Знайсці
09.12.2022 / 17:09РусŁacБел

Бі-бі-сі: Удалося ўстанавіць імёны 10 002 загінулых расіян ва Украіне. З іх 400 мабілізаваных

На аснове адкрытых крыніц Бі-бі-сі ўдалося ўстанавіць імёны больш за 10 тысяч расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне. У іх ліку — больш за 400 мабілізаваных.

Пахаванне салдата ў Бураціі

З першага дня вайны Руская служба Бі-бі-сі вядзе пайменны спіс страт расійскіх вайскоўцаў ва Украіне сумесна з выданнем «Медыязона» і камандай валанцёраў. На 9 снежня ўдалося пацвердзіць інфармацыю аб 10 002 загінулых салдатах і афіцэрах.

Журналісты абапіраюцца толькі на пацверджаныя паведамленні аб гібелі, таму сабраныя даныя не адлюстроўваюць рэальны ўзровень страт. Яны мяркуюць, што спіс можа ўтрымліваць прынамсі на 40—60% менш імёнаў загінулых, чым рэальна пахавана ў Расіі. Да такой высновы прыйшлі, вывучыўшы помнікі вайскоўцам, мемарыяльныя шыльды і абстаноўку на могілках у больш чым 60 населеных пунктах Расіі.

Такім чынам, па найбольш кансерватыўнай ацэнцы, страты расійскай арміі і Расгвардыі ва Украіне могуць складаць больш за 20 000 чалавек.

Агульныя беззваротныя страты Расіі (гэта значыць колькасць тых, хто выбыў са строю па прычыне ранення, смерці або прапаў без вестак) могуць складаць прынамсі 90 000 чалавек.

Гэтая лічба атрымана на аснове назіранняў Цэнтра ваенна-марскога аналізу ЗША, згодна з якім на кожнага загінулага расійскага ваеннага падчас вайны ва Украіне прыпадае каля 3,5 параненых. У гэтую лічбу не ўваходзяць тыя, хто ваяваў на баку Расіі ў складзе «народных міліцый» Данецка і Луганска.

Гібель мабілізаваных

Усяго вядома пра смерць 430 мабілізаваных — гэта на 104 чалавекі больш, чым два тыдні таму.

З іх удалося ўстанавіць імёны 394 чалавек, якія загінулі ў зоне баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны. Яшчэ 36 памерлі на тэрыторыі Расіі — часцей за ўсё з-за праблем з сэрцам, з прычыны няшчасных выпадкаў або з-за злоўжывання алкаголем.

Рэальныя страты сярод мабілізаваных могуць быць значна большыя, паколькі ў многіх паведамленнях пра салдат, якія загінулі ва Украіне пачынаючы з кастрычніка, не паказваецца іх статус. З-за гэтага часам немагчыма зразумець, служыў мужчына кантрактнікам, пайшоў на фронт добраахвотнікам ці быў мабілізаваны.

Прычын для істотных страт сярод мабілізаваных можа быць некалькі. Па водгуках саміх мабілізаваных, галоўныя праблемы — гэта дрэнная каардынацыя, праблемы з сувяззю і картамі, а таксама недастатковая падрыхтоўка рэкрутаў.

Няроўнасць рэгіёнаў

Да зімы на першае месца па колькасці пацверджаных страт выйшаў Краснадарскі край (428 загінулых). Пры гэтым пра смерць 40% загінулых з гэтага рэгіёна не паведамлялася ў СМІ і сацсетках — аб іх гібелі ўдалося даведацца, толькі вывучыўшы пахаванні на мясцовых могілках.

На другім месцы па колькасці загінулых — Дагестан (363 чалавекі), на трэцім — Бурація (356 чалавек). Для параўнання: вядома толькі пра 54 загінулых з Масквы, хоць жыхары сталіцы складаюць амаль 9% насельніцтва Расіі.

Калі павярхоўна паглядзець на гэтыя лічбы, то можа скласціся ўражанне, што Расія пасылае на фронт у асноўным этнічныя меншасці. Але, дэтальна вывучыўшы сабраныя Бі-бі-сі, Медыязонай і валанцёрамі звесткі, сацыёлагі прыйшлі да зваротнай высновы.

З аднаго боку, прадстаўнікі нацыянальных рэспублік едуць на фронт і гінуць там часцей за выхадцаў з «рускіх» рэгіёнаў. З іншага боку, у абсалютных лічбах — большасць загінулых расійскіх вайскоўцаў — этнічныя расіяне.

Мяркуючы па ўсім, высокая рызыка гібелі этнічных меншасцяў — хутчэй вынік няроўнасці паміж рэгіёнамі, а не свядомай палітыкі дыскрымінацыі. У многіх кутках Расіі, дзе не працуюць сацыяльныя ліфты, служба ў арміі па кантракце з'яўляецца ледзь ці не адзінай магчымасцю атрымаць стабільны заробак.

Пілоты

За апошнія два тыдні стала вядома аб гібелі прынамсі дзевяці ваенных пілотаў. Гэта вельмі адчувальныя страты, паколькі ваенныя лётчыкі — адзінкавыя спецыялісты і эліта любой арміі свету.

На падрыхтоўку кожнага баявога пілота сыходзіць не менш за дзесяць гадоў і мільёны даляраў.

Працягваюць несці страты і элітныя — найбольш баяздольныя і падрыхтаваныя — злучэнні расійскай арміі і Расгвардыі. З пачатку снежня стала вядома пра гібель чатырох супрацоўнікаў спецназа ГРУ, у тым ліку аднаго старшага афіцэра.

Страта афіцэраў спецназа можа быць вельмі адчувальнай і цяжкавыканальнай для расійскага войска, адзначаюць апытаныя Бі-бі-сі экспэрты. На падрыхтоўку лейтэнанта адпаведнай кваліфікацыі трэба прынамсі чатыры гады. А для таго, каб узначаліць роту, лейтэнант павінен набрацца вопыту і прайсці шлях да капітана, што запатрабуе яшчэ каля чатырох гадоў. Разам — не менш васьмі гадоў падрыхтоўкі, адзначаюць спецыялісты.

Усяго за дзевяць месяцаў вайны спецназ ГРУ страціў больш за 250 чалавек. Практычна кожны чацвёрты з іх — афіцэр.

Страты, якія нясуць атрады спецназа Расгвардыі, супастаўныя — а ў некаторых выпадках і перавышаюць — сукупныя страты гэтых падраздзяленняў за 10 гадоў вайны ў Чачні. Спецназаўцы сталі гінуць часцей, паколькі іх сістэматычна выкарыстоўваюць для вырашэння неўласцівых ім задач.

Напрыклад, разведчыкаў прыцягваюць для надгляду і праверкі вуліц у захопленых населеных пунктах, а замешчаных на зусім іншыя аперацыі расгвардзейцаў — для агульнавайсковых баёў і абарончых дзеянняў.

Смерці камандзіраў

З 10 002 устаноўленых расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі ва Украіне, 1 509 чалавек, гэта значыць 15%, — афіцэры. Сярод загінулых — чатыры генералы і 49 палкоўнікаў.

Збольшага высокі ўзровень страт сярод афіцэраў тлумачыцца паспяховымі дзеяннямі разлікаў высокадакладных дальнабойных сістэм заходняга ўзору, якія паступілі ў распараджэнне арміі Украіны. Ракеты HIMARS неаднаразова знішчалі штабы і камандныя пункты расійскіх вайскоўцаў.

Яшчэ адна прычына — асаблівасці арганізацыі расійскіх Узброеных сіл. Паводле ацэнкі спецыялістаў, Расія ўступіла ў вайну, маючы лішак вайсковай тэхнікі і востры недахоп навучанага асабістага складу. У выніку ў ходзе вайны камандзіры вымушаныя камандаваць у баі салдатамі, як сяржанты, асабіста весці іх у атаку або трымаць з імі абарону замест таго, каб кіраваць баявымі дзеяннямі праз падначаленых.

Да дзясятага месяца вайны найбольшая колькасць страт — 17% — прыпадае на пяхоту.

За апошнія месяцы істотна вырасла колькасць страт сярод тых, каго расійскія дзяржаўныя СМІ называюць добраахвотнікамі — цяпер іх доля складае 12%. У большасці выпадкаў гэта людзі, якія па сваім жаданні падпісалі кароткатэрміновыя кантракты з Мінабароны і Расгвардыяй ужо пасля пачатку вайны.

Адна з прычын высокіх страт сярод добраахвотнікаў — недастатковая падрыхтоўка. Перад адпраўкай на фронт спехам зведзеныя атрады часта праходзяць толькі 3—10 дзён падрыхтоўкі.

Доля загінулых дэсантнікаў паступова зніжаецца, паколькі цяпер асноўная нагрузка кладзецца на падраздзяленні мотастралкоў (большая частка мабілізаваных і добраахвотнікаў уліваецца якраз у пяхотныя часткі) і атрады ПВК, у ліку якіх ваююць і зняволеныя.

Да 9 снежня ўдалося даведацца імёны прынамсі загінулых 95 зняволеных, якія ваявалі ў складзе расійскіх ваенізаваных падраздзяленняў. Паводле ацэнкі фонду «Русь» (прызнаны ў Расіі замежным агентам), колькасць завербаваных на вайну зняволеных перавысіла 20 000 чалавек.

Выніковая лічба страт расійскага боку істотна ўзрастае, калі ўключыць у спіс тых, хто ваяваў супраць Украіны ў складзе «народных міліцый» Данецка і Луганска.

На 2 снежня ўлады самаабвешчанай ДНР прызналі гібель 4 001 вайскоўца. У самаабвешчанай ЛНР пра страты не паведамляюць, але з адкрытых крыніц вынікае, што іх відавочна больш за 1 000 чалавек.

Нават калі ўлічыць толькі гэтыя звесткі, сукупныя страты тых, хто ваюе на баку Расіі, перавысяць 25 тысяч чалавек загінулымі.

З улікам параненых агульныя страты прарасійскіх сіл могуць перавышаць 112 500 чалавек.

Па ацэнцы ЗША, калі лічыць забітых і параненых, страты Расіі ва Украіне перавысілі 100 тысяч чалавек.

Генштаб Украіны ацэньвае страты Масквы ў 93 тыс. чалавек. Міністэрства абароны Расіі апошні раз паведамляла аб стратах 21 верасня, сказаўшы аб гібелі 5 937 чалавек.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера