Знайдзіце для пакупак час і адкладзіце грошы

Уменне стварыць свята пры любых даходах, у любых умовах — сапраўдны талент. Але хто будзе спрачацца з відавочным: грошы і час прыкметна аблягчаюць гэтую задачу. Грошы дазваляюць не скупіцца і ўвасабляць мары блізкіх і родных. Калі сродкаў дастаткова, чаму б не парадаваць бацькоў пуцёўкай у санаторый, жонку — новым футрам або дарагімі ўпрыгажэннямі, а дачку — айфонам?

Але калі ваша прозвішча не Ракфелер і вы старанна плануеце выдаткі, то лепш загадзя скласці спіс, каму і што вырашылі падарыць, каб адшукаць, купіць ці вырабіць самастойна нешта даступнае, але пры гэтым арыгінальнае, эксклюзіўнае, незабыўнае. Інакш давядзецца ў апошнія дні напярэдадні свята ліхаманкава скупляць непатрэбныя рэчы.

Пераканана: пошук і набыццё падарункаў могуць успрымацца не як цяжар і пакутлівая павіннасць, а як прыемны і цудоўны занятак. Пры такім падыходзе свята для вас пачнецца задоўга да бою курантаў і не завершыцца адразу пасля таго, як вы падымеце келіхі і загадаеце запаветныя жаданні.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
15
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
2
1
відьмаявідьма/адказаць/
03.12.2022
"у якое захапленне прыйшоў яе хлопец, калі на Новы год яна ўручыла яму вялікі гелевы шар з яго партрэтам"
мда... лопне ці здуецца гэны "хлопец". во "падарунак".. хочацца спадзявацца, што ніхто з іх не адрозніваецца забабоннасьцю. а тое ў нас вось выпадак быў...

падарыла мне неяк лепшая сяброўка, якая захаплялася фатаграфаваннем, на мой ДН фотапартрэт у натуральную велічыню нашага агульнага сябра, у якога мы з ёй трохі закаханыя былі... думаю - нахалеру ён мне? што мне з ім рабіць? засунуць у шафу? дык шафы ж тады не было. увогуле нічога з мэблі не было (спалі на падлозе) і ніякіх рэчаў амаль не было. адзін 3-х літровы слоік быў. не доўга думаючы сунула партрэт у слоік. партрэт набыў аб'ёмнасць. увогуле, як жывы стаў. паставіла гэты слоік на падлогу ў куце. думала, як успрыме гэтую "скульптуру" будучы муж? а ён добра ўспрыняў, бо гэта лепшы сябар яго (да - у нас такая санта-барбара)
але аднойчы прыходзіць дамоў і кажа:
- слоік прыбяры.
я:
- чаго гэта? табе ж, здаецца, падабалася.
ён
- ды чуваку ледзь бошку не знесла.
- у якім сэнсе?
- натуральна.
аказваецца, ехаў (ці несся?) на сваім БМВ па праселкавай неасветленай дарозе, а там не пазначаная ніякімі габарытамі сельгазтэхніка паўзла... заўважыў яе толькі ў апошні момант. добра - у яго рэакцыя добрая - адхіліўся рэзка корпусам убок у момант, калі ў машыне зрэзала стойку на ўзроўні яго шыі...

я хоць не забабонная, але слоік прыбрала - навошта нерваваць мужа?
але пры чым тут слоік, калі той сам сарвігалава?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930