Знайсці
25.01.2023 / 12:33РусŁacБел

Генсак НАТА: Расія плануе новыя наступы, таму Украіне трэба больш танкаў і зброі

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заклікаў членаў альянсу ўзмацніць падтрымку Кіева, у тым ліку танкамі і іншай цяжкай тэхнікай.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю нямецкаму выданню Welt, піша «Еўрапейская праўда».

«Няма ніякіх прыкмет таго, што прэзідэнт Пуцін змяніў сваю мэту — дамінаваць ва Украіне. Нішто не паказвае, што ён рыхтуецца да міру. Ён гатовы ахвяраваць дзясяткамі тысяч расійскіх салдат у гэтай зусім неапраўданай вайне. Ён мабілізаваў больш за 200 тысяч вайскоўцаў, плануе мабілізаваць яшчэ больш і актыўна працуе над тым, каб атрымаць больш зброі ад іншых аўтарытарных дзяржаў, як Іран і Паўночная Карэя. Мы ведаем, што Расія плануе новыя наступы, і мы павінны быць да іх гатовыя. Вось чаму так важна, каб мы працягвалі ўзмацняць нашу падтрымку Украіны», — сказаў Столтэнберг.

Паводле яго слоў, большасць войнаў заканчваецца за сталом перамоў, але тое, чаго Украіна можа дасягнуць у такіх перамовах, непарыўна звязана з ваеннай сітуацыяй.

«Таму калі мы хочам знайсці рашэнне, пры якім Украіна выжыве як суверэнная і свабодная краіна, то дзейнічаць неабходна ўжо цяпер. Больш цяжкай тэхнікі для Украіны абсалютна неабходна. Вось чаму я вітаю любую аб'яву аб пастаўках асноўных баявых танкаў ва Украіну», — сказаў генеральны сакратар НАТА.

Столтэнберг таксама лічыць, што на гэты момант рызыка прымянення Расіяй ядзернай зброі нізкая.

«Але расійская ядзерная рыторыка абсалютна безадказная. Яна небяспечная. Расія павінна ведаць, што ядзерную вайну ніколі не выйграць, і таму яе ніколі не варта пачынаць. Вядома, мы вельмі ўважліва сочым за тым, што робіць Расія, і пакуль што не бачым ніякіх зменаў у расійскіх ядзерных сілах. Калі б гэта было так, мы б, вядома, адрэагавалі», — сказаў ён.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930