Знайсці
06.02.2023 / 17:2712РусŁacБел

«Гэта абмежаванне права на адукацыю». Дзяцей з глыбокай разумовай адсталасцю, якія жывуць у інтэрнатах, больш не будуць вучыць

Улетку 2022 года Міністэрства аховы здароўя выдала пастанову, якая фактычна абмяжоўвае дзяцей з інтэрнатаў з ментальнай паталогіяй у праве на адукацыю. «Раней такога не было. Гэта нейкае людаедства», — пракаментавала пастанову радыё «Свабода» адна з настаўніц, якая працуе з такімі дзецьмі.

Фота ілюстрацыйнае

У ліпені 2022 года Міністэрства аховы здароўя па ўзгадненні з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам адукацыі выдала пастанову № 79. Гэтай пастановай чыноўнікі ўстанавілі медычныя паказанні і супрацьпаказанні для атрымання адукацыі. Адзін з пунктаў пастановы: «Пералік медычных паказанняў для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія знаходзяцца ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання».

Што гэта значыць? Напрыклад, дзеці з інваліднасцю, якія маюць бацькоў і жывуць дома, па-ранейшаму змогуць атрымліваць адукацыю ў спецыялізаваных школах, класах, цэнтрах карэкцыйна-развіццёвай адукацыі і рэабілітацыі. Дзеці, якія знаходзяцца ў інтэрнатах і маюць пэўныя дыягназы, не будуць больш атрымліваць адукацыю. Міністэрства адукацыі вызначыла, што супрацьпаказаннямі для атрымання адукацыі для дзяцей у інтэрнатах з'яўляюцца ў тым ліку «псіхічнае расстройства і расстройства паводзін: разумовая адсталасць (міжнародны код класіфікацыі хваробаў F70—F79), страта слыху 2-4 ступені, глухата паводле Сусветнай арганізацыі здароўя».

Пастанова набыла моц 1 верасня 2022 года. Але да супрацоўнікаў, якія працуюць з асаблівымі дзецьмі ў інтэрнаце, яе давялі толькі нядаўна. Чыноўнікі растлумачылі, што змены будуць уведзеныя з 1 лютага.

«Простымі словамі гэта гучыць так: дзеці з лёгкай і сярэдняй разумовай адсталасцю, якія знаходзяцца ў інтэрнатах, будуць і далей атрымліваць адукацыю. Дзеці з глыбокай адсталасцю не будуць», — растлумачыла «Свабодзе» крыніца, блізкая да сацыяльнай службы і працы з дзецьмі з інваліднасцю.

Што гэта зменіць у жыцці дзяцей у інтэрнатах

Крыніца «Свабоды» назвала пастанову Міністэрства аховы здароўя «людаедствам».

«У дзяцей з інваліднасцю, апроч дыягназу, ёсць удакладненне — разумовая адсталасць трэцяй ці чацвёртай ступені. Вось трэцюю ступень пакінулі, ім яшчэ можна будзе вучыцца. Чацвёртай ступені — не», — патлумачыла крыніца.

Паводле суразмоўцы выдання, цяпер такім дзецям застаецца толькі сядзець ці ляжаць у сваіх пакоях і «выжываць».

«Што тычыцца адукацыі такіх дзяцей, то тут, натуральна, не ідзе гаворкі пра паўнавартасную адукацыю. Перад такімі дзецьмі ставяцца іншыя задачы. Гэта развіццё якасці жыцця, сацыялізацыя, змена віду дзейнасці. Дапусцім, такіх дзяцей не навучыш пісаць ці чытаць, але можна навучыць адрозніваць колер, форму, правесці заняткі для паляпшэння дробнай маторыкі. Ну не проста ж кінуць іх так, каб яны, як бярвенне, ляжалі ў сваіх пакоях», — зазначыла крыніца.

Суразмоўца кажа, што нават такія дзеці пры адпаведных занятках з імі дасягалі «пэўных поспехаў».

«Дзяцей вучылі разбіраць ежу на смак, рабіць шнуроўку. Папросту ў іх іншая якасць жыцця пры адукацыі. То-бок калі раней гаворка ішла пра навучанне, цяпер — пра выжыванне», — дадала крыніца.

Па яе словах, асноўнай мэтай заняткаў з такімі дзецьмі было павышэнне ўзроўню агульнага развіцця, фармаванне навыкаў сацыяльнага ўзаемадзеяння, развіццё камунікатыўных навыкаў.

Што можна зрабіць?

Педыятарка Мая Церакулава да нядаўняга часу працавала лекарам у Бабруйску. Яе звольнілі, цяпер яна жыве ў Польшчы. Дачка педыятра мае асаблівасці развіцця. Яна вучылася паводле адмысловай праграмы для такіх дзяцей.

«Я паглядзела спіс устаноў у гэтай пастанове, дзе дзеці з асаблівасцямі могуць атрымаць адукацыю. Спіс гэты даволі вялікі. Калі ў чыноўнікаў узнікла неабходнасць пераглядзець пералік паказанняў і супрацьпаказанняў да адукацыі, то яны мусілі б неяк забяспечыць права дзецям у інтэрнатах атрымаць адукацыю. Калі гэта чамусьці стала немагчымым у самім інтэрнаце, то арганізаваць падвоз дзяцей у Цэнтр карэкцыйна-развіццёвай адукацыі і рэабілітацыі», — лічыць лекарка.

Яна дадала, што сутыкалася са спецыялістамі, якія працуюць у Цэнтрах карэкцыйна-развіццёвай адукацыі, і лічыць, што ў іх дастатковыя кампетэнцыі для працы з такімі дзецьмі.

«Калі такое дзіця выхоўваецца дома, то, натуральна, маці пойдуць па інстанцыях, будуць «трэсці паперамі» і спасылацца на заканадаўства, каб іх дзеці мелі магчымасць вучыцца. Што тычыцца інтэрнатаў, то тут цяжэй. Пра дзяцей мусіў бы клапаціцца дырэктар. Але бывае такое, што ён дзейнічае не ў інтарэсах дзяцей, а ў інтарэсах установы. У любым выпадку, дзяржава ўзяла на сябе функцыі клопату пра такіх дзяцей. Міністэрствы аховы здароўя і адукацыі мусяць дамовіцца неяк, каб дзеці мелі магчымасць вучыцца», — лічыць Мая Церакулава.

Што гавораць пра новаўвядзенне праваабаронцы

Праваабаронца Алег Граблеўскі доўгі час займаўся праблемамі людзей з інваліднасцю ў Беларусі, быў юрыстам у «Офісе правоў людзей з інваліднасцю». Ён азнаёміўся з пастановай і лічыць, што дакумент парушае Канвенцыю аб правах інвалідаў, якую Беларусь ратыфікавала ў 2016 годзе.

«Такая сегрэгацыя дзяцей з інваліднасцю — справа не сённяшняга дня. У 2011 годзе выйшаў новы Кодэкс аб адукацыі. Паводле яго, фактычна ўсе дзеці мелі права на адукацыю, апроч тых, хто ў тэрмінальнай стадыі. Потым змянілі кодэкс, потым выйшлі новыя пастановы», — кажа праваабаронца.

«Пастанова накіраваная на паглыбленне сегрэгацыі дзяцей у інтэрнатах. Згодна з артыкулам 24 Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, выконваць якую абавязалася дзяржава, права людзей з інваліднасцю на адукацыю патрабуе ад дзяржавы рэалізацыі гэтага права без дыскрымінацыі, роўнасці магчымасцяў, забеспячэння інклюзіі адукацыі на ўсіх узроўнях навучання. Пазбаўленне права на адукацыю, акрамя непасрэдна дыскрымінацыі, не пакідае чалавеку, які знаходзіцца ў псіханеўралагічным інтэрнаце, нават мінімальных шанцаў стаць дзеяздольным», — выказаўся Алег Граблеўскі.

Чытайце таксама:

Могуць чытаць па вуснах, не разумеюць музыку і карыстаюцца адной мовай жэстаў — галоўныя стэрэатыпы, з якімі сутыкаюцца глухія людзі

У Брэсцкай вобласці спагналі 750 тысяч рублёў з выпускнікоў, якія не даехалі па размеркаванні

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
4
Филолог/адказаць/
06.02.2023
А можно узнать в какой стране из учат?
0
Дохтар/адказаць/
06.02.2023
Реалистка, самі сабе падманваеце, калі дзіця апранаецца, можа дакладна ведаць колеры, і калі яны вучацца, ім цікавей жыць
0
анти-гуманоид/адказаць/
07.02.2023
я ужо трошкі пачынаю верыць у карму...
калі не падпісантаў такой пастановы, то іхных дзяцей-унукаў і т.д. будзе чакаць лёс нясчаснага дзіцяці самай апошняй стадыі з самага апошняга інтэрната

як такое можна рабіць?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера