Знайсці
03.01.2023 / 23:08РусŁacБел

Шкляныя жабы: від, які выконвае смяротны фокус, каб стаць нябачным

Празрысты страўнік жабы — геніяльная хітрасць. Скура шкляных жаб зялёная на спіне і празрыстая на жываце. Яна ператварае ніз амфібіі ў жывое акно, якое прапускае святло, схаваўшы істоту ад птушак і змей. Але самае фантастычнае адбываецца ў іх з крывёю.

Фота: Вікіпедыя, Mauricio Rivera Correa

Шкляныя жабы жывуць на дрэвах у тропіках Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. Але жыццё іх нельга назваць сціплым: амфібіі памерам з цукерку (звычайна ад 3 да 7,5 см) умеюць дэманстраваць свае ўнутраныя органы. Паглядзіце на іх знізу — і вас чакае акварыум з вантробамі: пульсуючае сэрца, матрыца костак, сілуэт кішэчніка…

Празрысты страўнік жабы — геніяльная хітрасць. Скура шкляных жаб зялёная на спіне і празрыстая на жываце. Яна ператварае ніз амфібіі ў жывое акно, якое прапускае святло, схаваўшы істоту ад птушак і змей.

Ёсць толькі адна праблема з выглядам гэтай жабы, які, наадварот, празмерна прыцягвае ўвагу — гэта сетка ярка-чырвоных крывяносных сасудаў, якія пераплятаюцца па ўсіх яе тканках. З-за гэтага ўдзень у жаб могуць узнікнуць праблемы, калі яны спяць сярод лісця, бо ўласная кроў пагражае выдаць іх.

Каб залатаць дзіркі ў плашчы-невідзімку, шкляныя жабы ўжываюць радыкальныя захады. Прыкладна за гадзіну да таго, як пагрузіцца ў сон, каля 90 працэнтаў клетак крыві перацякае ў іх малюсенькую печань.

Астатняя частка цела аказваецца ў стане кіслароднага галадання, рызыкуючы пашкодзіць далікатныя органы. Гэта і дае жабе часовую здольнасць быць непрыкметнай. The Atlantic піша, што шкляныя жабы здольныя хаваць сваю кроў такім чынам каля 12 гадзін запар.

Празрыстасць скуры не выклікае пытанняў у даследчыкаў: трэба проста пазбавіцца ад такіх пігментаў, як меланін, які паглынае і адбівае святло, кажуць яны. А рух крыві, аднак, пакуль не разгаданая вучонымі таямніца. Кроў не можа быць празрыстая, што звязана з наяўнасцю гемаглабіну — бялку, неабходнага для пераносу кіслароду па ўсім целе; і жабы не могуць пазбавіцца ад яго пры ўсім жаданні, бо інакш ім неабходна было б перастаць дыхаць. Таму замест гэтага яны выкарыстоўваюць святлопаглынальны гемаглабін. 

Спячыя шкляныя жабы / Фота: Jesse Delia, American Museum of Natural History

Накіраваўшы лазеры на жаб, навукоўцы змаглі адсачыць рухі асобных клетак крыві, калі істоты засыналі і прачыналіся для начных прагулак. Каманда выявіла, што, калі жабы спяць, іх сасудзістая сетка амаль цалкам запаўняецца бясколернай плазмай (калі не ўлічваць блакітнаватага адцення) з украпінамі ўсяго некалькіх чырвоных клетак. Гэта робіць іх цела ў два-тры разы больш празрыстым, чым яно ёсць у стане няспання.

Нават напоўненая клеткамі крыві печань гуляе ў сваю ўласную гульню, каб падмануць драпежнікаў: звонку орган пакрыты плёнкай з малюсенькіх святлоадбівальных крышталікаў, якія па сутнасці хаваюць чырвань за белым покрывам.

Як тканкі жаб вытрымліваюць дзіўны бяскроўны стан гадзінамі запар, застаецца загадкай. Калі ўзяць 89 працэнтаў чалавечай крыві і змясціць яе ў печань уначы — то, верагодна, чалавек будзе мёртвы яшчэ да раніцы.

Таксама навукоўцы не разумеюць, як печань спраўляецца са штодзённым прытокам. Канцэнтрацыя такой колькасці чырвоных крывяных цельцаў у такой невялікай прасторы павінна выклікаць катастрафічнае загусценне, але жабы спраўляюцца з гэтым выдатна. Здаецца, яны надзвычай хутка аднаўляюцца, пераразмяркоўваючы клеткі крыві на працягу некалькіх секунд пасля абуджэння.

Манеўр амаль дакладна мае свае мінусы, кажуць навукоўцы. Нягледзячы на ​​тое, што шкляныя жабы, здаецца, здольныя хутка напаўняць свае сасуды ўначы, іх мускулам можа спатрэбіцца некаторы час, каб адкалібравацца, у выніку чаго суставы могуць нейкі час заставацца скаванымі. Любая жывёла, якая зразумее гэты трук, можа быць узнагароджана млявай, здранцвелай закускай.

Тым не менш даследчыкам падабаюцца шанцы жаб на выжыванне. Магчыма, яны не найлепшыя майстры ўцёкаў, але дакладна майстры маскіроўкі: калі яны збіраюцца спаць, то прыціскаюцца целам да ліста, хаваюць лапы і ўцягваюць вочы ў галаву. Такім чынам яны становяцца падобнымі да звычайнай пупышкі, якую лёгка зблытаць з яшчэ адным зялёным камячком у лесе ці прыняць за гульню светлавых промняў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера