Знайсці
04.12.2022 / 21:251РусŁacБел

«Замест анёлаў — чырвонаармейцы, замест Віфлеемскай зоркі — савецкая пяціканцовая». У Гродне адкрылася выстава старых ёлачных цацак

Аўтарка экспазіцыі — віцяблянка Наталля Кавалёва, якая прывезла ў Гродна частку сваёй пяцітысячнай калекцыі. Свае экспанаты пачала збіраць не так даўно — крыху больш за 10 гадоў. Многія цацкі траплялі да яе ў пашкоджаным выглядзе, Наталля сама іх рэаніміравала, давала ім «другое жыццё». Цяпер нават цяжка сказаць, якія рэчы былі раней недасканалыя, настолькі прыгожай і якаснай выглядае экспазіцыя, піша «Звязда».

Сабраць такую калекцыю без вялікага энтузіязму немагчыма. А пачалося ўсё тады, калі Наталля Анатольеўна пайшла на пенсію. Праўда, збор калекцыі пачаўся з расчаравання. 

«Калі я пасталела, я не ставіла ёлку, але неяк наведала выставу віцебскай калекцыянеркі Ніны Бондаравай. І мне адкрыўся гэты ззяючы колер ёлачнай цацкі. Я пабегла на крылах дадому, зазірнула ў сваю скрыню для пасылак і ўспомніла, што маці аддала нашы колішнія цацкі дзецям сваёй сяброўкі. Я пайшла па іх слядах, і тры цацкі ўдалося вярнуць. Вось з гэтага пачаўся мой марафон калекцыянера», — расказала Наталля.

Кажа, што за 13 год сабрала амаль пяць тысяч экзэмпляраў. Захоўваюцца яны ў розных месцах віцебскай кватэры, збудаванай яшчэ пры Сталіне. У шафах, на антрэсолях, у шуфлядах. Па словах жанчыны, цацкі ўсе невялікія, можна сказаць маленькія, таму займаюць не так шмат месца. І хаця яе экспазіцыя называецца «Стары куфар, прыгажуня ёлка», самога куфра тут няма. Гэта хутчэй фактар часу. Маўляў, выстава адпраўляе наведвальніка ў мінулае. 

Набываліся цацкі рознымі шляхамі. Штосьці перападала ад сяброў, сваякоў, суседзяў, штосьці прыходзіла праз абмен альбо пакупку. Зараз у яе ёсць амаль усё, што хадзіла ў Беларусі ў 30—70-я гады.

Часта ў рукі траплялі цацкі ў вельмі жаласным стане. Бляклыя, з абляцелай фарбай, стратамі і дэфектамі. Глядзець на ўсё гэта жанчына спакойна не магла і стала вучыцца іх «лячыць». Разгарнула свайго роду «шпіталь» для цацак. На дапамогу прыйшлі неабходныя для рэанімацыі рэчы — клей, лакі, фарбы. Пачала аперацыі па нарошчванні частак, якіх не хапала, рабіла пластыку і макіяж.

Больш за ўсё яна любіць рэстаўраваць фігуркі Дзедаў Марозаў і Снягурак, якіх на выставе нямала. А вось сваю ёлку ўпрыгожвае фігуркамі, якія былі ў яе дзяцінстве. Гэта фігуркі дзяцей у зімовым адзенні па модзе 60-х гадоў.

Практычна ўся калекцыя прысвечана савецкаму перыяду і бярэ пачатак з сярэдзіны 30-х. Па словах Наталлі, савецкая ёлачная цацка — з’ява ўнікальная. Бо наўрад ці знойдзецца краіна, каб навагоднія цацкі ішлі ў нагу з часам і адпавядалі тым падзеям, якія адбываліся ў дзяржаве. А вось у СССР нават ёлачныя цацкі адпавядалі той ці іншай эпосе. 

Аказваецца, у 1920-я гады навагодняя ёлка была забаронена і гэта доўжылася да 1935 года. І калі ўлады зразумелі, што народ не перастане адзначаць Каляды, яны вырашылі паставіць ёлку на службу дзяржаве. 

«На гэтай вітрыне цацкі 30-х гадоў. Замест анёлаў — чырвонаармейцы, замест васьміканцовай Віфлеемскай зоркі — савецкая пяціканцовая. З’явіўся шар з выявамі правадыроў, але потым ад такой цацкі адмовіліся. Тут і сярпы з молатамі, зоркі са шклярусу. Былі свае правілы, як трэба ўпрыгожваць ёлку ў дзіцячым садку ці школе, што зверху павінна быць, што знізу. Напрыканцы 30-х гадоў былі папулярныя мілітарызаваныя цацкі — танкі, самалёты. Ёсць тут такі самалёт-знішчальнік са шклярусу», — распавядае аўтарка выставы.

Падчас вайны фабрыкі па вырабе цацак былі зачыненыя ці перайшлі на выпуск ваеннай прадукцыі. Але некаторыя заводы ўсё ж невялікія партыі ёлачных цацак выпускалі. Напрыклад, на электралямпавым заводзе ў Маскве навагоднія цацкі рабілі з абрэзкаў дроту, а з бракаваных лямпавых колбаў — ёлачныя шары. Іх фарбавалі не толькі зверху, але і знутры. У калекцыі ёсць такая лямпа-грыбок.

Асобная вітрына прысвечаная касмічнай тэме. Потым пачалося асваенне поўначы — сталі выпускаць цацкі і на гэту тэму. З’явіліся цацкі-якуты, белыя мядзведзі, верталёты… Таксама шмат выпускалі цацак у выглядзе гародніны.

Вось на вітрыне снегавая горка, з якой скочваюцца дзеці на санках. Вельмі добра раскуплялася цацка «хлопчык на санках». Унізе горкі дзяўчынка з лялькай, тварык яе дасканала расфарбаваны. Побач — хлопчык з бразготкай. Гэта цацкі 60-х гадоў — прыкметы савецкага «шчаслівага дзяцінства». 

Некалькі вітрын прысвечана персанажам казак. 

«Я вельмі люблю казкі, яны шырока прадстаўлены ў вобразе ёлачных цацак. Іх даволі цікава разглядаць, бо яны зроблены вельмі дэтальна. Каб прасунуць праект сваей цацкі, аўтару трэба было прайсці не адну камісію, разглядаў праект навуковы інстытут цацкі. Таму гэта калекцыя — вынік вельмі вялікай працы стваральнікаў цацак. 

У калекцыі сабраныя цэлыя серыі казачных персанажаў. Можна ўбачыць герояў казак «Руслан і Людміла», «Чыпаліна», «Доктар Айбаліт», «Чырвоны каптурок» і іншых.

Існавала нямала арцеляў пры розных прадпрыемствах, якія рабілі ёлачныя цацкі. Напрыклад, герояў казкі пра залатога пеўніка зрабілі ў 50-я гады ў арцелі «Оптын» Масгархімпрамсаюза. Шкляныя пацеркі на ёлку ў гэты перыяд выпускаў Сталінскі райпрамкамбінат у Свярдлоўску. Нямала ў калекцыі вырабаў Маскоўскай фабрыкі ёлачных упрыгожванняў. Ёсць і цацкі 60-х гадоў з Германіі. Многія экспанаты выстаўкі — гэта сапраўдны антыкварыят. 

Калекцыя Наталлі Кавалёвай выстаўлялася амаль ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і Мінску. А вось у Гродна прыехала ўпершыню. Гэта яе 13-я па ліку выстава. Як расказала старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Кацярына Арабей, хутка на вітрынах гэтай экспазіцыі з’явяцца QR-коды з невялікай інфармацыяй пра асобную калекцыю. Кожны зможа сканаваць і знаёміцца з экспанатамі больш падрабязна. 

Выстава ў Новым замку музея праходзіць да 15 студзеня. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
мясцовы2/адказаць/
04.12.2022
Эстэтыка падмены паняццяў
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера