Знайсці
04.12.2022 / 04:1310РусŁacБел

Памёр Вітаўт Кіпель

Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) паведаміў, што 3 снежня адышоў на вечны спачын яго шматгадовы старшыня доктар Вітаўт Кіпель. Спадар Кіпель быў адной з ключавых фігур беларускай эміграцыі, якая захоўвала беларускасць у вольным свеце ў часы існавання «жалезнай заслоны», ён адзін з тых, хто арганізоўваў і накіроўваў інтэлектуальнае жыццё беларускай дыяспары. Яму было 95 гадоў. 

Доктар Вітаўт Кіпель кіраваў БІНіМам на працягу 40 гадоў. Ён быў вядомым грамадскім дзеячам, даследчыкам гісторыі эміграцыі, геолагам, бібліёграфам, аўтарам, сярод іншага, знакамітых «Беларусаў у ЗША», а разам з жонкай Зорай Кіпель адзінай на сёння «Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе». Таксама ён — ганаровы сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра Вялікай рады «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і інш.

Нарадзіўся Вітаўт Кіпель 30 мая 1927 года ў сям’і Яўхіма і Марыі Кіпеляў. Пасля арышту бацькі маці з малым сынам выехала следам за ім у Расію ў высылку (Налінск, Кіраў, Арол).

Кіпелі змаглі вярнуцца ў Мінск толькі ў 1942 годзе. А ў 1944 годзе зноў сям’я была вымушаная ехаць у выгнанне, гэтым разам на Захад. Такім чынам, у Беларусі Вітаўт Кіпель пражыў толькі восем гадоў свайго жыцця.

У пасляваеннай Нямеччыне Вітаўт Кіпель скончыў Беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, вучыўся ва ўніверсітэце ў Цюбінгене. У Лёвенскім каталіцкім універсітэце ў Бельгіі здабыў ступень доктара мінералогіі. У сярэдзіне 1950-х перабраўся ў ЗША. У Нью-Ёрку ён ажаніўся з Зорай Савёнак, што стала вернай спадарожніцай жыцця і аднадумцай.

Разам Кіпелі сабралі і сістэматызавалі найбагацейшую калекцыю эміграцыйнай беларускай перыёдыкі і друку, выдадзеных на Захадзе.

171 скрыня каштоўных матэрыялаў была перададзеная на захаванне ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку. Гэты збор стаў асновай фундаментальнай працы «Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе» — настольнай кнігі гісторыкаў эміграцыі і ўсіх зацікаўленых беларусістыкай.

Сам Вітаўт Кіпель доўгі час быў выканаўчым дырэктарам Даследчага цэнтра навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі.

З 1982 года дзеяч займаў пасаду старшыні адной з найбольш уплывовых беларускіх навуковых устаноў замежжа —Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Ён быў стваральнікам і дырэктарам беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі, на працягу 1960—1980-х стала супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода.

У 1972—1982 гг. ён займаў пасаду старшыні Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў, а ў 1974 годзе быў абраны старшынёй Рэспубліканскай федэрацыі этнічных клубаў штата Нью-Джэрсі. У 1978—1982 гадах доктар Кіпель быў старшынёй Этнічнай рады штата Нью-Джэрсі.

Адным з найважнейшых акадэмічных унёскаў Вітаўта Кіпеля з’яўляецца праца «Беларусы ў ЗША», надрукаваная па-беларуску ў 1993 годзе і па-англійску ў 1999 годзе. Аўтар скрупулёзна збіраў інфармацыю пра беларусаў па кожным амерыканскім штаце. У 2018 і 2020 гг. кніга была сур’ёзна дапрацаваная і перавыдадзеная ў Мінску.

Вітаўт Кіпель — аўтар кнігі ўспамінаў «Жыць і дзеіць», якая пабачыла свет у Мінску ў 2015 годзе і дзе адлюстраваныя перыпетыі жыцця беларусаў у ХХ ст., шляхі захавання нацыянальнай самасвядомасці і пашырэння беларушчыны.

Інфармацыя пра час і месца развітання і пахавання, як паведамляецца, будзе пазней. 

Чытайце таксама:

Ад Ніксана да Буша. Як беларус сустракаўся з чатырма прэзідэнтамі ЗША і прывёз аднаго з іх у Мінск

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
59
Абуральна
2
2
Anatol Starkou/адказаць/
04.12.2022
Сустракаўся з ім тут у Нью Ёрку і ў штаце Нью Джэрзі на імпрэзах беларусаў. Ёсць яго кніга з яго аўтографам. Кніга на ангельскай мове.
Аказваецца ён аднагодка майго таты, якога даўно няма.

3
Anatol Starkou/адказаць/
04.12.2022
Пазаваны будзе ў штаце Нью Джэрзі. Там ёсць беларускія могілкі і зямелькую тую даўно прыкупілі беларусы і беларускі яго пакалення. Адноўчы я там быў.
2
Где конкретно/адказаць/
04.12.2022
Может это и очевидно для знающих людей, но в статье не указывается, где он умер.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930