Знайсці
07.02.2023 / 08:17РусŁacБел

Колькасць ахвяр землятрусу ў Турцыі і Сірыі перавысіла 4310 чалавек

На большай частцы поўдня Турцыі і поўначы Сірыі ўсю ноч працягвалася ратавальная аперацыя пасля двух магутных землятрусаў, у выніку якіх загінула больш за 4300 чалавек.

Фота AP

Першы землятрус магнітудай 7,8 балаў адбыўся ў 04:17 па мясцовым часе, ачаг залягаў на глыбіні 17,9 км паблізу горада Газіянтэп на паўднёвым усходзе Турцыі. За ім было больш за 40 афтэршокаў.

Затым прыкладна ў 13:30 па мясцовым часе адбыўся другі землятрус магнітудай 7,5. Яго эпіцэнтр знаходзіўся ў раёне Эльбістан у паўднёва-ўсходнім турэцкім рэгіёне Кахраманмараш.

Ахвярамі землятрусу сталі больш за 4310 чалавек. Толькі ў Турцыі пасля першага землятрусу загінула больш за 2900 чалавек, больш за 15 000 атрымалі раненні. У суседняй Сірыі загінула больш за 1400 чалавек.

Усю ноч працягвалася ратавальная аперацыя па пошуку людзей, якія апынуліся пад заваламі пасля абвальвання тысяч будынкаў у абедзвюх краінах.

Краіны, уключаючы ЗША і Паўднёвую Карэю, адпраўляюць у рэгіён дапамогу пасля таго, як Турцыя звярнулася з заклікам пра гэта.

Прэзідэнт Чырвонага Паўмесяца Керэм Кінік папрасіў людзей не ездзіць на сваіх аўтамабілях у зоны землятрусу, каб ахвяраваць гуманітарную дапамогу. Бяспечней прывозіць коўдры, цёплую вопратку і абутак у пункты збору, адкуль потым яны будуць дастаўленыя ў пацярпелыя рэгіёны.

«Аўтамабілі праваліліся ў 50-метровы разлом на дарозе. На дарогах снег і галалёд», — папярэдзіў ён.

Маразы, снег і дождж абцяжарваюць пошук тых, хто выжыў пад абломкамі паваленых будынкаў. Са слоў відавочцаў, яны чуюць галасы людзей з-пад руін.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера