Знайсці
05.02.2023 / 20:542РусŁacБел

«Разумець не абавязкова, галоўнае — любіць». Жбанкоў, Кацяловіч і Тарналіцкі вучаць, як адрозніваць добрае кіно ад кепскага

Распыталі беларускіх кінакрытыкаў, якое кіно яны раяць паглядзець абавязкова. Узгадалі Джармуша, Таранціна, Кар-Вая, а таксама Донта, Ланга і Гайдая.

Кадр з фільма Джыма Джармуша «Выжывуць толькі каханкі». Крыніца: flickr.com

Максім Жбанкоў: «Самыя безнадзейныя стужкі я бачыў у спісе намінантаў на «Оскар»

Сітуацыя з кіно падобная да сітуацыі з людзьмі ці падзеямі: разумець іх не абавязкова, галоўнае — любіць. У свой час вядомы джазмен Луі Армстранг на пытанне «Што такое джаз?» адказаў: «Калі вы пытаецеся, то вы ніколі не зразумееце». Тое самае і з кіно.

Як і ўсё, што робіцца ў культуры, кіно — гэта перадусім эмацыянальны атракцыён. Гэта спроба пашырэння свядомасці, сродак зрабіць сваё бачанне свету больш каляровым. Калі гэта атрымліваецца, калі ёсць эмацыйны рэзананс таго, што ў цябе ўнутры, і таго, што прапануе аўтар, вось тады адбываецца цуд камунікацыі, тады гэта лічыцца падзеяй. Таму галоўнае — шукаць падзеі, шукаць цікавае, невідавочнае, перш за ўсё каштаваць.

Культурны досвед пачынаецца з культурнай дэгустацыі, таму варта спрабаваць, рызыкаваць, расчароўвацца і знаходзіць.

Тое, як канкрэтна гэта рабіць, залежыць ад таго, якую мэту вы маеце. Калі ваша мэта — чыста візуальнае задавальненне, яго можна атрымаць і ад апошняга «Аватара». Калі ў вас мэта ўсё ж такі пакаштаваць кіно як сістэму разнастайных дыялектаў, калі вас цікавяць адхіленні і невідавочныя рашэнні, калі вы спрабуеце выйсці за межы камерцыйнага спажывання, тады вы пачынаеце дайвінг у кіно.

Самае простае — набыць якую-небудзь кніжку накшталт «100 кінастужак мінулага стагоддзя» і проста пайсці па спісе, у гэтым памылкі не будзе. Але мне цікавей асабістыя прыгоды.

Згадаем шлях Квенціна Таранціна: ён ніколі не меў кіношнай адукацыі, але працаваў у відэасалоне і тупа на выхадных глядзеў па 8—9 самых разнастайных стужак запар. Гэта былі ягоныя ўніверсітэты.

Ёсць іншы шлях. Напрыклад, як будавалася французская «новая хваля» канца 50-х — пачатку 60-х? Ля яе вытокаў стаялі дасведчаныя кінаманы, кінакрытыкі, частка дакументалістаў, якія спрабавалі выйсці за абмежаванні свайго фармату, то-бок гэта былі зацікаўленыя людзі. Яны мелі матывацыю, у іх было адчуванне неверагодна прыгожай культурніцкай прыгоды. Гэта і было галоўным: энергетыка пошуку, вынаходніцтва, эксперыменту. Хтосьці сказаў, што кожная кінагенерацыя нанава вынаходзіць мову кіно. Гэтая траекторыя пошуку — і ёсць самае цікавае для мяне. Галоўнае, каб чалавека торкала.

Добрае кіно ці дрэннае — гэта суб’ектыўныя ацэнкі, вымярэнне асабістага досведу. Яны вызначаюцца супадзеннем ці несупадзеннем таго, што робіць кінааўтар, з тваім актуальным настроем і тэмпераментам.

Для кожнага з нас добрым кіно робіць менавіта рэзананс аўтарскай прамовы і нашага прыватнага эмацыйнага досведу.

Добрае і дрэннае кіно — гэта азначэнні, якія не маюць нейкага непасрэднага спалучэння з узроўнем прафесіяналізму, тэхнічным узроўнем, памерам бюджэту, колькасцю «Оскараў» і гэтак далей. Самыя безнадзейныя і сумныя стужкі ў сваім жыцці я бачыў у спісе намінантаў на «Оскар».

Таму зноў жа: факусіруемся на прыватным досведзе або азіраемся на меркаванні пэўнай купкі экспертаў: кінарэжысёраў, кінакрытыкаў ці іншых людзей, хто робіць кіно і мае крэдыт нашага даверу.

Думаю, у адукаванага чалавека мусіць існаваць фармат культурніцкай незалежнасці, права на асабісты густ і асабісты выбар.

Калі ў чалавека ёсць усё гэта і, у дадатак, асабісты досвед, яго вельмі цяжка ўпэўніць, што штосьці ёсць шэдэўрам, калі ён не бачыць гэтай шэдэўральнасці, і наадварот. То-бок ёсць праўда актыўнага спажыўца, ёсць праўда прафесійнага крытыка і ёсць праўда камерцыйнага прамоўтара. Штука ў тым, што ўсё гэта — тры розныя праўды і адпаведна розныя крытэрыі выбару паспяховай ці непаспяховай кінастужкі.

Мне ў кіно цікавыя эпохі пошуку, фармальных эксперыментаў, калі аўтар выходзіць за межы канкрэтнай стылістычнай матрыцы і пачынае гуляцца з кінамовай, нанава вынаходзіць кінематограф. Таму мне вельмі цікавая эпоха нямецкага кінаэкспрэсіянізму, абсалютна захапляе французская «новая хваля», люблю нямецкае новае кіно канца 60-х — пачатку 70-х гадоў.

Што да больш блізкіх часоў, то цікавыя тыя, хто нанова будуе кінапрастору. Для мяне гэта перадусім Джым Джармуш, таксама Квенцін Таранціна і Вонг Кар-Вай.

Эпізод з фільма Квенціна Таранціна «Бясслаўныя вырадкі». Крыніца: flickr.com

Гэтыя людзі мяне здзівілі, калі я на гэта не разлічваў, гэта фантастычна прыўкраснае кіно, і вельмі цікава назіраць за тым, як гэтыя аўтары развіваюцца. Аўтар жыве сваё жыццё праз свае кінавыказванні, сталее, набіраецца досведу, і гэта ўсё адлюстроўваецца ў кінематографе як эвалюцыя моцнай крэатыўнай персоны. Варта арыентавацца на такіх асоб, бо, калі ты далучаешся да іх прамоў, яны робяць цябе самога больш таленавітым, дасведчаным, яскравым і каляровым.

Ірэна Кацяловіч: «Цаню, калі эмоцыі нараджаюцца ў самым няўлоўным. Тады гэта амаль што магія»

Вядома, няма такога набору фільмаў, які вы паглядзіце і ўсё на свеце пра кіно зразумееце, але калі пачынаць, то, безумоўна, з пачатку — з першых эксперыментаў, калі кіно было толькі тэхнічнай навінкай, атракцыёнам, «фатаграфіяй, якая рухаецца», калі праекцыя міргала, стужка ўвесь час ірвалася, а эфірныя лямпы выклікалі пажары, у якіх жывымі згаралі гледачы (так, здаралася і такое). Я тут маю на ўвазе час, калі кіно ўспрымалася як цуд, калі людзі ад яго слупянелі, калі гледачоў запрашалі за экран упэўніцца, што за ім нікога няма.

Гледзячы экзэрсісы кінапіянераў ці раннія здымкі ў нейкіх музеях кіно, я люблю спрабаваць глядзець на іх вачыма людзей тых часоў, з такім жа здзіўленнем і захапленнем, і ўяўляць, як бы яны ўспрынялі тое, наколькі кіно прасунулася наперад.

Таму што ўсведамленне гэтай эвалюцыі ў адзін момант натуральна зносіць дах і нагадвае, што кінамастацтва зрабіла такі шлях ад кірмашовай забавы не для таго, каб мы абмяжоўвалі сябе шаблоннымі рамкомамі, а ўвесь час шукалі ў кіно тое самае здзіўленне.

Такім чынам, гэта, вядома, «Выхад рабочых з фабрыкі», з паказу якога многія адлічваюць гісторыю кіно, а таксама «Прыбыццё цягніка», «Кармленне дзіцяці», «Паліты палівальшчык» ды іншыя фільмы братоў Люм’ер. Гэта «Бабуліна лупа» Джорджа Сміта і ўсе работы «брайтанскай школы». Гэта «Падарожжа на Месяц» і фільмы з трукамі з заменай і пераўтварэннем Жоржа Мяльеса. Гэта «Забойства герцага Гіза» фірмы «Фільм д’ар» і ўсё такое іншае.

Топ фільмаў для разумення кіно? Ніякі топ не зробіць поўную карціну, але адкажу так. «Страсці Жанны д’Арк» Карла Тэадора Дрэера — для разумення моцы нямога кіно. «400 удараў» Франсуа Труфо — для разумення свабоды ў кіно. «Вясна, лета, восень, зіма… і зноў вясна» Кім Кі Дука — для разумення, як можа працаваць тэмп у кіно. «Агні вялікага горада» Чарлі Чапліна — для разумення важнасці героя ў кіно.

І з апошняга — «Блізка» Лукаса Донта для разумення таго, наколькі кіно — гэта больш, чым проста карцінка ў суправаджэнні нейкіх гукаў.

Кадр з фільма «Агні вялікага горада». Крыніца: flickr.com

Здаецца, самае частае пытанне да мяне як да кінакрытыка — як адрозніць добрае кіно ад дрэннага. Заўсёды губляюся, як на яго адказаць, таму што на кожны меркаваны крытэрый знойдуцца шэдэўры, якія яго абвергнуць. Калі б былі нейкія выразныя крытэрыі, паводле якіх можна ацаніць кіно, усе кінакрытыкі пісалі б аднолькава станоўчыя альбо адмоўныя рэцэнзіі, а журы прэмій і кінафестываляў вызначалі б пераможцаў за 5 хвілін.

Хіба свабода ад шаблонаў акурат і ёсць тая мерка, з якой ты ўгадаеш у большасці выпадкаў.

Таксама ты заўсёды ацэньваеш, наколькі лоўка і завершана аўтар спалучае ўсё, што кіно ў сабе аб’ядноўвае, — карцінку, гук, час, тэмп, мантаж, унутрыкадравы мантаж, наколькі ён здольны ўпісаць паміж гэтымі слаямі больш таго, што змяшчае ў сабе сцэнар, як ён карыстаецца рэсурсам, які прапаноўвае менавіта кіно і ніякае іншае мастацтва. Асабіста я цаню, калі эмоцыі нараджаюцца не ў гучных словах ці музычных маніпуляцыях, а ў самых няўлоўных рэчах, і тады гэта амаль што магія.

Я ўвесь час шчыра кажу, што любое кіно вартае ўвагі, бо і няякаснае яно ў пэўным сэнсе адлюстроўвае тэндэнцыі, наратывы, мадэлі працы і так далей. Але як на сёння, думаю, што беларускай публіцы неабходна сказаць цвёрдае «не» танным расійскім серыялам, якія праз тэлебачанне трапляюць на тэлеэкраны на нашай тэрыторыі.

Тарас Тарналіцкі: «У кожнага свой пункт уваходу»

Нельга дакладна сказаць, з чаго пачаць разбірацца ў кіно. Я сам вывучаў розныя крыніцы, кнігі пра кіно, глядзеў стужкі. Але, каб гэта былі больш сістэмныя веды, можна скончыць пэўны прыватны курс кінаадукацыі, іх можна знайсці ў інтэрнэце на англійскай і рускай мовах. Там расказваюць пра асноўныя вехі ў развіцці кіно: з’яўленне самога кінематографа, нямое кіно, гукавое, з’яўленне колеру ў кіно, а таксама пра розныя напрамкі — класічную эру амерыканскага кіно, новы Галівуд, сучасны Галівуд, розныя кірункі еўрапейскага кіно.

Калі вы пройдзеце такі курс, то ў вас у галаве складзецца сістэма. З такой базай можна чытаць розныя кнігі па тэме, напрыклад, Рабера Брэсона, Труфо пра Хічкока, каб лепш разумець розныя напрамкі ў кінематографе. Усё гэта будзе вельмі карысна, але перш за ўсё варта сфармаваць пэўны шкілет ведаў, каб разумець, што з чаго выходзіць.

Каб зразумець савецкі кінаавангард, трэба глядзець «Браняносец Пацёмкін» Эйзенштэйна ці «Кіно-вока» Вертава. Каб зразумець нямецкі экспрэсіянізм у кінематографе 20—30-х гадоў, трэба глядзець, напрыклад, «Кабінет доктара Калігары» ці стужкі Фрыца Ланга.

Афіша фільма «Метропаліс» Фрыца Ланга. Крыніца: commons.wikimedia.org

Каб зразумець французскую «новую хвалю», трэба глядзець стужкі Гадара ці Труфо. Вывучаць савецкі кінематограф можна па фільмах Данэліі, Разанава, Гайдая — яны трошкі папсовыя, але вельмі добра паказваюць эзопавай мовай савецкую рэчаіснасць.

Што да беларускага кіно, напэўна, трэба глядзець фільмы Віктара Турава ці Міхаіла Пташука, асабліва іх першыя працы.

Тым не менш, не існуе фільмаў, якія рэпрэзентуюць увесь кінематограф, ёсць толькі тыя, што паказваюць пэўны яго перыяд. Напрыклад, Таранціна давялося прагледзець некалькі тысяч фільмаў, каб зразумець кіно і потым пачаць яго ствараць. Вудзі Ален таксама займаўся самаадукацыяй: ён штосьці глядзеў, штосьці чытаў пра кіно і з дапамогай гэтых ведаў таксама ствараў уласныя фільмы.

Як ацаніць, добрае кіно ці дрэннае? Усе гледачы і кінаэксперты маюць уласныя крытэрыі гэтага.

Розніца паміж добрым і дрэнным кіно вельмі ўмоўная: можна ўстаць раніцай у дрэнным настроі і паглядзець якаснае кіно, але яно падасца вам дрэнным, і аргументы знойдуцца для гэтага.

Тое, як аналізуюць фільмы ў Амерыцы, Брытаніі і Еўропе, будзе адрознівацца ад досведу аналізу кіно ва Усходняй Еўропе, бо ў нас розныя фільтры і рознае мінулае. Магу зразумець, добрае кіно ці дрэннае, калі яно ўздзейнічае на мяне, нараджае пэўныя сэнсы. Ты яго паглядзеў і можаш паразважаць пра тое, што хацеў аўтар, якія сэнсы ён уклаў у сцэнар ці пэўную пастаноўку, як гэта зроблена з візуальнага пункту гледжання, наколькі гэта ўвогуле цікава, наколькі трапна пэўны фільм распавядае гісторыю ці ўздымае пэўную праблему.

У мяне інструментар ацэнкі кіно ўласны, у іншых людзей ён будзе адрознівацца. Людзі могуць быць розных сацыяльных класаў, мець свае інтарэсы, і гэта вельмі накладаецца на тое кіно, што мы глядзім. Хтосьці лічыць, што кіно трэба ацэньваць на эмацыйным узроўні, хтосьці падыходзіць да гэтага пытання рацыянальна. Немагчыма нешта параіць, трэба складаць свой інструментар самастойна.

Кадр з фільма Жана-Люка Гадара «Мужчынскае-жаночае». Крыніца: flickr.com

У кожнага будзе свой пункт уваходу ў кінематограф. Я жыў у Наваколасаве, гэта невялічкі пасёлак у Стаўбцоўскім раёне, і ў 90-я ў нашым Доме культуры дэманстравалі кіно. Тады я ўбачыў на вялікім экране фільм Рыдлі Скота «Гладыятар». Гэта была вельмі ўплывовая для пачатку 2000-х стужка, у першую чаргу таму, што яна стварыла моду на фільмы ў жанры «пеплум» — гэта гістарычнае кіно, у якім выкарыстоўваецца шмат грошай, вельмі раскошныя дэкарацыі, вялікая масоўка. Гэты фільм мяне скарыў, я ім вельмі захапіўся.

Цяпер «Гладыятар» мне не падаецца крутым і добра зробленым. Ёсць пытанні наконт паказу там старажытнага Рыма, бо гэта быў збольшага амерыканскі погляд на тое, як павінна выглядаць рымская дэмакратыя і як трэба рэпрэзентаваць гісторыю старажытнага Рыма. Але, як відовішчнае кіно, «Гладыятар» на мяне вельмі моцна паўплываў, і пасля гэтага я пачаў любіць кіно як магчымасць глядзець вельмі выразныя і захапляльныя гісторыі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Што паглядзець. «Адны з нас» (The Last of Us) — абсалютна захапляльная антыўтопія

Беларуска ў журы «Залатога глобуса» расказала, як вызначала пераможцаў кінапрэміі, і параіла фільмы для прагляду

Топ серыялаў ад журналістаў «Нашай Нівы». Некаторыя з іх дакладна стануць адкрыццём для вас

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
КраЯнка/адказаць
05.02.2023
[Рэд. выдалена]
0
Крытык/адказаць
06.02.2023
Такая сабе падборка - для студэнтаў кінаакадэмій.

А Жбанкоў прам пераўзыходзіць журы Оскара.))) Нават смешна.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера, каб узяць удзел у апытанні
Загружаецца...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031