Знайсці
08.02.2023 / 23:523РусŁacБел

«Мегазадача Белоруссия». Як Раскамнагляд цэнзуруе беларускі інтэрнэт

Беларускія «Кіберпартызаны» ўзламалі ўнутраную сетку Галоўнага радыёчастотнага цэнтра (уваходзіць у структуру Раскамнагляда) і выпампавалі адтуль каля 1,2 тэрабайта даных. Сярод дакументаў і перапісак аб публікацыях расіян і расійскіх сайтаў выданне «Медыязона» выявіла таксама патрабаванні да беларускіх СМІ выдаліць матэрыялы: напрыклад, пра страты сярод расійскіх вайскоўцаў на вайне ці пра акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі. «Медыязона» вывучыла, як менавіта інструмент расійскай цэнзуры ўплывае на інфармацыйную карціну для беларусаў.

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / «Медыязона»

Цэнзура. «Мегазадача Белоруссия»

Сярод даных, якія хакеры перадалі «Медыязоне», ёсць лісты, справаздачы, даклады, рашэнні і пазнакі «праблемных» публікацый.

У ліпені 2022 года ва ўнутранай перапісцы аднаго з аддзелаў Раскамнагляда з'явілася тэма на некалькіх дзясятках лістоў пад назвай «Задача Белоруссия». У рамках «задачы» супрацоўнікі РКН вялі табліцу, адсочваючы тысячы публікацый на беларускіх сайтах.

У жніўні 2022-га ў адным з лістоў з дакладам аб змене апісаная «Мегазадача Белоруссия»: кожнай змене было прадпісана правяраць па 205 электронных адрасоў, а пры праверцы рабіць упор на «СВА». Дэдлайн — 9 жніўня 2022-га. Прамежкавы вынік гэтага маніторынгу ў гугл-табліцах даступны ўсім карыстальнікам у інтэрнэце па спасылцы.

У табліцы, якая мільгала ў ліставанні супрацоўнікаў РКН у сярэдзіне жніўня, ёсць слупок, дзе насупраць сайтаў стаіць пазнака «Так (фэйк СВА)». Выніковы «статус» гэтых сайтаў вызначаўся слупком, у якім адна з опцый была «накіраваная ў Генпракуратуру Расіі».

Вось некаторыя сайты, якія былі адзначаныя такім маркерам: mediazona.by, btvsat.eu, euroradio.by, flagshtok.info, baj.by, gazetaby.media, naviny97.by і іншыя.

Раскамнагляд унёс у рэестр публікацыю «Народнай волі» пад назвай «Вайна супраць Украіны раскалола сілавікоў Пуціна», у якой пераказвалася інтэрв'ю даследчыка Хрыста Грозева. На гэты момант артыкул не даступны.

Пасля абмеркавання, унясення ў рэестр і патрабавання аб выдаленні з брэсцкага сайта Tomin.by знік артыкул «Сітуацыя ва Украіне і спецаперацыя Расіі на Данбасе: што адбываецца цяпер».

«Медыязоне» ўдалося знайсці абмеркаванне артыкула пра расійскіх дэсантнікаў на ўкраінскай вайне spasemstranu.com. У дыялогу супрацоўнікі спрабавалі «ўзгадніць дзеянні па рэсурсе». Ведамства выявіла ў ім звесткі «аб асабовым складзе» вайскоўцаў РФ. Рыторыка сайта пазначаная як «антырасійская».

З сайта Ex-press.by знік перадрук расследавання праекта «Схемы» «З кім ваюе Украіна: расійскае войска ў асобах», бо інфармацыя пра страты расійскіх салдат у Расіі складае «дзяржаўную таямніцу».

На сайце Intex-press не даступны матэрыял «Якія даныя пра страты прыводзяць ва Украіне і Расіі на 22 красавіка», які «не адпавядае афіцыйнай пазіцыі Мінабароны РФ».

На сайце навін Telegraf.News цяпер няма артыкула «Жыхары захопленых Бярдзянска, Херсона і Энергадара выйшлі на пратэсты супраць акупацыі. Як адрэагавалі расійскія вайскоўцы?».

На сайце газеты «Беларусы і рынак» больш няма матэрыялу пра расійскія страты падчас вайны ва Украіне. У заўвазе напісана, што «пазначаная ў артыкуле інфармацыя не адпавядае афіцыйнай пазіцыі Міністэрства абароны РФ».

Сачэнне. «Канспіралагічныя тэорыі» і «стан Пуціна»

Раскамнагляд карыстаецца сэрвісам Brand Analytics, каб збіраць звесткі пра карыстальнікаў сацсетак, у тым ліку і пра беларусаў. Даныя, якія гэтая сістэма аналітыкі збірае ў асобную табліцу для РКН: дата паста; ягоны тэкст; сацсетка, у якой быў напісаны; спасылка на паведамленне; імя карыстальніка; спасылка на асабісты профіль; пол; узрост; горад пражывання; мова паведамлення; колькасць лайкаў і рэпост. Акрамя таго, сістэма ацэньвае «танальнасць» і «агрэсіўнасць» паведамлення.

Напрыклад, у чэрвені на мэйл Галоўнага радыёчастотнага цэнтра (у структуры Раскамнагляда) адпраўлена сутачная справаздача за 9—10 чэрвеня пад назвай «Канспіралагічныя тэорыі, звязаныя з забабонамі і прадказаннямі». У справаздачы ўтрымліваецца 3 445 паведамленняў. Каля 70 — ад беларускіх карыстальнікаў «Аднакласнікаў», «УКантакце» і суполак у тэлеграме.

Збіраюць і фарміруюць у справаздачы таксама інфармацыю па тэмах «Крытычны стан прэзідэнта РФ У.У. Пуціна», «Агульны крызіс расійскай эканомікі», «Знішчэнне сацінфраструктуры», «Забойства мірнага насельніцтва», «Страты асабовага складу і тэхнікі» і іншыя.

У справаздачы «Ядзерная вайна» сабраныя каментары ад дзясятка асабістых акаўнтаў з Беларусі, суполак «ImhoCLub Беларусь», «НОД Гомель», «Sputnik Беларусь».

Сістэма працуе не ідэальна і часам дапускае памылкі, уключаючы ў справаздачу нечаканыя вынікі. Напрыклад, у справаздачу «Заклікі» за 31 мая 2022 года трапіў пост пра ўрок танцаў і рэпост рэцэпта торта, які зрабіла жыхарка Паставаў.

Мяркуючы па справаздачы, апублікаванай у студзені 2022 года, РКН пачаў выкарыстоўваць гэтую праграму ў канцы 2021 года. З яе дапамогай «фармаваліся падрабязныя графікі па развіцці інфармацыйнай сітуацыі вакол пратэстаў у Казахстане».

Забаронена гаварыць у Расіі. Суіцыд

Дзякуючы ўцечцы, ад «Кіберпартызанаў» стала даступная ўнутраная перапіска супрацоўнікаў Раскамнагляда.

У ліпені 2020 года супрацоўнікі нагляднай службы пераслалі адзін аднаму па пошце табліцу з рашэннямі па публікацыях, якія ўтрымліваюць «заклікі да самагубства». Напрыклад, у табліцы ёсць пост з пабліка ва «УКантакце» «Надзвычайнае здарэнне Беларусь | Даведайся першым» пра трагедыю на вуліцы Грыбаедава ў Мінску, калі з акна шматпавярховіка выкінуўся мужчына з маленькім дзіцем.

У некалькіх лістах, якія апынуліся ў распараджэнні хакераў, абмяркоўвалася ўнясенне ў рэестр сайтаў з забароненай інфармацыяй беларускага сайта навін Telegraph news — за артыкул пра гродзенца, які павесіўся ў 2015 годзе. Пазначана, што ў сайта нізкая наведвальнасць, а Беларусь «уваходзіць у пералік краін для ўзгаднення абмежаванняў (па рашэнні АП)». На гэты момант артыкул на сайце не даступны.

У табліцы ёсць яшчэ шмат прыкладаў, калі РКН патрабаваў ад беларускіх паблікаў, медыя і нават МУС выдаліць інфармацыю, так ці інакш датычную да суіцыду, трукаў на хмарачосах, уцягвання непаўналетніх у злачынствы. У кастрычніку 2021 года гэта закранула праўладнае выданне «Sputnik Беларусь»: супрацоўнікі РКН у перапісцы па пошце абмяркоўвалі ўнясенне ў рэестр паста аб колькасці ахвяр шутынгу ў Пермскім універсітэце. Нягледзячы на прапанову ўнесці яго ў рэестр, пост усё яшчэ даступны.

З сайта газеты «Мінская праўда», па ўсёй бачнасці, быў выдалены артыкул «Што гаворыць мама дзяўчынкі, якая скочыла з акна санаторнай школы ва Уздзе».

У маі 2022 года ў артыкуле «Анлайнера» за 2018 год пра трукі руферы на хмарачосах РКН знайшоў інфармацыю аб «незаконным пранікненні на ахоўны аб'ект і ўцягванні непаўналетніх у небяспечны занятак, які ўяўляе пагрозу для іх здароўя і жыцця». Яна прызнана забароненай рашэннем Федэральнага агенцтва па справах моладзі. Цяпер артыкул недаступны.

У 2019 годзе РКН прызнаў забароненым ролік на канале ГУУС Мінгарвыканкама пад назвай «Сталічныя аператыўнікі прадухілілі суіцыд». Прычынай стала наяўнасць у ім «выявы чалавека, які сядзіць на краі акна, што дэманструе магчымы спосаб здзяйснення самагубства». У гэты момант відэа недаступнае.

У кастрычніку 2022 года ў РКН абмяркоўвалі артыкул «Еўрарадыё» 2018 года пра полацкага прапаршчыка, які стрэліў сабе ў сэрца. На думку ведамства, у назве артыкула і ў ім самім быў апісаны спосаб здзяйснення самагубства. Згодна з даведкай РКН, прыкладзенай да перапіскі супрацоўнікаў, рыторыка рэсурсу ў дачыненні да «дзейнага беларускага ўрада — апазіцыйная». Супрацоўнікі ў перапісцы прапанавалі «адпрацаваць гэтую заяўку фармальна«, бо ўвесь сайт «Еўрарадыё» да таго моманту быў заблакаваны ў Расіі.

У ведамства ўзніклі прэтэнзіі і да сайта дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» — з-за фатаграфіі дзяўчыны, якая скача з даху будынка. Расійскія спецыялісты вызначылі рыторыку фонду як «нейтральную», нягледзячы на тое, што дырэктарка фонду выклала ў сацсеткі відэа пад назвай «Калі наступіць мір ва Украіне», дзе яна разважае пра падзел грамадства. «Рызыку грамадскага рэзанансу ў выпадку абмежавання доступу «спецыялісты РКН адзначылі як «нізкія».

Так як Беларусь уваходзіць у спіс краін для ўзгаднення абмежавання доступу, то спецыялісты звярнуліся па каментарый. У адказ «беларускі бок» даслаў наступнае: «Можаце блакаваць. Яны часта займаюць крайнюю агрэсіўную пазіцыю». Якую менавіта «крайнюю агрэсіўную пазіцыю» займае дабрачынны фонд, не ўдакладняецца. Нягледзячы на ўзгадненне ўнясення ў рэестр, сайт у ім не значыцца.

Даведка на міністра і забароненыя яблыкі

На сайце Flagma.by Раскамнагляд знайшоў аб'яву аб продажы польскіх яблык. Ведамства палічыла гэта інфармацыяй аб «магчымасці набыцця санкцыйных прадуктаў». Акрамя таго, з-за ўцечкі аказаўся даступны дакумент, зроблены па запыце Таццяны Дзяніскінай, начальніка аднаго з аддзелаў Раскамнагляда.

У чэрвені 2021 года ёй была адпраўленая даведка на міністра інфармацыі Беларусі Уладзіміра Пярцова. Акрамя месцаў працы, там пазначана, што ён зяць былога міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. У дакуменце гаворыцца, што Лукашэнка ахарактарызаваў Пярцова як аднаго з вядучых «палітыкаў і палітолагаў», але «мясцовая апазіцыя адзначала, што выбар на карысць Пярцова быў зроблены не з-за яго прафесіяналізму, а выключна з-за абсалютнай лаяльнасці кіраўніку беларускай дзяржавы», асноўнай яго задачай было «выбудоўванне новай дзяржаўнай ідэалогіі», а шэраг «апазіцыйных спікераў» палічыў яго «правадніком «рускага свету».

У чэрвені 2022 года Пярцоў сустракаўся з прадстаўнікамі Раскамнагляда.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
8
Ха-ха
12
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
93
0
Axel Justas/адказаць/
09.02.2023
[Рэд. выдалена]
2
вафли жаренные/адказаць/
09.02.2023
Ну чё,
 Силовичьё,
как там суверенитет?
или вы только за котлетной феей можете гоняться
чтоб добыть себе обед.


2
Gorliwy Litwin/адказаць/
09.02.2023
Скажу вам па сакрэце, дзецюкі, што ўвесь праект Белоруссіі - гэта ад пачатку такая вось руская імперская мегазадача. Беларусаў стварыў цар Мікалай І, зачыніўшы Віленскі універсітэт, скасаваўшы Унію і Літоўскі статут. 10 пакаленняў белых русаў змянілася пасля гэтага, свята веруючы ў безальтэрнатыўнасць усяго Рускага - школы, войска, тэлевізіі, кнігадрукавання, а перадусім - царквы. Мала які геапалітычны праект у рускай імперыі атрымаўся такім удалым, як гэтая Белоруссія.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031