Знайсці
07.12.2022 / 11:456РусŁacБел

«Я партызаніў да лета 2022-га, калі за мной прыйшлі». Дызайнер Артур Вакараў — пра спадзяванні, радзіму і духоўнае бамбасховішча

Артур Вакараў — вядомы беларускі дызайнер. Сузаснавальнік студыі «Адліга», дырэктар менскай крамы вінтажнай мэблі «Б/Уржуазные ценности», аўтар графікі шматлікіх нацыянальных праектаў, кніжных вокладак, афіш, постараў і г.д. У 2020 годзе маляваў рэвалюцыйныя плакаты, афішы для шматтысячных пратэсных маршаў. Артур заставаўся ў Беларусі да сярэдзіны 2022 года. Атрымаўшы позву ў Следчы камітэт, вырашыў не рызыкаваць свабодай і з’ехаў з краіны. Цяпер жыве ў Польшчы. OWM распытаў дызайнера пра яго жыццё і стаўленне да таго, што адбываецца на радзіме.

© Arthur Vakarov

— Ці было ў цябе да лета 2020 года нейкае прадчуванне тых падзеяў, якія адбыліся? Як ты ўвогуле пачуваўся напярэдадні лета 2020-га — сацыяльна, эмацыйна, фізічна?

— Памятаю «выбух», што прынёс Павал Белавус вясной 20-га. Я маляваў праект і шматлікія падпраекты «Годна», Паша зайшоў нешта абмеркаваць.

Акурат пасля таго, як Бабарыка прыняў самае галоўнае ў сваім жыцці рашэнне — кінуў пальчатку дыктатару.

Я быў у адчаі, дакладна разумеючы, што для Віктара гэта канец, як мінімум кар’еры, а магчыма, і жыцця. А для мяне — гэта канец адносна прыемнага існавання ў сваёй маленькай і камфортнай Беларусі-у-Белоруссии.

Мая краіна-у-краіне, насельніцтвам 100 000 прыемных адукаваных людзей, з багатым культурным жыццём, актыўная, дынамічная, беларускамоўная… Скончыцца з-за геройскага, але бессэнсоўнага кроку Віктара Бабарыкі. Не будзе болей выстаў, вуліцы Кастрычніцкай і культурнай прасторы ОК16, тэатра, кіно, музыкі. Навошта яму гэтая вялікая і непад’ёмная Белоруссия, думаў я. Бо Віктар быў дэ-факта сапраўдным прэзідэнтам маёй краіны-у-краіне: мецэнатам, фундатарам, краевугольным каменем. Так я Белавусу і казаў.

А ён у адказ пачаў распавядаць мне пра феномен Ціханоўскага, народны рух, магутны штаб Бабарыкі, падтрымку пераменаў з боку бізнэсу. Я, прызнацца, і не ў курсе быў.

Незаангажаваны ў каляпалітычны дыскурс, акрамя як у якасці дызайнера і творцы. Маё стаўленне да навінаў было глыбока скептычным, бо ведаў, што галоўную (і адзіна істотную) навіну я не прапушчу. А ўсё астатняе — дробная мітусня і марнаванне часу.

І вось я слухаю Паўла, і нешта нерэальнае і неімавернае, засохлае і замарожанае пачынае запальваць аганёк у вачах. Дурацкая надзея ізноў заварушылася ў свядомасці беларуса, які пасля шматлікіх спробаў і паразаў знайшоў, куды гэтую неспадзяванку засунуць і жыць-не тужыць у Беларускім гета.

© Arthur Vakarov

— І ты пачаў спадзявацца на перамогу?

— З моманту таго адкрыцця, што прынёс Белавус, я стаў сачыць за падзеямі. І прадбачыў, да чаго гэта ўсё прывядзе. Бо, як ветэран усіх рэвалюцый, маю вялікі досвед абрушэння надзеяў і пострэвалюцыйных дэпрэсій.

Бачыў, як рыхтуецца зло, точыць клыкі і не збіраецца здавацца. Бачыў і вялікую надзею, і шмат герояў, што распраўляюць свае белыя крылы. Ведаў, што такая сітуацыя скончыцца жахлівай і крывавай бядой. Загадзя шкадаваў герояў.

Не хацеў гэтага бачыць, бо наглядзеўся ў канцы 90-х, у 2006-м і 2010-м. На дзень выбараў 9 жніўня з’ехаў у свой лес з наіўным намерам захаваць свядомасць ад болю. Але ж зразумела, ад франтавых навінаў не схаваешся.

І пасля жудасці першых дзён пачуў нечуванае — краіна падымаецца. Не гераічнае гета, але ўся памяркоўная маса.

Памятаю, як ехаў у Менск праз свой маленькі Мядзел і бачыў людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. У Мядзеле!

© Arthur Vakarov

Потым былі першыя нядзельныя маршы, шмат малявання для штаба рэвалюцыі, бегатня па горадзе з падтрымкі адных да падтрымкі другіх, абвяшчэнні страйкаў, графіці і бясконцасць іншых рэвалюцыйных актыўнасцяў. Але ўжо праз, натуральна, пару тыдняў я разумеў, што гэта параза. Бо памяркоўная біямаса напужалася першага рыку злодзея і вярнулася ў стойла. Засталіся героі, якіх зло навучылася вельмі эфектыўна вынішчаць.

Я партызаніў роўна да лета 2022-га, калі за мной прыйшлі. Партызаніў без надзеі і сэнсу, адзінае, каб адчуваць сабе нармальным, здаровым чалавекам.

— Як ты жыў гэтыя два гады да ад’езду?

— Беларусь пасля 20-га вельмі хутка прайшла шлях ад калгаса да канцлагера. Зрэшты, нічога новага, звычайны гістарычны шлях дыктатур: камуністаў, фашыстаў ды іншых хошыміністаў. Прымітыўная калька. Відаць, скончылася яскравае, мадэрновае зло першай паловы ХХ стагоддзя. Засталіся калгасныя канцлагеры, што забіваюць шэрасцю і тупасцю.

Таму цяпер у Беларусі рэжым вынішчае не палітычных супраціўнікаў, а любыя праявы думкі, крытычнасці, незалежнай творчасці. Большасць палітвязняў — гэта не палітычныя актывісты, а проста годныя людзі.

© Arthur Vakarov

— Што ты пакінуў у Беларусі?

— Я там пакінуў радзіму. Няма ў мяне асэнсавання радзімы з вялікай літары. У маім асэнсаванні радзіма — гэта не патас пра зямлю, набрынялую продкамі, наследнікамі і цярновымі веткамі, пакручастымі сцяжынкамі і пахучымі вятрынкамі. Радзіма — гэта тое, што я пабудаваў. Экзістэнцыяльную каштоўнасць сцяжынцы надае мой дом, з якога я па гэтай сцяжынцы іду і ў які я па ёй вяртаюся. Радзіма — гэта мае праекты: культурніцкія, бізнэсовыя, гаспадарчыя. Гэта мая роля, мова, вага ў дадзеным грамадстве. А прастора — гэта рэч у сабе. Па змоўчані яна нічыя; сваёй, цёплай яе робіць актыўнасць гаспадара.

Я рабіў захады з’ехаць і пасля Плошчы 2006-га і пазней. Бо дыхаць было атрутна і да 2020-га. Але вось гэтая — мая прыватная — радзіма ніколі не адпускала.

Я пачуваўся вельмі добра ў сваёй індывідуальнай Беларусі, бо набудаваў вакол сябе прыгожых дэкарацый: Б/Уржуазныя, дызайн для культуры, хутар, мастацтва, карагод прыемных людзей. Зло ў мяне ўсё гэта забрала. Трэба будаваць наноў. Альбо спадзявацца на вяртанне. Класічная беларуская дылема ўсіх часоў.

© Arthur Vakarov

Цалкам незразумелы стэрэатып пра тое, што ў рэвалюцыю ідуць тыя, каму няма чаго губляць. Мне відавочна супрацьлеглае: тым, каму няма чаго губляць, неабавязкова рызыкаваць. Хіба лепей налегцы эміграваць і пачаць будаваць адразу на надзейным гуманістычным падмурку. А вось нам, сталым, ёсць за што змагацца, бо будаваць наноў — сумнеўная авантура.

— Ці засталіся ў Беларусі людзі, за якіх ты перажываеш, баішся? Калі так, то чаму яны застаюцца?

— Як бы ні было цьмяна ў эміграцыі, няма аніякага жадання вяртацца за калючы дрот. Мне шчыра шкада тых нармальных, што там засталіся. Зразумела, што гэта іх рашэнне — застацца, а ўсё адно ў камунікацыйным асадку заўсёды няёмкасць і спачуванне да іх. Ведаю, як складана прымаць рашэнне з’ехаць, сам вагаўся і, у выніку, заўсёды вырашаў застацца. Пакуль не прыйшлі канкрэтна па маё цельца. Пэўна, гэта адзіны аргумент, што можа выкінуць з утулу радзімы. Я шмат размаўляю, пераконваю сваіх апошніх партызанаў. І чую тыя ж аргументы, што заміналі з’ехаць мне: узрост, грошы, сем’і, праекты… Гэта істотныя рэчы, але трэба разумець, што далей будзе прадказальна горш. Бо паслярэвалюцыйная рэакцыя рэжыму — гістарычна самыя страшныя часы. Не кажучы пра вайну.

© Arthur Vakarov

— Ці магчыма, ці варта нешта раіць тым, хто застаўся там? Што мы ўвогуле для іх можам (з)рабіць з-за мяжы?

— Я ў захапленні ад феномену беларускай салідарнасці! Уражаны згартаванасцю герояў. Раней прайгравалі і распаўзаліся па сваіх норах сумаваць. А з цяперашняй салідарнасцю адчуванне, што быццам і не прайгралі, а проста адступілі. Захавалі «войска» і сцягі. Ведаеце, якія разгубленасць і страх, калі глядзіш на павестку ў следчы камітэт і не ведаеш, што рабіць. Але пасля таго як робіш пару званкоў, махавік дапамогі і салідарнасці запускаецца. Альбо калі без грошай, сям’і, справы апынаешся ў іншай краіне. Але і тут беларуская салідарнасць не кідае, аж пакуль не ўладкуешся. Дзякуй арганізацыям: BYSOL, By_Help, «Беларускаму дому», Цэнтру салідарнасці… Дзякуй сябрам, што спачуваюць, дапамагаюць, дзеляцца ўсім нешматлікім, што маюць. Гэта ёсць праявай саспелай, гуманістычнай нацыі, што пераможа анахранічнае зло. Дапамагаць тым, кто бяжыць пасля мяне, — тое канкрэтнае, што цяпер мушу рабіць я.

© Arthur Vakarov

— Якія цяжкасці адчуваеш у эміграцыі?

— Неакрэсленасць пытання легалізацыі, што не дазваляе пачаць будаваць жыццё. Тут вельмі няшмат залежыць ад маленькага чалавечка. Бюракратычная махіна эміграцыйных устаноў — гэта такая маламанеўраная тэхніка, што не спыняецца і не збочвае. Камбайн стандартных і ў той жа час непрадказальных рашэнняў. Зразумела, што не трэба сядзець і чакаць прыгожага пашпарта. Але поле магчымасцяў звужаецца да аператыўных і кораткатэрміновых.

Таксама складана паверыць у тое, што яшчэ здатны пачаць нешта новае і значнае. Упэўніць сябе, што «молод і горяч».

© Arthur Vakarov

— Як ты і твая сям’я адаптуецеся ў новых умовах і краінах?

— Мы спачатку паехалі ў Грузію. Грузія зрабіла добры крок з моманту майго апошняга візіту ў 2009-м. Відавочна, вярнуліся мазгі і грошы, што ўцяклі пасля рускай агрэсіі 2008-га. Цяпер Грузія выглядае краінай на шляху да сучаснай еўрапейскай «сям’і народаў». Але, з пункту гледжання будоўлі новага (верагодна, апошняга) цэнтра майго жыцця, Грузія стратэгічна прайграе Еўропе. Па-першае, я не хачу нават уяўляць, што мне ізноў прыйдзецца ўсё кідаць і бегчы. А паўтарэнне рускай агрэсіі на Грузію цалкам верагодна. Відавочная параза путлерызму ва Украіне можа змусіць іх шукаць больш лёгкай перамогі для вяртання народнай падтрымкі і рэнамэ. Па-другое, не так для мяне страшнае тое зло, як дастала пабытовае глупства. Усе гэтыя панты: крутыя тачкі, злыя сабакі, хамства, абмежаванасць думкі спажывецкім дыскурсам. Мяняць роднае гета на гета грузінскае цалкам недарэчна. Тым больш што сваім у грузінскім гета не станеш. Складана, але ўсё ж магчыма стаць еўрапейцам, грузінам стаць немагчыма.

Таму цяпер я ў Польшчы. Пасля 2,5 месяцаў, што быў у Грузіі, адчуў вялікую асалоду, калі вярнуўся ў еўрапейскую парадыгму. Людзі, надвор’е, праца, правілы — усё лагічна, усё прымальна. Варшава, Вільня, Браціслава ці Орхус — няма значнай розніцы, паўсюль — як дома. Гэтак жа будзе ў Менску, калі ён вернецца ў прытомнасць.

© Arthur Vakarov

— Як ты ставішся да ўмянення беларусам калектыўнай віны («памагатыя агрэсара») у звязку з вайной? Ці зазнаваў ты сам такое стаўленне да сябе, што на гэта адказваеш?

— Гэта было новае адчуванне. Вельмі несправядліва, вельмі крыўдна, страшэнна балюча. Я ж заўсёды спачуваў тым нармальным рускім, што падзялялі адказнасць за глупства і гвалт большасці супляменнікаў. Мне да 2022-га было проста — кажу: а я не з Расеі, я з Беларусі. Хоп — і чысценькі, ніякіх доўгіх тлумачэнняў. А тут: агрэсар, вораг, канфарміст. Цяпер нармальны беларус прымерыў халерны рускі балахон. Пэўна, гэта самае вялікае злачынства калгаснага фюрэра: запэцкаць крывёю добрага суседа мой самы неагрэсіўны, самы талерантны, самы спакойны народзец — еўрапейскіх хобітаў.

Зрэшты, фарбаваць чалавека ў колер пашпарта — недарэчны анахранізм. Зло, на гэтым гістарычным адрэзку часу, апанавала краіну, якую я не абіраў па нараджэнні. І ўсё жыццё змагаюся і рызыкую так, як мала хто з тых, каму пашэнціла нарадзіцца ў лагодных і пяшчотных абдымках Еўропы. Зразумела, што разумны еўрапеец альбо нават украінец так самасцвяржацца не будзе. Таму я не асабліва і зважаю. Пантавацца пашпартам — прыкмета астаткавай маргінальнасці мінулага стагоддзя.

— Ці магчыма зберагчы розум у тым дурдоме, што нас атачае? Як?

— Складана. Беспрасветнасць і безнадзейнасць — не найлепшыя флюіды. А яшчэ і страх: за сябе, за блізкіх, за праекты. Збіраўся схавацца ў мастацкай працы, у сваім лесе, у дасканала адабраных бібліятэках кніжак, фільмаў, вінілаў. У простых радасцях. Але ўнутранае духоўнае бамбасховішча не вытрымала прамога пападання з вонкавага сусвету. Застацца ў Беларусі і захаваць здаровую свядомасць могуць альбо самыя прымітыўныя арганізмы, альбо самыя магутныя. Я — не супергерой, таму з’ехаў. Не схаваешся ў ХХІ стагоддзі ў беларускай лесапаласе.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Паляшук /адказаць/
07.12.2022
Трапныя работы, трапныя фармулёўкі ад майстра, які ведае, як працаваць са словам і формай. Чалавек годны, сітуацыя страшная. Дзякуй за матэрыял.
1
Лапік/адказаць/
07.12.2022
Оёй , ну вось пазнякоўцы беларускасці не пагражаюць, але падкажыце, колькі грошай яны ахвяравалі на вяртанне беларускіх каштоўнасцей у межы Беларусі? І праўда загадкавыя натуры: словы правільныя, дзеяў - нуль.
08.12.2022
Лапік, умоўныя "пазнякоўцы" падарылі Беларусі найкаштоўнейшую рэч -- незалежнасць. Якую умоўныя "бабарыкінцы" пра#балі амаль адразу, і вось ужо 30 гадоў працягваюць адкрываць новыя глыбыні разам з астатнім "русскім міром". Кожны паціху, але штодзённа і ўсім бязглуздым натоўпам. 

Дайшлі ўжо да таго, што прыроўніваюць карціны габрэйскіх эмігрантаў ва ўласнасці расейскага банку да беларускай незалежнасці. Маўляў, што даражэйшае? 

Капец. Ці засталіся ў вас яшчэ нейкія маральныя межы?     
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера