Найти
29.10.2014 / 15:4210РусŁacБел

Ирена Лавровская: «Делаю, что могу и пока могу»

Яна нядоўга шукала сваё прызначэнне: Брэст, Берасце з дзяцінства інтрыгаваў яе сваімі таямніцамі, а невідочны стары горад з кляштарамі і храмамі канчаткова вызначыў далейшую яе місію ахоўніка і даследчыка гістарычнай спадчыны. У гутарцы з архітэктарам Ірэнай Лаўроўскай высвятляем, куды і навошта знікае нашая культурная спадчына і чаму беларускай моладзі ўсё складаней адказваць на пытанне «З чаго пачынаецца Радзіма?». Як упісваюцца гістарычныя помнікі ў зменлівае аблічча сучасных гарадоў, а таксама чаму бетонная тратуарная плітка ў такой пашане ў нашых чыноўнікаў і наколькі блізкія да арыгіналаў адрэстаўраваныя замкі Беларусі? Чарговае інтэрв'ю праекта «Будзьма беларусКамі!»

— Нашая сістэма працуе такім чынам, што арганізацыям і людзям, якія яшчэ ўчора будавалі свіран ці зразалі дрэвы на вуліцах, даручаюць рэканструкцыю замка пятнаццатага стагоддзя ці рэстаўрацыю старажытнага парка. Закон аб культуры Беларусі сцвярджае, што прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ёсць абарона грамадскай маралі, сцвярджэнне гуманістычных ідэй і высокіх маральных пачаткаў у грамадскім жыцці. Але ж мы дакладна ведаем, што адбываецца насамрэч, як нядобра адладжаная сістэма вядзе да атрафаванай маралі, да перавагі моцы грошай над законам і г.д. Адкуль тады можа з’явіцца павага да гісторыі, традыцыі? Адкуль з’явіцца адказнасць, якую я атасаямліваю з культурай? Спачатку трэба сфармаваць павагу, навучыць адказнасці, зацікавіць у няспынным навучанні, дазволіць выбраць па сэрцы прафесію, не прыспешваць кар’ерны рост сваіх дзяцей знаёмствамі і грашыма.

— А навошта ўсё так ускладняць? Хіба важны не сам факт таго, што ў нашай краіне аднаўляюць гістарычныя помнікі, актыўна будуюць новыя дарогі, развіваюць гарады, выбудоўваюць цэлыя жылыя мікрараёны?

— Задам вам сустрэчнае пытанне: дзеля чаго будуюць і як аднаўляюць? Ці насамрэч пустацелая цэгла, з якой дабудоўваецца сёння замак у Наваградку, — найлепшае з таго, што мы можам паказаць свету як культурны і гістарычны здабытак нацыі? Канечне, не. Толькі ў нас праблемы — сумленне спіць у адказных органаў. Занадта шмат тых, хто спяшаецца «сябе паказаць», забыўшыся, што спадчына ім дасталася, але яна ім не належыць. Мы як народ толькі абавязаныя яе захаваць. І сумленнае і трапяткое стаўленне да гістарычных помнікаў — аснова супольнай грамадскай маралі.

Аднаўленне гістарычных помнікаў не можа быць трактаванае як звычайны рамонт. Спачатку павіннае быць глыбокае вывучэнне, аналіз, мадэляванне і г.д. Але ж мы бачым што перавага аддаецца спосабу «прасцей — танней — хутчэй». Гістарычная праўда, аўтэнтычнасць падмяняецца ўяўленнямі ды «паказушным» эфектам. Шчыра кажучы, не ведаю, ці можам мы і хочам іначай. З жалем прыгадваю выпадак, калі з міжнароднага сімпозіума прывезла ў Беларусь 3 велізарныя тамы артыкулаў аб структурным аналізе гістарычных канструкцый. У 300 артыкулах прадстаўленыя хімічныя і фізічныя спосабы даследаванняў, праілюстраваныя сучасныя прыёмы і спосабы ацэнкі трываласці старажытных канструкцый, прааналізаваныя выпадкі і характар разбурэнняў, прыведзеныя метады вымярэння спосабам 3D-сканавання і «замарожвання» канструкцый. Там жа прадстаўленыя яскравыя ўзоры рэвіталізацыі вялікіх абшараў і малых тэрыторый з выкарыстаннем практык пад наглядам ЮНЕСКА. Фактычна сабраны сучасны сусветны досвед эфектыўнай аховы культурнай спадчыны нашай цывілізацыі. Ганаруся тым, што сярод іх ёсць і мой артыкул прысвечаны аналізу планіровачнай структуры Берасця XIV—XVI стст. з выкарыстаннем сучаснай тэхналогіі ГІС. Я прапанавала гэты зборнік у дар тэхнічнаму ўніверсітэту ў Брэсце. Яны адмовіліся. І гэта нонсэнс: навуковая пляцоўка не мае патрэбы ў ведах.

Што да новых мікрараёнаў… вы не заўважалі, колькі нядаўна збудаваных дамоў у гістарычных цэнтрах гарадоў стаяць пустыя, а дэвелаперскія фірмы растуць як грыбы пасля дажджу? Вы не звярталі ўвагі на дзяржаўныя аўкцыёны, дзе на продаж выстаўленыя тэрыторыі ў гістарычных цэнтрах разам з уласнасцю гараджан? Я не магу пазбавіцца адчування, што сённяшнія мікрараёны будуюцца з мэтаю выцяснення носьбітаў канкрэтнай гарадской культуры на ўскраіны. Што праўда, такая тэндэнцыя даволі шырока назіралася ў Еўропе гадоў 30 таму, але ад яе катэгарычна адмовіліся. Бо такая практыка знішчальная. Офісныя будынкі, гатэлі, рэстараны ды казіно спусташаюць у гарадскіх цэнтрах самае важнае — жыццё. Ідзе глабальная падмена паняццяў, што ёсць правільна і прыгожа ў кансервацыі, рэстаўрацыі, рэканструкцыі. На жаль, пад прыгажосцю часта разумеецца бліскучае, новае, «багатае», і гэтае ўяўленне перакладаецца на спосаб аднаўлення аб’екта рэстаўрацыі. Прыгажосць ва ўрбаністычным сэнсе, ды хоць у якім іншым, — гэта тое, што гарманічна спалучаецца з прыродай і чалавекам. Гармонія і раўнавага прыгожыя і правільныя.

— У эпоху спажывання мала каго ў Беларусі хвалюе нешта, акрамя прадуктаў і адзення, згодныя?

— Клапаціцца пра сваё выжыванне ў прыродзе чалавека. Але ж вядома, што «не хлебам адзіным…» Іншая рэч, што дзяржаўная сістэма кіравання сёння пастаўленая так, нібы акрамя базавых патрэбаў у чалавека іншых не існуе: банальныя «чарка ды скварка» і весялуха ўзроўню «два прытопы тры прыхлопы». У нас ідзе татальная прапаганда прымітыўнага біялагічнага існавання. У выніку Беларусь страчвае будучыню. Мы страчваем у культуры, адукацыі, асвеце, а ў грамадстве каласальнымі тэмпамі распаўсюджваецца абыякавасць ды невуцтва. І гэта страшна!

— А чаму так адбываецца? Або больш правільным будзе пытанне пра тое, каму і навошта гэта трэба?

— Я вымушаная канстатаваць, што сённяшняя сітуацыя мае відавочныя прыкметы рэжыму акупацыі, з ідэалогіяй, якая разбурае ў грамадстве спрадвечныя арыентыры, як у прасторы, так і ў соцыуме. Некаторыя кажуць аб унутранай акупацыі, але гаворка ідзе пра наўпросты акупацыйны працэс. Я гэта сцвярджаю як гісторык архітэктуры, калі праводжу паралель паміж працэсамі, якія адбываліся два стагоддзі таму, і цяпер. Адзін і той жа акупант неаднаразова прысабечваў наш нацыянальны набытак. Сёння ён робіць тое самае — мы страчваем сваю спадчыну неймавернымі тэмпамі. І сітуацыю гэтую трэба разглядаць у кантэксце няспыннай каланіяльнай палітыкі Расіі. Сённяшняя яе агрэсія да Украіны яшчэ больш прыспешвае працэс і паглыбляе катастрофу ў Беларусі. Міжнародныя санкцыі прывялі да імклівага пашырэння экспансіі расійскага бізнесу на тэрыторыю Беларусі. Расейскія дэвелаперы, маскіруючыся, ствараюць псеўдабеларускія грамадскія арганізацыі якія абслугоўваюць і ўмацоўваюць імперскую палітыку Расіі. У Берасці такія арганізацыі гуртуюцца вакол аб’ектаў, што сімвалізуюць Расійскую імперыю/СССР (Крэпасць, месцы, звязаныя з І і ІІ сусветнымі войнамі). Дадайце магутную хвалю так званых уцекачоў з Данбасу, якія агрэсіўныя да ўсяго несавецкага і нярускага.

— Што ж прымушае вас у перыяд татальнай абыякавасці і невуцтва змагацца за захаванне культурнай спадчыны Беларусі?

— Немагчыма выхаваць асобу без любові, суперажывання, волі. Кожнай цывілізацыі і кожнаму народу ўласціва ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця будучых пакаленняў. У імклівым тэмпе сучаснай камунікацыі гістарычныя аб’екты, мясціны, дамінанты дазваляюць знаходзіць сябе ў прасторы, разумець, кім ты ёсць. Гістарычная прастора пазбаўляе нас абыякавасці, страху, бязбожнасці. Гэта спрадвечны код ідэнтычнасці, які аднолькава прамаўляе да сталага і малога ў нязменнасці часу. Вынішчэнне гістарычнай спадчыны можна параўнаць з подлай падрэзкаю каранёў старадаўняга дрэва: каб не расло, не развівалася, не давала новых расткоў. Натуральна, што ў такіх варунках вялікая частка нашай моладзі не адчувае сябе тут на радзіме абароненай, не звязвае сваю будучыню з Беларуссю, гатовая з'ехаць ці проста падацца ва ўнутраную эміграцыю. А я раблю што магу і пакуль магу.

— А што для вас Радзіма? З чым звязанае гэтае паняцце?

— Для мяне гэта абсалютна жывое, шчымлівае пачуццё, якое заўсёды са мной. Я нарадзілася ў Берасці і моцна звязаная з гэтым горадам. У маёй памяці ён застаецца інтэлігентным і ўтульным, спакойным і зялёным, такім, якога цяпер няма. Яшчэ нядаўна можна было прайсціся па горадзе ў самую спякоту і не адчуць дыскамфорту, таму што мікраклімат быў значна лепшы. І тут рэч не ў глабальным пацяпленні. Горад быў перасечаны шыкоўнымі зялёнымі алеямі, дзе раслі дубы, смакоўніцы і каштаны, яны злучалі над галавой свае кроны і абаранялі ад пякучых прамянёў сонца. Сёння пра такое можна толькі марыць. Бацькаўшчына для мяне значна большая, і гэта перш за ўсё людзі.

У асяроддзі, дзе я расла, размаўлялі як мінімум на пяці мовах. І гэта было вельмі характэрна для Берасця таго часу. Сусед-Пан Мікалай Баярскі, чыё ранішняе пакрэкванне за сценкаю я памятаю дасёння і які падараваў маім бацькам адзін са сваіх пакояў: «Żeby Irenka mogła latać». Ён і са мною размаўляў толькі па-польску, і я яго разумела. Дый у сем'ях маіх аднакласнікаў, размаўлялі па-польску, па-ўкраінску, па-беларуску, на ідыш. Мае сяброўкі, сёстры Грыгалявічус, як толькі ўвесну адчынялі вокны, адорвалі наваколле літоўскімі спевамі. Кожная сям’я прадстаўляла свой народ, свае традыцыі, сваю нацыю перад маленькай дваровай супольнасцю. Свецкае вяселле, першае прычасце ў касцёле, шчымлівае іудзейскае пахаванне дзядулі Цэнца, чырвоныя велікодныя яйкі, імяніны і нядзельныя пірагі, парад культур і традыцый у адным двары — падстава для выхавання талерантнасці.

— А які Брэст сёння? Як бы вы яго апісалі чалавеку, які ні разу там не быў?

— Берасце для Беларусі, нават для ўсёй Усходняй Еўропы, на маю думку, з'яўляецца своеасаблівым genius loci, то бок духам месца. Невыпадкова яго ўвесь час імкнуцца сцерці з паверхні Зямлі. 1000-годзе з часу першага ўспаміну ў летапісе ён адзначыць неўзабаве. Тут нараджаліся і жылі вялікія асобы, адбываліся важныя падзеі, якія ўплывалі на лёсы народаў, на гісторыю развіцця Еўропы. Калі б я ставіла памятныя шыльды ці помнікі, то напэўна не хапіла б не толькі вуліц, але і будынкаў у гістарычным цэнтры. Чаго каштуе адзін факт, што Леў Сапега, завяршыўшы працу над Статутам ВКЛ, падпісаў яго і дадаў «Пісан у Берасці «? Як думаеце, ёсць хоць нейкая згадка ў горадзе пра гэта?

Сёння ў кіраўніцтве дамінуе канцэпцыя мілітарыстычнай гісторыі не горада, толькі крэпасці, і толькі 1941 года. Імперыя і далей выносіць на шыльды і знакі імёны сучасных «янычараў». Сапраўдная гісторыя горада бязлітасна знішчаецца. Унікальнае, тое, што нас вылучае як нацыю з уласнай гісторыяй і культурай, альбо ігнаруецца, альбо мадыфікуецца да непазнавальнасці. Таму гасцям горада я б раіла перш за ўсё наведаць музей гісторыі горада. Там хоць вельмі сціпла, але прадстаўленая гісторыя развіцця Берасця. Пасля гэтага параіла б паехаць на могілкі, спачатку каталіцкія, потым габрэйскія, а пасля гэтага на трышынскія ды гарнізонныя. Прапанавала б наведаць касцёл Узвышэння св. Крыжа на плошчы і звярнуць увагу на абраз Маці Божай Ружанцовай, Сімяонаўскую царкву з саркафагам Афанасія Філіповіча, адтуль, можа, скіравала б на месца манастыра, дзе ён служыў, паказала б замак і кляштар бернардынак, стрымліваючы да пэўнага часу падарожных ад наведвання крэпасці, да якой кіруюць усе гіды… Гэта асобная тэма. Асобная экскурсія, бо ў гісторыі горада крэпасць вядомая не толькі «гераічнаю абаронаю», але і знішчэннямі, высяленнямі, шыбеніцамі, турмамі і катаваннямі патрыётаў. Прыкра бачыць, як наведнікам прапануюць сфатаграфавацца на памяць у форме катаў — з лычкамі НКВД альбо СМЕРШа. Людзі нават не разумеюць, што такім простым шляхам далучаюцца да здрады ўласнай памяці.

— Наколькі я ведаю, вам удалося выратаваць некалькі гістарычных помнікаў ад забыцця.

— Доўгай і цяжкай працай мне ўдалося дабіцца прызнання таго, што стары горад уяўляе сабой гістарычную каштоўнасць і што нельга на гэтай тэрыторыі ажыццяўляць якое-небудзь будаўніцтва. Стары горад — гэта месца, пахаванае пад крэпасцю. Цяпер шмат хто ведае, што крэпасць і ёсць гістарычным цэнтрам Берасця. Што тут было безліч храмаў і мноства кляштараў. Што ёсць бернардынскі манастыр, які сёння стаў своеасаблівым брэндам Берасця, хоць яго руіны, нягледзячы на статус помніка, застаюцца без кансервацыі і працягваюць разбурацца. Калі я пачынала займацца Берасцем як краязнавец, я не ўяўляла, колькі давядзецца зрабіць высілкаў, каб самой зразумець яго каштоўнасць у гісторыі еўрапейскай урбаністыкі. Тады я мела доступ да спарадычных звестак па гісторыі горада, была на гэтую тэму амаль поўная пустэча ў музеі, знішчаная цалкам прастора, неідэнтыфікаваныя руіны, недаступнасць якіх-кольвек салідна апрацаваных планаў горада. Сёння я ганаруся тым, што ўдалося адкрыць не адну старонку ўрбаністычнага развіцця горада, распазнаць стылістычныя і канструктыўныя асаблівасці няісных храмаў, навукова абгрунтаваць і абараніць перад высокай прафесіянальнай аўдыторыяй зробленыя мной рэканструкцыі, зрабіць навуковы аналіз планіровачнай структуры горада пасля надання яму магдэбургскага права.

— А як рэагуюць на вашую дзейнасць мясцовыя жыхары? Што вы часцей ад іх чуеце — словы падзякі ці крытыку? А можа, і зусім неразуменне, навошта вам усё гэта?

— Сваімі знаходкамі і адкрыццямі я дзялілася і дзялюся, напэўна, занадта шчодра. Гэта незлічоныя экскурсіі, публікацыі, сустрэчы, разнастайныя абмеркавання дый асабістыя кансультацыі як студэнтаў, так выкладчыкаў і аспірантаў. Апошнім часам усё часцей даводзіцца бараніць уласны навуковы здабытак ад бессаромнага плагіяту.

Але вынікі, безумоўна, ёсць. На маіх экскурсіях па старым горадзе вырасла цэлае пакаленне. Цяпер экскурсія ўведзеная ў праграму мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць», валанцёры арганізоўваюць такія ж экскурсіі ў дні музеяў. Адным з найважнейшых вынікаў маёй працы я лічу тое, што жыхары Берасця не толькі сталі больш уважлівымі да гісторыі свайго горада, але і ганарацца тым, што яны берасцейцы. Больш за тое, яны ўключаюцца ў барацьбу за захаванне гістарычнай спадчыны, нягледзячы на тое, што часам у гэтай барацьбе даводзіцца сутыкацца з шантажом, пагрозамі і беззаконнем з боку ўладаў ці асоб, зацікаўленых у куплі плошчаў, якія шмат каштуюць. Для мяне вельмі важна, каб адукаваныя і культурныя людзі, якіх у нас нямала, выходзілі з ценю, пазбаўляліся пазіцыі «мая хата з краю» альбо «палітыкай я не займаюся, таму што гэта брудная справа». Шчыра ім кажу: калі палітыкай не займаешся ты — яна займаецца табою, і рукі мыць яе сапраўды не прымусіш.

— Чым вашыя высокія ідэі пра сувязь пакаленняў і захаванне гістарычнай спадчыны могуць быць карыснымі для краіны, чыя эканоміка перажывае далёка не найлепшыя часы, а бюджэт не спраўляецца з фінансаваннем надзённых задач, не кажучы ўжо пра такія праекты, як рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры?

— То бок і вы думаеце, што я непапраўны рамантык, а высокімі матэрыямі сыты не будзеш? Але мае думкі прагматычныя, а ідэі дастасавальныя да сітуацыі. Вы кажаце, эканоміка перажывае не найлепшыя часы? Бюджэт не спраўляецца? Я з вамі не пагаджуся. Пры разумным кіраванні рэстаўрацыя і аднаўленне гісторыка-культурнай спадчыны можа стаць галіной эканомікі. Гэта новыя месцы працы, эксклюзіўная вытворчасць, падрыхтаваныя прафесійныя кадры, спецыяльныя школы, вучэльні, матываванае грамадства, развіццё прадпрымальніцтва. Гэтага мала? Нават тыя сціплыя дасягненні, якія мы маем з адноўленымі аб’ектамі і інфраструктураю вакол іх, сведчаць, як Беларусь прагне вяртання да каранёў, як моцна бракуе сваёй культуры, сваёй гісторыі. Вядома, што ў асобы, якая думае не толькі пра задавальненне сваіх першасных патрэбаў, з'яўляюцца ідэі, матывы больш высокага парадку, творчая думка сягае нябачаных да таго куточкаў і магчымасцяў. А значыць, прыдумляюцца новыя тавары і паслугі, за імі падцягваюцца новыя тэхналогіі і вытворчасці.

Такі шлях даказаў сваю эфектыўнасць у іншых краінах Еўропы. Але перадумоваю добрай эфектыўнасці ёсць свабода. Сёння гэтага не разумее хіба што немаўля. Нельга быць індыферэнтным і адстароненым, трэба браць на сябе адказнасць перш за ўсё за свае дзеянні, за двор, вуліцу, горад, сваю краіну, не дазваляць чыноўнікам прымаць рашэнні, якія супярэчаць нашым інтарэсам. І разам рабіць усё магчымае, каб Беларусь нарэшце стала для кожнага з нас утульным домам, добрым і адзіным у свеце, з якога не хочацца і не варта з’язджаць.

Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!» 

Анна Трубачева, Юлия Капустина, фото — Александр Tarantino Жданович

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930