Знайсці
09.12.2022 / 08:2210РусŁacБел

Каму патрэбен такі малебен, альбо Чаму маўчыць мітрапаліт Веніямін?

Міхась Скобла ў «Народнай волі» піша пра сітуацыю са святаром Уладзіславам Багамольнікавым, якога катуюць ужо 100 дзён на Акрэсціна.

У расійскага пісьменніка Аляксандра Купрына ёсць апавяданне «Анафема», галоўны герой якога — праваслаўны святар, вялікі аматар свецкай літаратуры. Аднойчы ён усю ноч чытаў кнігу пра вайну на Каўказе, пра людскую жорсткасць і людскую ж міласэрнасць. Кніга так спадабалася чуламу душой айцу Алімпію, што ён аж праслязіўся. Ідучы раніцай у царкву, ён прыгадваў прачытанае, а вось імя аўтара вылецела з галавы.

Пры канцы службы бацюшку перадалі запіску ад архірэя, дзе загадвалася абвясціць анафему «богохульнику и отступнику от веры Христовой, блядословно отвергающему святые тайны Господни, болярину Льву Толстому». Айцец Алімпій ужо распачаў чын анафемствавання, як раптам успомніў, што гэта ж той самы пісьменнік, чый твор не даў яму заснуць да раніцы. Змяніўшыся з твару, ён ледзь не страціў прытомнасць, але сабраўся з сіламі і ва ўсю моц свайго магутнага голасу, ад якога дрыжалі шкельцы ў царкоўных люстрах, урачыста абвясціў замест анафемы… здравіцу: «Земной нашей радости, украшению и цвету жизни, воистину Христа соратнику и слуге, боярину Льву — многая л-е-е-ет-а-а-а!»

Згадваючы час ад часу купрынскую «Анафему», я ўсё чакаю, калі кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ўрэшце ўспомніць пра сваё святарскае пакліканне — несці веру і Хрыстову праўду ў душы вернікаў і нарэшце скажа: далей так жыць і служыць нельга! Нельга заплюшчваць вочы на відавочнае зло, нельга абвяшчаць здравіцы тым, хто забівае бязвінных, нельга маўчаць там, дзе ўжо і камяні крычаць.

Вось ужо хутка сто дзён у ІЧУ на Акрэсціна ўтрымліваецца святар Уладзіслаў Багамольнікаў. Утрымліваецца ў нечалавечых умовах, у перапоўненай камеры-катавальні, не атрымліваючы перадач з волі. Да катаванняў фізічных дадаюцца здзекі псіхалагічныя. Як гэта робіцца на Акрэсціна? Кінуты за краты чалавек мабілізоўваецца, каб вытрымаць прысуджаныя яму суткі. Надыходзіць дзень вызвалення, яго выклікаюць на другі паверх і замест рэчаў на выхад даюць яшчэ адзін тэрмін. Потым яшчэ адзін, яшчэ…

З Уладзіславам Багамольнікавым так паступалі ўжо сем (!) разоў, і ніхто не ведае, калі гэты жудасны канвеер беззаконня закончыцца. Яго сукамернік навуковец Сяргей Гаранін, вызваліўшыся, публічна звярнуўся да мітрапаліта Веніяміна: уладыка, вашага святара ў следчым ізалятары марудна забіваюць, заступіцеся!

У адказ — маўчанне. Хоць мітрапаліт добра ведае, за што кінуты ў вязніцу айцец Уладзіслаў. Не за разбой, не за махлярства, не за крадзеж. Таму і не пазбаўлены сану. Ён, як выглядае, апынуўся ў турэмнай камеры за тое, што адпяваў Рамана Бандарэнку.

Мастака, які ў свой час на просьбу царквы стварыў прыгожыя фрэскі на сценах трапезнай у Жыровіцкім манастыры. Удумацца толькі — святар выканаў свой абавязак, адпеў, як належыць па царкоўных правілах, мастака-хрысціяніна, бязвінна, па-бандыцку забітага ва ўласным двары, і — за гэта пасаджаны ў турму!

Праўда, у жніўні 2020-га Уладзіслаў Багамольнікаў разам з сотнямі тысяч сваіх суайчыннікаў пратэставаў супраць гвалту і дзяржаўнай хлусні, адмаўляючыся называць белае чорным, як той купрынскі айцец Алімпій. Дык так і павінен быў паступіць сапраўдны святар, які кіруецца Божымі запаветамі. Дарэчы, за тое сваё «злачынства» Багамольнікаў адсядзеў тады ж, у 2020-м.

А цяпер яго катуюць на Акрэсціна. Сем тэрмінаў запар — ні з адным вязнем там гэтак яшчэ не абыходзіліся. Як быццам не хрысціянскі святар трапіўся ў рукі акрэсцінскім малютам скуратавым, а тэрарыст, у якога напярэдадні адабралі пояс шахіда!

Ці моляцца беларускія святары за свайго паплечніка-пакутніка Уладзіслава Багамольнікава?

Нешта не чуваць. Можа, звязненаму бацюшку прысвяціў нядзельную пропаведзь яго непасрэдны начальнік архімандрыт Афанасій (Сакалоў) — прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі, дзе выкладаў айцец Уладзіслаў? Не было такога. А можа, акрэсцінскую вязніцу наведаў мітрапаліт Веніямін — каб маральна падтрымаць свайго святара, які адважыўся выканаць свой хрысціянскі абавязак у гэты Ірадаў час? Не, пакуль не наведаў. Што ж, Бог ім усім суддзя. Цікава, што яны скажуць у сваё апраўданне на тым Божым судзе?

Летась я звярнуўся да аднаго іерарха БПЦ з просьбай пра інтэрв’ю. У атмасферы ўсеагульнай застрашанасці і няспынных рэпрэсій, прызнацца, не вельмі спадзяваўся на згоду. Але раптам пашанцуе… Адказ мяне вельмі здзівіў. Іерарх паведаміў, што пагодзіцца на гутарку пры адной умове — калі «Народная Воля» пры патрэбе возьме яго на сваё ўтрыманне…

Хлеб надзённы — вось што сёння на покуці ў многіх і многіх царкоўнікаў. А як жа хлеб духоўны, вучэнне Хрыстова? Калі яно занядбанае, то што тады будзе трымаць царкву? Каб не атрымалася, як у той прыказцы: сноп без перавясла — салома…

За каго ж моляцца ў Беларускай праваслаўнай царкве?

Ужо ў час развязанай Расіяй вайны духоўнік Свята-Лізавецінскага манастыра пад Мінскам протаіерэй Андрэй Лемяшонак публічна прызнаўся, што моліцца за ўсіх уладатрымаўцаў, у тым ліку за… Пуціна і Шайгу. Неяк нават з гонарам ён прамовіў гэтыя прозвішчы.

Апомніцеся, протаіерэй Андрэй, як можна агалошваць здравіцы тым, хто вырашыў знішчыць цэлы народ, прычым народ пераважна праваслаўны? Як можна маліцца за тых, хто вядзе непрыхавана захопніцкую вайну? Як можна маліцца за тых, хто аддае загады ў лютыя маразы біць ракетамі па электрастанцыях, асуджаючы на холад і голад мільёны мірных людзей? Каму патрэбен такі малебен? Дакладна не Богу.

Ваша малітва лашчыць вушы хіба Патрыярху Кірылу, які благаславіў вайну, бо спадзяваўся такім чынам вярнуць пад сваё крыло 7000 прыходаў, адабраных у РПЦ томасам Усяленскага Патрыярха (ён дадзены Кіеву, да слова, з датрыманнем усіх канонаў). Але РПЦ забылася, што сілаю не будзеш мілаю. Сілаю, наадварот, яшчэ больш нашкодзіш. Вось і Кіева-Пячэрская лаўра ўжо адышла да Украінскай праваслаўнай царквы.

У той лаўры, дарэчы, неаднойчы бываў паломнікам святар Уладзіслаў Багамольнікаў, які сёння на Акрэсціна нясе крыж адказнасці за ўсю гэтак абыякавую да яго царкву.

То ці ўздыме нарэшце мітрапаліт Веніямін свой пастырскі голас у яго абарону?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
кацап/адказаць/
10.12.2022
[Рэд. выдалена]
0
Железный Дровосек /адказаць/
10.12.2022
Мцклськие попы сделали свой выбор. Колхозника и совок. Потом круглые глаза не надо делать,когда ваши дурацкие цыганские цыбулины с готических башен сдирать будут—а это произойдёт обязательно. Большего позора,чем все эти вениамины с лемешонками и представить нельзя. Тут впору стреляться. Богомольников вызывает уважение,равно ,как и о. Артемий,бывший в 20-м гродненским епископом. Ещё несколько . Остальные—русская вата,бессмысленная и безнадежная. Попы,ваша фашистская русская орда проср*ла,никакой победы над Украиной ей не видать,как собственных ушей! Вы сих пор этого не понимаете? Все только начинается...
0
Усевалад/адказаць/
11.12.2022
Хай моляцца, сваёю малітваю яны толькі звяртаюць Божы пагляд на пэўных людзей і пэўныя рэчы. А Бог разбярэцца.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера