«Востраў чысціні і смаку» вырашыў свае праблемы
У канцы верасня праходзіла інфармацыя, што ДФР прыходзіў у галаўны офіс кампаніі «Ромакс», якая валодае дыскаўнтарам «Востраў чысціні і смаку». Таксама паведамлялася, што быў затрыманы кіраўнік гэтай кампаніі Віктар Рамук. Цяпер, як паведамляе Tochka.by, кампанія вырашыла свае праблемы.
Фота: ostrov-chistoty.by
Як паведамляецца, цягам двух месяцаў праводзіліся праверкі гаспадарчай дзейнасці сеткі. У выніку супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК былі выяўленыя «нязначныя парушэнні» ў бягучай аператыўнай дзейнасці службовых асоб рэтэйлера. За дапушчаныя памылкі ўладальнікам групы кампаній у поўным аб'ёме выплачаны штраф, памер яго не ўдакладняецца.
«У выніку органы атрымалі ўсе адказы на іх пытанні, уласнікам пагашаныя ўсе фінансавыя прэтэнзіі», — распавяла Tochka.by крыніца, знаёмая з ходам справы. Крамы ж ні на дзень не прыпынялі сваёй працы.
Уладальнік бізнэсу Віктар Рамук цяпер на волі і запэўнівае, што ў найбліжэйшы час асартымент тавараў у сетцы будзе адноўлены.
«Крамы, безумоўна, будуць працягваць сваю працу, а для пакупнікоў будуць захаваныя справядлівыя цэны. З пастаўшчыкамі вядуцца грунтоўныя перамовы па аднаўленні адгрузак на ранейшым узроўні», — падкрэслівае бізнэсмен.
«Востраў чысціні і смаку» — адна з найбуйнейшых у Беларусі сетак бытавой хіміі і гаспадарчых тавараў. Раней яна называлася «Востраў чысціні» і прадавала ў асноўным мыйныя сродкі і прадметы гігіены, але апошнім часам пашырыла свой асартымент за кошт харчовай прадукцыі. Пад гэтай маркай у 110 гарадах Беларусі сёння працуе каля 600 спецыялізаваных крам.