Знайсці
09.02.2023 / 11:06РусŁacБел

Гатэль на Маякоўскага, былы Дом друку. Які лёс чакае вядомыя сталічныя даўгабуды

У гэтым годзе пачнуць абнаўляць некаторыя буйныя аб'екты незавершанага будаўніцтва. Многія з іх знаходзіліся ў спісе даўгабудаў. Што з імі будзе далей, высветлілі «Мінск-Навіны».

«Магніт Мінска»

На скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Кірылы Тураўскага яшчэ ў 2010-м планавалі пабудаваць шматфункцыянальны комплекс «Магніт Мінска». Права асвойваць участак сталіцы атрымала даччынае прадпрыемства іранскай кампаніі. Першапачаткова запланавалі ўзвесці будынак, які па форме нагадвае перавернутую падкову. У ім планавалі размясціць бізнэс-цэнтр і апарт-гатэль. Два вышынныя крылы збудавання павінна была аб'ядноўваць чатырохпавярховая частка, прызначаная для адпачынку і забаў, — з лядовым катком, дзіцячым цэнтрам, кінатэатрам, рэстаранамі і крамамі. Здаць комплекс у эксплуатацыю па дакументацыі мелі намер у 2013 годзе. Аднак тэрміны не раз падаўжаліся, аб'ект доўгі час быў закансерваваны. Завяршыць працы ў заказчыка не атрымалася.

Цяпер будынак вырашана дабудаваць за кошт бюджэтных сродкаў. Па новай канцэпцыі ў ім будзе падземны ўзровень з парковачнымі месцамі і аб'ектамі абслугоўвання, а вышэй — Беларускі гандлёвы дом. Кожная вобласць краіны зможа прадставіць тут прадукцыю сваіх прадпрыемстваў. У вышынных крылах будынка размесціцца арэнднае жыллё.

— Будтрэст №4 ужо выйшаў на пляцоўку, ідзе частковы дэмантаж, — падзялілася старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава. — З фасада здымуць вітражы, паколькі завяршыць аздабленне ў ранейшым выглядзе немагчыма. Аблічча будынка некалькі зменіцца, замест суцэльнага шклення з'явяцца сцены і звычайныя вокны ў жылой часткі. Намячаецца паралельнае праектаванне і будаўніцтва, паколькі Лукашэнка паставіў задачу адкрыць гандлёвы цэнтр да канца 2023-га. Адпаведна, у гэты тэрмін павінен быць завершаны ўвесь комплекс.

Гатэль на Маякоўскага

У 2013-м на вуліцы Маякоўскага пачалі будаваць шматфункцыянальны грамадска-гандлёва-гасцінічны комплекс Novotel Minsk Mayakovskaya. Тут планавалі ўзвесці гасцініцу французскага аператара, бізнэс-цэнтр, адкрыць гандлёвыя, фізкультурна-аздараўленчыя і іншыя ўстановы. Пазней забудоўшчык — кампанія «Лада ОМС — Інжэнерынг» — паведаміў аб намеры размясціць у комплексе медцэнтр. Аднак работы спыніліся на пачатковым этапе. У 2020 годзе змяніўся ўласнік аб'екта, але і яму не ўдалося завяршыць праект.

Цяпер гэтым зоймецца УКБ Савецкага раёна.

— Ідзе абследаванне будаўнічых канструкцый, пасля чаго «Мінскпраект» падрыхтуе праектна-каштарысную дакументацыю. Сёлета выйдзем на пляцоўку і ў 2024-м увядзём будынак у эксплуатацыю. У ім размесціцца дзяржаўная ўстанова аховы здароўя, — пракаментавала Ірына Гонтарава.

Дом друку

Корпус, які раней належаў Дому друку і дзе калісьці знаходзіліся рэдакцыі газет, у 2020 годзе набыла на аўкцыёне кампанія «Прываткапітал». Па ўмовах продажу захоўвалася функцыянальнае прызначэнне аб'екта — адміністрацыйна-дзелавое.

Пакупнік інфармаваў, што плануе адкрыць на гэтым месцы бізнэс-цэнтр. Паколькі будынак — помнік архітэктуры, яго знешні выгляд мяняць нельга, надбудовы і перабудовы таксама не дазволеныя. Інвестар павінен быў на працягу двух гадоў распрацаваць і зацвердзіць праектную дакументацыю на рэканструкцыю. Праз два гады з'явілася інфармацыя, што нерухомасць у інвестара забралі, будынак зноў апынуўся ў камунальнай уласнасці. Яго вернуць да жыцця за кошт бюджэту, заказчыкам вызначаны УКБ Савецкага раёна. Вырашана, што пасля абнаўлення ў корпус пераедуць Камітэту па ахове здароўя і Камітэту па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Будаўнічыя работы плануецца пачаць у верасні, цяпер завяршаецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі.

Прыбудова на Алібегава

Недалёка ад скрыжавання з праспектам Газеты «Звязда» ёсць даўні незавершаны аб'ект. Гэта прыбудова да дома на вуліцы Алібегава, 15, у якім размяшчаюцца крама «Пінскдрэў», фітнэс-цэнтр і іншыя абслугоўваючыя ўстановы. У новай частцы планаваўся яшчэ адзін адміністрацыйна-гандлёвы аб'ект, але заказчык не змог здаць яго ў эксплуатацыю. Цяпер тут размесцяць арэндны дом. Ідзе абследаванне канструкцый.

Корпус на вуліцы Карвата

На пляцоўцы, добра бачнай з МКАД, размяшчаецца яшчэ адзін даўгабуд — незавершаны корпус на тэрыторыі, якую раней займаў Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння МНС. У аб'екта цяпер новы заказчык — прадпрыемства «Медык». Распрацоўваецца праект, у 2023 годзе плануюць выйсці на будоўлю. На вуліцы Карвата ўзвядуць адзіны комплекс Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага цэнтра. Пакуль гэтага падраздзяленні ўстановы (стацыянар, амбулаторна-паліклінічная служба, аддзяленне дзённага знаходжання і рэабілітацыі, служба па выдачы даведак) базуюцца па розных адрасах.

Корпус МАЗа

Знайсці гэты незавершаны будынак на Партызанскім праспекце, 154-а, прасцей з вуліцы Машынабудаўнікоў, адкуль ён добра праглядаецца. Пачыналі яго ўзводзіць як корпус адміністрацыйна-бытавых і дапаможных памяшканняў Мінскага аўтамабільнага завода. Тут не вядуцца работы з 2008 года, а пазней даўгабуд перадалі з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць. Вядомы і яго далейшы лёс: корпус перапрафілююць пад гарадскі архіў. Заказчыкам выступае «Мінская спадчына»

Замест «Сучасніка»

Калісьці на вуліцы Харкаўскай, 70, размяшчаўся кінатэатр «Сучаснік», які зачыніўся ў 2002 годзе з-за незапатрабаванасці. Пазней абмяркоўвалася ідэя пераўтварэння аб'екта ў Палац культуры, але на гэта патрабаваліся немалыя сродкі. У 2011-м будынкам зацікавіўся турэцкі інвестар, які вырашыў стварыць на гэтым месцы культурна-забаўляльны цэнтр з гасцініцай, кіназалай, дыскаклубам, спартыўным цэнтрам. Быў заключаны інвестыцыйны дагавор, і ў 2013 годзе заказчык пачаў ажыццяўляць праект. На працы выдзелілі каля двух гадоў, аднак будоўля прыпынілася, а ў 2016-м яе і зусім закансервавалі. З тых часоў сітуацыя на пляцоўцы не змянілася.

— Аб'ект канфіскаваны ў былога заказчыка, кампаніі «Мінск Прынцэс Гатэль», — паведаміла Ірына Гонтарава. — УКБ Заводскага раёна зоймецца зносам, і сёлета пляцоўку вызваляць і акультураць. Іншае будаўніцтва тут пакуль не плануецца.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера