Знайсці
29.01.2023 / 15:0523РусŁacБел

З Канстытуцыі Татарстана выкраслілі атрыбуты самастойнай дзяржавы

Татарстан, які з 1990-х гадоў пазіцыянаваў сябе як самастойная дзяржава, якая добраахвотна аб'ядналася з Расіяй, больш не з'яўляецца такім па Канстытуцыі. Папраўкі ў закон пазбавілі яго апошніх атрыбутаў самастойнасці. Татарстан больш не мае ні пасады прэзідэнта, ні суверэнітэту, носьбітам якога быў шматнацыянальны народ. Ёсць і іншыя змены, расказвае «Idel.Рэалія».

Фота: прэс-служба прэзідэнта Рэспублікі Татарстан

Праўкі ў Канстытуцыю падпісаў учора прэзідэнт Татарстана Рустам Мініханаў. Змены ўступаюць у сілу з 6 лютага. 

Усяго 64 праўкі.

Галоўная з іх — Мініханаў перастае быць прэзідэнтам да заканчэння сваіх паўнамоцтваў. Новая пасада будзе называцца «кіраўнік — Раіс Рэспублікі Татарстан» (раіс з арабскага азначае начальнік або старшыня).

З артыкула 1 Канстытуцыі Татарстана прыбраныя згадкі пра суверэнітэт і дамову аб размежаванні паўнамоцтваў. «Рэспубліка Татарстан — дэмакратычная прававая дзяржава ў складзе Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца ў новай рэдакцыі. Да гэтага Татарстан быў дзяржавай, «аб'яднанай з Расійскай Федэрацыяй Канстытуцыяй Расійскай Федэрацыі, Канстытуцыяй Рэспублікі Татарстан і Дамовай».

Замест суверэнітэту з'яўляецца тэрмін «дзяржаўнасць». 

Згадка суверэнітэту выключаецца і з іншых артыкулаў Канстытуцыі Татарстана. Напрыклад, у артыкуле 3 шматнацыянальны народ больш не «носьбіт суверэнітэту». «Улада ў Рэспубліцы Татарстан ажыццяўляецца яе шматнацыянальным народам непасрэдна, а таксама праз органы дзяржаўнай улады і органы мясцовага самакіравання», — гаворыцца ў новай рэдакцыі дакумента.

Таксама слова «суверэнітэт» выключаецца з артыкула 94, дзе раней гаварылася, што прэзідэнт Татарстана забяспечвае суверэнітэт Рэспублікі. У артыкуле 121 герб, сцяг і гімн Татарстана цяпер адлюстроўваюць не суверэнітэт, а дзяржаўнасць.

Таксама выключаюцца згадкі дамовы з большасці артыкулаў. Застаецца толькі норма, што «можа быць заключаны дагавор аб размежаванні прадметаў вядзення і паўнамоцтваў» у будучыні.

Страчвае сілу артыкул 21 аб грамадзянстве Татарстана. «Грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Татарстан, ёсць грамадзянінам Рэспублікі Татарстан», — гаварылася раней у гэтым артыкуле.

Таксама прыбіраецца артыкул 15, дзе было сказана, што «Рэспубліка Татарстан адхіляе гвалт і вайну як сродак вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі і народамі», а «прапаганда вайны забараняецца».

Таксама выключаецца палажэнне, што «арышт, заключэнне пад варту і ўтрыманне пад вартай дапускаюцца толькі паводле судовага рашэння». 

У новай рэдакцыі няма палажэння, што «дэпутат Дзяржаўнага Савета, які не апраўдаў даверу выбаршчыкаў, можа быць адкліканы».

Выключаецца шэраг паўнамоцтваў парламента Татарстана. Напрыклад, ён больш не мае права тлумачыць законы Рэспублікі і ўсталёўваць сістэму органаў выканаўчай улады рэгіёна. Кандыдатуру прэм'ер-міністра Рэспублікі парламент будзе толькі ўзгадняць, а не зацвярджаць, як раней. Акрамя таго, Дзяржсавет не будзе ўзгадняць кандыдата на пасаду пракурора Рэспублікі.

Замест Канстытуцыйнага суда Татарстана будзе Канстытуцыйны савет.

У новай рэдакцыі Канстытуцыі Татарстана больш няма патрабавання, што кандыдат на пасаду кіраўніка Рэспублікі павінен валодаць дзяржаўнымі мовамі — рускай і татарскай. У новай рэдакцыі толькі сказана, што кіраўнік «пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў выкарыстоўвае дзяржаўныя мовы». Але з гэтага не вынікае, што кіраўнік рэспублікі ведае мову.

Кіраўнік (раіс) можа сысці ў адстаўку ў сувязі са стратай даверу прэзідэнта Расіі. А таксама зможа пераабірацца бясконцую колькасць разоў (раней было прапісана, што не больш за два тэрміны запар).

Новы закон дазваляе Мініханаву зноў пайсці на выбары кіраўніка Татарстана.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Мойша/адказаць/
30.01.2023
Радар, ужо праз год паўтара прыменяць
1
Незалежнасць нават такая як у Беларусі гэта каштоўнасць/адказаць/
30.01.2023
Ну і хто там ляпаў, што фармальна Беларуская незалежнасць не мае сэнсу? Што адкажа спадар Халезін і іншыя
0
Бизнес,ничего личного./адказаць/
30.01.2023
Мойша,мы не хаваемся ў бульбу,а змагаемся  ў Беларусі і Украіне.Хлопцы атрымліваюць раненні і гінуць,,сядзяць па вязніцах.Мы здольны выйсці ў час "Х" з падполья і не з каляровымі шарыкамі і кветкамі.Зараз мы супрацьстаім мацнейшай злачыннай групоўцы КГБ-ФСБ.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера