Знайсці
16.03.2010 / 13:371РусŁacБел

Беларусы дасягнулі чацвертай хвалі спажывецкай эвалюцыі

За апошнія пятнаццаць гадоў жыхары Беларусі пачалі накіроўваць на харчаванне меншую долю спажывецкіх выдаткаў, чым раней.

За апошнія пятнаццаць гадоў жыхары Беларусі пачалі накіроўваць на харчаванне меншую долю спажывецкіх выдаткаў, чым раней. Як сцвярджаюць эксперты, мы ўжо дасягнулі чацвертай хвалі спажывецкай эвалюцыі. Далей трэба імкнуцца да таго, каб прыбыткі раслі і на харчаванне жыхарам нашай краіны было дастаткова траціць менш за 20% сваіх рэсурсаў і пры гэтым больш выдаткоўваць на падарожжы, адукацыю, жыллё, аўтамабілі.

Новая формула

Раней жыхарка Барысава Таццяна Клімовіч разам з мужам разлічвала сямейны бюджэт па простай формуле, якую падказала яе маці: на прамысловыя тавары можна патраціць удвая менш, чым на харчаванне. Пэўны час гэта і сапраўды дапамагала рацыянальна распараджацца адносна невялікім прыбыткам. Але цяпер даводзіцца дзейнічаць інакш. «Дзялю ўсе грошы на тры прыкладна роўныя часткі: харчаванне, прамысловыя тавары і паслугі з плацяжамі за крэдыт», — расказвае яна.

І, як падкрэсліваюць эканамісты, гэтая формула найбольш адпавядае сучасным умовам. Паводле вынікаў выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, праведзенага Белстатам,

за 1995–2009 гады доля спажывецкіх выдаткаў на харчаванне (у тым ліку па-за межамі дома) паменшылася прыкладна з 60 да 40%, а на нехарчовыя тавары павялічылася ў паўтара разу — амаль што да 35%.

«Гэта нармальная эвалюцыя, мы дасягнулі чацвертай фазы спажывецкай хвалі», — тлумачыць кандыдат эканамічных навук, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

На першай хвалі мы «наеліся», прызвычаіліся да багатага выбару каўбас, пра што ў Савецкім Саюзе многія маглі толькі марыць. Апельсіны, мандарыны сталі даступнымі не толькі пад Новы год. Падчас другой хвалі дзякуючы намаганням кітайскіх і турэцкіх вытворцаў, а таксама ў пэўнай ступені і айчынных мы абнавілі свой гардэроб. На трэцяй набылі тэлевізары, халадзільнікі, іншыя тавары доўгага карыстання. «Цяпер больш за 90 працэнтаў сем’яў маюць халадзільнікі, а тэлевізараў можа быць і па два на кожны дом, кватэру», — адзначае ён.

Цяпер, на чацвертай хвалі, асноўны інтарэс — да аўтамабіляў і жылля. А на харчаванне і прамысловыя тавары беларусы могуць траціць прыкладна аднолькавыя сродкі.

Між тым у найбольш багатых краінах Еўрасаюза большасць насельніцтва жыве ўжо на пятай хвалі. Там грамадзянам на харчаванне хапае 12–17 працэнтаў іх грошай, таму яны могуць сабе дазволіць больш аддаць на падарожжы, адпачынак, адукацыю.

Мы таксама павінныя да гэтага імкнуцца.

Каля пяці працэнтаў жыхароў Беларусі, па падліках Леаніда Заікі, ужо жывуць у «пятым вымярэнні». Але каб такога ўзроўню жыцця дасягнула большасць беларусаў, можа спатрэбіцца не адно пяцігоддзе, а месячныя заробкі павінныя скласці каля 2 тыс. даляраў.

Як ашчадзіць?

Сусветны эканамічны крызіс запаволіў рэальны прырост прыбыткаў жыхароў Беларусі. Тым не менш ва ўрадзе па-ранейшаму абяцаюць у найбліжэйшы час наблізіць сярэдні ўзровень заробкаў да 500 даляраў. І хоць мы яшчэ не дасягнулі пятай спажывецкай хвалі, толькі летась у арганізаваныя замежныя турыстычныя паездкі выехалі звыш 315 тыс. беларусаў.

Структура спажывецкіх выдаткаў, як прагназуюць эксперты, у нас і надалей будзе змяняцца. І самі грамадзяне могуць паскорыць гэты працэс.

Напрыклад, кожны можа правесці ўласнае маркетынгавае даследаванне: абысці найбліжэйшыя прадуктовыя крамы і вызначыць, дзе выгадней купляць. Канкурэнцыя паміж гандлёвымі сеткамі расце, таму яны мусяць прывабліваць пакупнікоў зніжкамі і якаснымі таварамі.

Некаторыя раяць часцей апранацца ў сэканд-хэндах, а не на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Туды часам трапляюць новыя рэчы з еўрапейскіх сезонных распродажаў.

Ёсць і яшчэ адзін просты спосаб ашчадзіць. Не палянуйцеся на працягу месяца метадычна занатоўваць, на што і колькі вы патрацілі грошай. Калі потым усё падлічыце, то можаце быць упэўненыя, што абавязкова знойдзеце тыя выдаткі, якія можна зменшыць.

А як у іх

Ашчаджаюць на ежы і адзенні, але не на аўто.

Амерыканцы адмаўляюцца ад ранішняй кавы, італьянцы — ад новага адзення, французы ад рэстаранаў, а расійцы — ад дарагіх пакупак.

Так жыхары розных куткоў планеты адкарэктавалі свае выдаткі з улікам сусветнага эканамічнага крызісу. Як сведчаць дадзеныя даследавання, праведзенага ў васьмі краінах Еўрасаюза і Расіі, найбольш актыўна іх жыхары пачалі ашчаджаць за кошт набыцця больш танных прадуктаў харчавання, абутку і адзення, адмовы ад частага наведвання рэстаранаў. Найменш ахвотна яны пагадзіліся скараціць свае выдаткі, напрыклад, шляхам памяншэння спажывання паслуг сувязі, адмовы ад страхавання і абмежавання паездак на прыватным аўтамабілі.

Амерыканцы сталі больш ахвотна набываць адносна недарагія тавары малавядомых гандлёвых марак, прыносіць на працу абед з дому, а таксама радзей карыстацца паслугамі цырульнікаў і стылістаў.

TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930