Знайсці
08.12.2010 / 12:154РусŁacБел

Правільна харчавацца — значыць...

Шэсць асноўных прынцыпаў.

...перакусваць

Снэкамі называюць лёгкія закускі — шакаладкі, чыпсы, арэшкі, сухарыкі, глазураваныя сыркі. Відавочна, што іх лёгкасць — паняцце адноснае, бо па колькасці калорый некаторыя з іх могуць замяніць паўнавартасны абед. Дыетолагі ўпэўненыя ў тым, што паміж культурай фастфуду і лішняй вагой існуе прамая сувязь: лішак калорый пры недахопе карысных і баластных рэчываў прыводзіць да такіх негатыўных наступстваў, як парушэнне абмену рэчываў, дыябет, адкладанне халестэрыну ў сасудах. Спецыялісты рэкамендуюць зрабіць перакус часткай штодзённага рацыёну. У такім выпадку мы будзем гаварыць пра дробнае харчаванне, сутнасць якога заключаецца ў тым, каб ежа паступала ў арганізм праз пэўны час.

Аптымальны інтэрвал — праз кожныя тры гадзіны.

Напрыклад, лёгкі сняданак, абед або вячэра з перакусамі паміж імі, якія складаюцца з садавіны, зяленіва, кефіру або нятлустага тварагу.

...не есці пасля 18.00

Клінічная практыка паказвае, што ўстрыманне ад ежы пасля шасці вечара дае добры вынік у справе зніжэння вагі. Дый тым, хто заклапочаны не столькі вагой, колькі здароўем наогул, лепей вячэраць не пазней чым за чатыры гадзіны да сну. Інакш нас чакае і дрэннае ператраўліванне — паколькі ноччу ўсе працэсы жыццядзейнасці запавольваюцца, і дрэнны сон.

...не хапаць гарачае

Ідэальная для ператраўлівання тэмпература ежы — каля 40 градусаў, падобная на тэмпературу цела. Тады ўсе стрававальныя працэсы аптымізуюцца. Надта гарачая ежа — шкодная, яе

максімальная тэмпература можа быць не вышэй за 62 градусы.

...налягаць на супы

Вельмі карысныя для стрававання супы. Яны лёгка засвойваюцца, як правіла, складаюцца з гародніны, нізкакаларыйныя. Супы ў штодзённым рацыёне — прафілактыка атлусцення, якое, паводле прагнозаў, пагражае стаць павальным.

...не запіваць

Варта развітацца са звычкай запіваць ежу. Калі мы п'ём ваду, чай ці іншыя напоі падчас яды, мы тым самым зніжаем канцэнтрацыю страўнікавага соку. Ежа значна даўжэй ператраўліваецца, горш засвойваецца. Гэтага можна пазбегнуць — зрабіць невялікую паўзу, з паўгадзіны, паміж ужываннем ежы і чаем.

...збірацца сям'ёй

Яшчэ спецыялісты раяць не забывацца на дадатковы сэнс прыняцця ежы. Яна павінна насычаць не толькі цела, але і душу. Таму варта прынамсі раз у дзень забяспечыць сабе паўнацэнны абед ці вячэру, калі ежа будзе паглынацца не на бягу, а сярод блізкіх, за сервіраваным сталом.

Святлана Барысенка, Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера