Знайсці
24.12.2022 / 17:20РусŁacБел

«Знешнегрупавая нянавісць» рухае людзьмі мацней, чым «унутрыгрупавая любоў». Вынік даследавання групавых канфліктаў

Навукоўцы з Прынстанскага ўніверсітэта мяркуюць, «людзі хутчэй нашкодзяць сабе, чым пагодзяцца, каб палепшала ворагу». Простымі словамі, чалавек кіруецца прыцыпам «ні мне, ні табе» і, хутчэй за ўсё, нашкодзіць сваім блізкім, калі альтэрнатывай будзе паляпшэнне становішча яго апанентаў.

«Возьмем для прыкладу Мантгомеры, штат Алабама, дзе раней толькі белыя жыхары маглі наведваць грамадскі басейн, пакуль у 1959 годзе федэральны суд не прызнаў такое раздзяленне недапушчальным. Пасля гэтага цалкам белая гарадская рада сутыкнулася з непрыемнай дылемай: даць чорным жыхарам доступ да басейна або закрыць адно з улюбёных грамадскіх месцаў у горадзе. У выніку яны абралі другое і закрылі басейн, тым самым паказаўшы, што варыянт з атрыманнем выгады апанентамі для іх больш непрымальны, чым пазбаўленне выгады сябе ж», — прыводзяць даследчыкі ў якасці прыкладу і дадаюць, што да сённяшніх дзён не рабілася сур'ёзных даследаванняў па тэме існавання ў людзей «агульнай схільнасці» да нанясення шкоды сваім паплечнікам, каб «толькі б ворагам нічога не дасталася», нават пры адсутнасці добрых вынікаў для сябе.

Таму Рэйчэл Гершан і Арыэль Фрыдман, аўтары даследчага артыкула, нядаўна апублікаванага ў навуковым часопісе PNAS, у рамках свайго даследавання правялі шэсць псіхалагічных эксперыментаў у некалькіх краінах і змаглі даказаць наяўнасць узгаданай вышэй «агульнай схільнасці» да самазнішчэння на шкоду суперніку.

Навукоўцы высветлілі, што ў канфліктах людзі ставяць вышэй прынцыпы, каштоўнасці, аўтарытэт сваёй групы і ў складанай сітуацыі гатовыя цярпець любыя рэпутацыйныя або матэрыяльныя страты, абы толькі не змяніць сваю сутнасць, не прадэманстраваць да сяброў нелаяльнасць і не здацца ворагу больш слабым.

«Толькі 20—30% людзей падчас эксперыментаў пажадалі змяніць уклад сваёй групы і пайсці на саступкі апанентам для мінімізацыі ўрону разам з дасягненнем рацыянальна-лепшага для сябе выніку нават з выгадай для апанентаў», — сцвярджаюць даследчыкі.

Большасць жа, незалежна ад сваіх ідэалагічных і палітычных поглядаў, лічыць сябе і падобных да сябе больш эфектыўнымі, нават калі справы ў іх ідуць дрэнна, яны не здольныя ахвяраваць упэўненасцю ў сваёй выключнасці на карысць рацыянальнасці і прагматызму.

«Вынікі нашага даследавання даюць дадатковыя звесткі аб псіхалагічных бар'ерах, здольных перашкаджаць дасягненню чалавечага прагрэсу ў розных сферах жыцця. Як мы можам дасягнуць кампрамісу па агульначалавечых пытаннях, калі бакі канфлікту хутчэй нашкодзяць сабе, чым дапамогуць агульнай справе саступкамі? Гэтыя псіхалагічныя бар'еры будуць перашкаджаць не толькі дасягненню тых мэтаў, супраць якіх мы выступаем, але і тых, якія будуць важныя ўжо для нас саміх», — падагульняюць навукоўцы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера