Знайсці
08.12.2022 / 14:56РусŁacБел

У Дзятлаўскім раёне стараста вёскі занялася зборам даўнішніх прыладаў

Вясковыя музеі становяцца ўсё больш папулярнымі. Першапраходцамі гэтай справы на Гродзеншчыне сталі ўлады Зэльвенскага раёна. Тут вырашылі больш-менш прыдатныя пустыя дамы не зносіць, а ствараць у іх вясковыя дамы-музеі. У раёне ўжо некалькі такіх цікавых хатак. Аказалася, што сабраць калекцыю для музея пад сілу нават аднаму ініцыятыўнаму чалавеку. Такім чынам у вёсцы Пацаўшчына Дзятлаўскага раёна з'явіўся свой лакальны аб'ект культуры, які арганізавала стараста вёскі Галіна Глушкевіч, піша «Звязда».

У вёску Галіна Мацвееўна пераехала са свайго роднага хутара на Дзятлаўшчыне, калі выйшла замуж. Можна сказаць, што новыя мясціны для яе даўно сталі роднымі. І вяскоўцаў добра ведае — доўгі час працавала тут прадаўцом. Праўда, зараз гандлёвага пункта няма, насельніцтва паменшылася, таму маленькія вёскі абслугоўвае аўтакрама.

Мясцовыя ўлады пачалі вырашаць праблему з нічыйнымі дамамі. Спадчыннікі ад іх адмовіліся, даглядаць не збіраліся, многія хаткі прыйшлі ў заняпад, струхнелі. Паўстала пытанне аб іх зносе. Вось тады Галіне Глушкевіч і прыйшла думка сабраць старыя рэчы.

— Вядома ж, ад былых гаспадароў заставалася нямала прыладаў вясковага побыту, некаторым з якіх мо і сотня гадоў. Тады многія рэчы па добрай народнай традыцыі перадаваліся ад бацькі сыну, ад маці — дачцэ, — расказвае жанчына. — Гэта ж усё рукамі зроблена, цяпер такога ніхто не зробіць. Хацелася неяк выратаваць іх з гэтых дамоў, бо старыя рэчы ўсё роўна спалілі б альбо на сметнік завезлі. Так і пачала збіраць. То адно прынясу, то другое. Шкада было, што іх могуць знішчыць. Усё-такі яны доўгі час служылі сваім гаспадарам, можна сказаць, дзялілі з імі іх нялёгкі сялянскі лёс.

Паступова ўзнікла ідэя музея пад адкрытым небам. Аб тым, дзе размясціць свае экспанаты, у вясковай старасты асаблівых разважанняў не было. Вырашыла, што такім месцам стане дом мужавага дзеда. Знаходзіцца будынак якраз насупраць дома самой Галіны Мацвееўны. І хоць пабудаваны яшчэ ў даваенны час, захаваўся даволі добра. Калісьці ў адной палове мясцілася крама, а ў другой жылі дзед і баба мужа Галіны Глушкевіч. І хаця ў доме ніхто не пражывае, ён не пустуе. Тут спыняюцца сваякі старасты, якія прыязджаюць здалёк, а таксама дзеці і ўнукі. «Гэта наша вясковая бясплатная гасцініца», — жартуе жанчына.

Сцяна дома і стала выставачнай вітрынай музея пад адкрытым небам. На яе мясцовая ініцыятыўная жыхарка і чапляла свае «экспанаты». У хуткім часе ўся сцяна была занята рознымі хатнімі прыладамі. Некаторыя з іх добра вядомы шырокаму колу, але ёсць і зусім дзіўныя рэчы, прызначэнне якіх мала хто ведае. Свайго роду загадка з мінулага.

Напрыклад, старадаўняя пастка для пацукоў у выглядзе скрыні з грузам наверсе. У скрыню закладваецца прынада, а калі грызун зачапляе тросік, зверху на яго, нібы гільяціна, падае жалезны груз. Такія пасткі ставілі звычайна ў збожжавыя амбары і каморы для захоўвання прадуктаў.

У вёсках многія гаспадары мелі і свае вагі — бязмены. Выглядалі яны дзіўна. Гэта даволі доўгі металічны стрыжань з лічбавай шкалой, рухомай апорай і кручком. Выкарыстоўваліся бязмены для ўзважвання сена, збожжа, агародніны. У падобных вагаў была даволі нізкая дакладнасць і надзейнасць: падмануць яны маглі і на 200 грамаў, і на кілаграм. У народзе нават з'явілася ўстойлівая метафара — «дурны, як бязмен». Таму дбайныя гаспадары, каб не быць ашуканымі, без свайго бязмена на кірмаш не ездзілі, зазначае суразмоўца.

Можна сказаць, што пераважная большасць экспанатаў не мае прымянення ў сучасным побыце. Дошкі для мыцця даўно замянілі пральныя машыны-аўтаматы, на змену «бесправадному» прасу на вуглях прыйшлі зручныя электрычныя, яны ж замянілі і так званыя пранікі — доўгія рабрыстыя дошкі, якімі карысталіся для прасавання вялікіх рэчаў. Дарэчы, ёсць у калекцыі электрычны прас з даволі масіўнай драўлянай ручкай, мабыць, гэта першыя такога роду экзэмпляры савецкай вытворчасці. Такія рэчы былі ў кожнай сялянскай сям'і, памятае іх і сама Галіна.

Звяртае на сябе ўвагу і вялізных памераў тарка. У гаспадарцы ёю карысталіся, каб нацерці гародніну для хатняй жывёлы. І гэта толькі жаночы арсенал. А ёсць яшчэ і мужчынскі. Напрыклад, ручныя пілы, нейкія кувалды, цапы і многае іншае. Некаторыя рэчы ў вясковым музеі хоць і даўнішнія, але прымяняюцца і зараз. У іх ліку і вядомы ўсім пчалярам дымакур, ці дымар.

… Блішчыць на сцяне медным бокам газоўка. Калісь яна рабіла светлымі доўгія сялянскія вечары. Парудзелі ад часу працавітыя сярпы, якія зразалі спелае калоссе на хлебнай ніве. Заціхлі і ткацкія бёрды — не бегаюць у кроснах вясковай ткачыхі. Сотні рэчаў нібы задрамалі на драўлянай сцяне. Мабыць, нямала гісторый яны маглі б расказаць.

— Сялянскія традыцыі перадавалі з пакалення ў пакаленне. Усе жанчыны ўмелі і прасці, і ткаць. Мяне гэтаму вучыла мая маці, а яе — мая бабуля. Кросны тыя захаваліся і да гэтага часу. Праўда, сама я той навык страціла, але нашы работнікі культуры адрадзілі гэта старажытнае майстэрства. Ведаю, што і ў многіх раёнах Гродзеншчыны створаны гурткі па ткацтве, якія наведваюць школьнікі і моладзь. Добра, што традыцыйнае майстэрства захавалася, — пераканана Галіна Глушкевіч.

Яна ў сваю чаргу таксама не застаецца ўбаку ад народнай спадчыны. Тут, у глыбінцы, імкнецца паказаць адметнасць побыту беларусаў, іх руплівасць і гаспадарчую жылку.

Самабытны музей не застаўся без увагі. Да таго ж, дом добра бачны з дарогі, яго ніяк не абмінуць, калі едзеш праз Пацаўшчыну. Каля музея нярэдка спыняюцца цікаўныя вандроўнікі — турысты альбо грыбнікі. Робяць сэлфі і здымкі цікавых, на іх думку, прыладаў. Галіна Мацвееўна з кожным гатова пагутарыць, расказаць пра свае экспанаты. Напрыклад, нядаўна ў госці да старасты ў рамках праекта «Глыбінкай жыве Беларусь» завіталі члены творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

— Адзін прыедзе паглядзіць, другі, так людзі сталі даведвацца аб нашай вёсцы. Спецыяльна сталі прыязджаць з наваколля. Ды і да Дзятлава недалёка — усяго 12 кіламетраў. А некаторыя прылады нават трапілі ў наш мясцовы краязнаўчы музей. Дапамаглі нашы экспанаты аформіць падворак сельгаспрадпрыемства на абласным фестывалі «Дажынкі», — успамінае жанчына.

Некаторыя вяскоўцы, калі ўбачылі, што іх стараста збірае старыя прылады, падтрымалі яе і самі тое-сёе прынеслі. Яны ганарацца, што ў іх вёсцы з'явіўся такі адметны «аб'ект лакальнай культуры».

Як падкрэсліла сама арганізатар, і людзям цікава, і ніякіх матэрыяльных затрат не спатрэбілася.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера