Знайсці
19.12.2022 / 09:052РусŁacБел

«Замовіў крыху алкаголю і чатыры порцыі дранікаў на 400$». Выйшла кніга пра тое, як тусаваўся Мінск 90-х

«Тэлефануе чувак з Мінска ў дзень канцэрта: «Мы тут напярэдадні выпілі тэхнічны спірт. Адзін памёр, адзін аслеп. Соры, мы не прыедзем», — згадвае 90-я заснавальнік клуба «Касмаполітан» Юрон Індзеец. У новай кнізе «Ад Панікоўкі да Шайбы» — гайдзе па тусовачным Мінску таго часу — сабраны ўспаміны яго і многіх іншых вядомых асоб: пісьменніка і мастака Адама Глобуса, прадзюсара гурта «Ляпіс Трубяцкі» Яўгена Калмыкова, вядучай Тамары Лісіцкай, музыканта Аляксандра Памідорава.

Кніга складаецца з трох раздзелаў. «Мінск тусовачны» — пра тое, як людзі бавілі час на лаўках у скверах і на прыступках у падземных пераходах, калі на вуліцы яшчэ можна было піць спіртныя напоі.

«Мінск клубны» расказвае пра спробу закласці клубную традыцыю ў сталіцы, а таксама пра тое, чаму яна аказалася не вельмі паспяховай.

У частцы «Мінск залаты» згадваюцца месцы, якія ва ўсіх былі на слыху, але наведаць якія маглі адзінкі — каб стаць часткай віп, трэба было за паход у клуб аддаць некалькі месячных заробкаў.

Аўтары кнігі — Павел Валатовіч і Аляксей Кавалёў. За іх аўтарствам друкавалася біяграфія «Вялізны цень дажджавога чарвяка» — пра Аляксандра Кулінковіча і «Нейра Дзюбель». Новая кніга выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч».

У гайдзе сабрана 25 месцаў, знакавых для тусовак 90-х (ёсць таксама карта, дзе яны адзначаны). Праўда, некаторыя з апытаных казалі, што варта было згадаць толькі чатыры — клубы «Адыс-Абеба», «Рэзервацыя», «Касмаполітан» і «Тры парсючкі».

Некаторыя з клубаў у кнігу не ўвайшлі, бо ні ў кога не захавалася пра іх успамінаў. Іншыя вядомыя месцы, напрыклад, «Графіці», лічаць больш знакавымі для эпохі нулявых. 

У Беларусі 90-х, пакуль адны зараблялі 20-50 даляраў на месяц, іншыя спускалі за вечар па 200-500.

Журналіст Ягор Хрусталёў у кнізе згадвае:

«Знаёмы замовіў у «Чорным лімоне» крыху алкаголю, шампанскага і чатыры порцыі дранікаў з ікрой — і яму прынеслі рахунак на 400 даляраў! Ён дастаў іх, выклаў, палічыў. Далярамі і расплаціўся — тады ў кабаках можна было».

Трапіць у некаторыя клубы было банальна дорага. Напрыклад, уваход у блатную «Ксанцію» каштаваў 20 даляраў (месячны заробак для некаторых). Але дзяўчатам было бясплатна.

Тусоўшчыкі таго часу без грошай згадвалі, што хадзілі ў канцэртную залу «Мінск» на з'езды баптыстаў, каб бясплатна паесці. У тым жа «Макдональдсе», які адчыніўся ў 1996 годзе, цэны былі высокія.

А вось як апісваюць атмасферу ў клубе «Юла»:

«Аднойчы ахоўнік збіў аднаго сур'ёзнага чыноўніка. Яго вышуквалі, хацелі пакараць. Ён хаваўся, а пасля з'ехаў у Штаты па лінііі баптыстаў. Цяпер ударыўся ў рэлігію і стаў пастарам.

Прыйшлі неяк прастытуткі ў дарагіх футрах, назамаўлялі на круглую суму, а пасля такія: «У нас няма грошай». Ім кажуць, маўляў, здымайце футра. А пад футрам — зусім нічога! Тады яны выводзіліся з залы».

Ёсць, канечне, успаміны і пра «Цэнтральны». Туды заходзіў, напрыклад, расійскі мільярдэр Брынцалаў, які жыў у гасцініцы «Еўропа». Калі ў яго пыталіся, навошта выпівае з некім, адказваў: «Мне ад яго нічога не трэба». І мільярдэра не прасілі купіць выпіўку, бо ў «Цэнтральным» гэта мог дазволіць сабе любы.

«Тусоўкі — гэта зло, і вы зразумееце чаму», — анансаваў выданне Павел Валатовіч на прэзентацыі ў Вільні.

У гайдзе сабраны таксама атмасферныя фота з тусовак 90-х.

Набыць кнігу можна тут.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Бружмель/адказаць/
19.12.2022
Спадарства, чаму па-расейску кніга?
2
гобблін/адказаць/
24.12.2022
Ой, простите! Вас забыли спросить
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера