Знайсці
06.12.2022 / 19:546РусŁacБел

Наступствы маглі быць катастрафічныя. Доктар — пра хваробу Марыі Калеснікавай

Нядаўна стала дакладна вядома, які дыягназ прывёў да шпіталізацыі Марыі Калеснікавай. Яна перанесла прабадную язву страўніка, ускладненую перытанітам. Каардынатар Фонду медыцынскай салідарнасці, гастраэнтэролаг Лідзія Тарасенка расказала «Нашай Ніве», што гэта за хвароба, што яе выклікае і чым яна пагражала палітзняволенай.

Марыя Калеснікава пасля аперацыі з татам у турэмнай бальніцы

Медык тлумачыць, што пры прабадзенні язвы ў сценцы полага органа — напрыклад, страўніка — узнікае дэфект. У выпадку з Марыяй Калеснікавай прабадзенне ўскладнілася перытанітам, то-бок запаленнем брушыны, што развіваецца, калі змесціва пашкоджанага страўніка трапляе ў брушыну.

«Прабадзенне язвы — гэта вельмі небяспечнае ўскладненне [язвавай хваробы], яно заўсёды патрабуе экстраннай аперацыі, бо з’яўляецца небяспечнай для жыцця сітуацыяй. Прабадзенне развіваецца на фоне ўжо існуючай язвы, але ж яна можа быць у чалавека як вострай, то-бок нядаўняй, так і хранічнай», — расказвае Лідзія.

Дакладныя прычыны прабадзення страўнікавай язвы назваць цяжка. Пасля вынаходніцтва лекаў з групы блакатараў пратоннай помпы прабадзенне сустракаецца вельмі рэдка. Такія лекі прыгнятаюць кіслотнасць страўніка, а яна — асноўны фактар, што вядзе да прагрэсавання язвы і адпаведна прабадзення.

Лідзія прыводзіць і іншыя верагодныя прычыны: «Таксама да язвы можа прывесці інфіцыраванне бактэрыяй Helicobacter pylori, яна ж з’яўляецца фактарам рызыкі развіцця раку. Нарэшце, у часткі людзей няма ні гэтай бактэрыі, ні язвы, але ўсё роўна адбываецца пакрыванне язвамі і перфарацыя [сценкі страўніка]. Гэта можа быць звязана з генетычнымі фактарамі.

Фота: BelTA / AP

У выпадку з Марыяй Калеснікавай мы не ведаем, што стала прычынай яе стану. Мы не абследавалі яе, не маем доступу да яе медыцынскіх дакументаў, таму можам казаць толькі пра верагоднасці.

Але ўлічваючы тое, у якіх умовах знаходзіцца чалавек і пад якім прэсінгам, у першую чаргу ў галаву прыходзіць думка, што хваробу выклікаў стрэс і невыносныя ўмовы існавання».

Таксама невядома, наколькі своечасова была аказаная медыцынская дапамога, ці былі ў Марыі скаргі, на якія трэба было загадзя рэагаваць, каб не дапусціць прабадзення, ці можна было западозрыць язву за дзень-два ці за год да гэтых падзей.

Доктарка абвяргае тое, што ежа моцна ўплывае на ўзнікненне язвы страўніка, але пры гэтым звяртае ўвагу, што аднаўленне залежыць ад якасці ежы ў пасляаперацыйны перыяд. Наўрад ці ў турме, мяркуе Лідзія, ежа прыдатная ці яе там дастаткова.

Сама па сабе язва страўніка можа праходзіць як з сімптомамі, так і без іх. Галоўны з сімптомаў — боль у жываце.

Прабадзенне пачынаецца рэзка, і гэта вельмі балючы стан. Як правіла, чалавек адчувае рэзкі, нібыта «кінжальны», боль у жываце, можа быць ірвота — адзін ці некалькі разоў.

Калі такі чалавек з’яўляецца ў прыёмным аддзяленні, медыкам нескладана зразумець, што сітуацыя вострая і патрабуе аперацыі, праявы ў прабадзення вельмі яркія. Дапамогу трэба аказаць вельмі хутка, бо наступствы могуць быць катастрафічныя, у тым ліку і смерць.

Пасля аперацыі трэба мець спецыяльны рэжым дня і харчавання: «Як мінімум напачатку [пасля аперацыі] трэба есці часта і дробнымі порцыямі, падлічыць неабходную колькасць калорый. Фастфуд не падыходзіць, патрэбныя прадукты з адпаведным спалучэннем тлушчоў, бялкоў і вугляводаў. Варта падлічыць, ці дастатковая ў чалавека маса цела, можа, трэба яе павялічваць. Калі арганізм сутыкнуўся з прабадзеннем, тым больш у Марыі быў перытаніт, яму трэба даваць як мага больш энергіі на аднаўленне, таму ежа павінна быць лёгказасваяльная, а ў турме мы гэтага ніяк не зможам дабіцца.

Пасля аперацыі чалавек мусіць не толькі паўнавартасна харчавацца, але і не натруджвацца, яму патрэбная нармальная фізічная актыўнасць, зарадка, але па сілах. Праз нейкі час пасля прабадной язвы чалавек можа вяртацца да звычайнага ладу жыцця і працаваць тым, кім пажадае, але ўсё гэта павінна праходзіць паступова і ў добрых псіхаэмацыйных абставінах, там, дзе чалавек можа дазволіць сабе адпачыць».

На аперацыі ўсё не заканчваецца, бо трэба паспрабаваць знайсці прычыну прабадзення, тым больш што іх можа быць некалькі. Варта пашукаць сляды бактэрыі Helicobacter pylori, абавязкова зрабіць кантрольную гастраскапію і біяпсію. Магчыма, трэба будзе прызначыць лячэнне супраць бактэрыі, прапіць спецыфічныя антыбіётыкі. Усё гэта — цэлы комплекс клопату пра чалавека.

Ці будзе ўсё гэта ў Калеснікавай? Доктарка ў гэтым сумняваецца: «Утрыманне Марыі ў турме — злачынства, і зразумела, што ёй там не забяспечаць належны рэжым дня і харчавання. Я дрэнна ведаю турэмную медыцыну і не магу ў падрабязнасцях параўнаць тое, як да Марыі павінны ставіцца пасля аперацыі і як усё будзе на самой справе. Але з улікам таго, што наша дзяржава робіць з турмаў катавальні, я не чакаю нічога добрага ад гэтай структуры. Хутчэй за ўсё, там будзе працягвацца ціск».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Бацьку Калеснікавай дазволілі пабачыць дачку. Яна сказала яму дыягназ

На сітуацыю з Марыяй Калеснікавай звярнуў увагу Дзярждэпартамент ЗША

Ціханоўская пра Калеснікаву: Хай на адлегласці, але я моцна абдымаю цябе, мая родная

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Anatol Starkou/адказаць/
07.12.2022
Максим Дизайнер,дізайнер блін прачнуўся. Ты пра які Лёндан? пра Лёндан Свабоднага тэатру? я ж пра дзяўчынку-беларуску. 
5
Anatol Starkou/адказаць/
07.12.2022
ТОДАР, Такія як я не ўспдываюць, а выконваюць у Штатах заданне Бацькаўшчыны. Такія як ты не тонуць. Плаваюць на павархнасці. 
0
гэта і вожыку панятна/адказаць/
10.12.2022
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера