Знайсці
03.01.2023 / 21:52РусŁacБел

Нечаканыя знаходкі: старажытнае захворванне можа паспрыяць рэгенерацыі важнага органа

Лепра (праказа) — хранічнае інфекцыйнае захворванне, якое выклікае бактэрыя Mycobacterium leprae. Гэта адно з найстарэйшых і найбольш устойлівых захворванняў у свеце. Аднак новае і нечаканае даследаванне выявіла, што бактэрыя, якая выклікае лепру, можа стымуляваць рост і рэгенерацыю печані ў дарослых жывёл, не выклікаючы пры гэтым пашкоджання тканкі ці рубцоў на ёй. Навукоўцы выявілі, што паразіты могуць перапраграмаваць клеткі, каб павялічыць памер печані.

Фота: vecteezy

Атрыманыя даныя сведчаць пра магчымасць выкарыстання гэтага натуральнага працэсу для амаладжэння печані і падаўжэння перыяду здаровага жыцця ў людзей. Таксама можа быць магчымасць выкарыстоўваць гэты працэс для аднаўлення пашкоджанай печані, патэнцыйна памяншаючы патрэбу ў яе трансплантацыі (перасадка на сёння ёсць адзіным эфектыўным метадам лячэння моцна пашкоджанай печані).

Папярэднія даследаванні дэманстравалі аднаўленне печані мышэй шляхам атрымання стваловых клетак і клетак-папярэднікаў (гэта наступны этап пасля стваловой клеткі, пры якім яна потым можа стаць клеткай любога тыпу для печані) з дапамогай інвазіўнай тэхнікі, якая часта прыводзіла да з’яўлення рубцоў і росту пухліны.

Каб пазбегнуць шкодных пабочных эфектаў, эдынбургскія даследчыкі абапіраліся на сваё папярэдняе адкрыццё — здольнасць да частковага клеткавага перапраграмавання бактэрый, якія і выклікаюць Mycobacterium leprae.

Працуючы з Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША ў Батон-Руж, штат Луізіяна, каманда заразіла паразітам 57 браняносцаў і параўнала іх печань з печанню як неінфіцыраваных браняносцаў, так і з печанню тых, у каго была выяўленая ўстойлівасць да інфекцыі.

Аказалася, што ў інфіцыраваных жывёл печань была хоць і павялічаная, але здаровая і цэлая. У яе былі тыя ж жыццёва важныя кампаненты, такія як крывяносныя сасуды, жоўцевыя пратокі і функцыянальныя адзінкі (вядомыя як «долькі»), што і ў неінфіцыраваных, і ўстойлівых да хваробы браняносцаў.

Каманда лічыць, што бактэрыі «захапілі» прыроджаную здольнасць печані, каб павялічыць памер органа і, такім чынам, забяспечыць яго вялікай колькасцю клетак, у сярэдзіне якіх бактэрыя зможа расці. Яны таксама выявілі некалькі прыкмет таго, што асноўныя віды клетак печані, вядомыя як гепатацыты, дасягнулі «амалоджанага» стану ў інфіцыраваных браняносцаў.

Печань інфіцыраваных браняносцаў таксама ўтрымлівала патэрны, аналагічныя ў маладых жывёл і эмбрыянальнай печані чалавека. Гены, звязаныя з метабалізмам, ростам і праліферацыяй клетак (разрастанне тканкі арганізма шляхам размнажэння клетак дзяленнем), былі актываваныя, а тыя, што звязаныя са старэннем, былі паніжаныя або падаўленыя. Навукоўцы мяркуюць, што гэта адбываецца таму, што бактэрыі перапраграмавалі клеткі печані, вярнуўшы іх на больш раннюю стадыю клетак-папярэднікаў, якія, у сваю чаргу, сталі новымі гепатацытамі, здольнымі вырошчваць новыя тканкі печані.

Каманда спадзяецца, што гэта адкрыццё можа дапамагчы ў распрацоўцы лекаў супраць старэння і пашкоджанняў печані ў людзей. У цяперашні час амаль два мільёны смерцяў у год здараюцца з-за хвароб печані.

Прафесар Анура Рамбукана з Цэнтра рэгенератыўнай медыцыны Эдынбургскага ўніверсітэта сказала: «Калі мы зможам вызначыць, як бактэрыі вырошчваюць печань як функцыянальны орган і пры гэтым не выклікаюць пабочных эфектаў у жывых жывёл, мы зможам прымяніць гэтыя веды для распрацоўкі больш бяспечных тэрапеўтычных умяшанняў для амаладжэння старэючай печані і рэгенерацыі пашкоджаных тканак».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера