Знайсці
05.12.2022 / 07:49РусŁacБел

ISW: Украінскія сілы працягнуць контрнаступленне зімой

Украінскія афіцыйныя асобы далі зразумець, што ўкраінскія сілы плануюць працягваць контрнаступальныя аперацыі зімой, каб замацаваць нядаўнія ваенныя поспехі і не дазволіць расійскім войскам перахапіць ініцыятыву на полі бою, лічаць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Вось асноўныя высновы іх штодзённага агляду.

Фота: AP

Афіцыйны прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў Сяргей Чараваты заявіў 4 снежня, што змерзлая глеба дазволіць цяжкай колавай і гусенічнай тэхніцы прасоўвацца наперад і што ўкраінскія сілы рыхтуюць такую тэхніку да зімовых аперацый.

Пры гэтым, з ягоных слоў, дрэнна падрыхтаваныя мабілізаваныя расійскія вайскоўцы і навабранцы ПВК «Вагнер», набраныя ў расійскіх турмах з ліку зняволеных, не гатовыя да баявых дзеянняў зімой.

Высокапастаўленыя ўрадавыя чыноўнікі ЗША памылкова вызначаюць аптымальнае акно магчымасцяў для ўзмацнення контрнаступлення Украіны як вясну, а не зіму, нягледзячы на заявы ўкраінскіх афіцыйных асоб аб адваротным.

Здольнасць Украіны ўтрымаць вайсковую ініцыятыву залежыць ад таго, ці працягнуць украінскія сілы актыўныя контрнаступныя аперацыі гэтай зімой.

Расія страціла ініцыятыву ва Украіне летам пасля кульмінацыі наступу на Данбасе. Украінскія сілы захапілі і ўтрымліваюць ініцыятыву са жніўня 2022 года і з тых часоў правялі шэраг паспяховых контрнаступальных аперацый.

Украіна вызваліла большую частку Харкаўскай вобласці ў верасні, Херсон у лістападзе, і ў цяперашні час стварае ўмовы для новага наступу УСУ ў іншых месцах гэтай зімой.

Украінская кампанія распрацаваная такім чынам, каб пазбавіць Расію ініцыятывы і вызваліць больш захопленых Расіяй тэрыторый Украіны.

Умовы надвор'я зімой 2023 года, верагодна, будуць вызначаць часавыя рамкі для вядзення Украінай баявых дзеянняў з тым, каб працягваць серыю аператыўных поспехаў з мінімальнымі паўзамі.

Як раней адзначаў ISW, сезон восеньскага бездарожжа ў лістападзе абцяжарыў манеўраную вайну. Тым не менш і Расія, і Украіна працягвалі агрэсіўныя наступальныя і контрнаступныя аперацыі на працягу ўсяго гэтага перыяду, насуперак некаторым прагнозам.

Па меры набліжэння моцных маразоў у канцы снежня ўкраінскія сілы зноў змогуць выкарыстоўваць ўмовы надвор'я ў сваіх інтарэсах, бо зіма — найлепшы сезон для баявых дзеянняў з удзелам механізаваных падраздзяленняў.

Калі саюзнікі і партнёры Украіны не падтрымаюць украінскія сілы ў правядзенні гэтай зімой буйнамаштабных рашучых контрнаступальных аперацый, тады здольнасць УСУ весці манеўраныя баявыя дзеянні будзе абмежаваная прынамсі да заканчэння сезона вясновага бездарожжа ў сакавіку 2023 года.

Такое развіццё падзей, хутчэй за ўсё, пазбавіць Украіну набранай ёй перавагі і дасць расійскім сілам каштоўную адтэрміноўку на тры-чатыры месяцы, каб аднавіцца і лепш падрыхтавацца да баявых дзеянняў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера