Ювелірны брэнд Belaruskicry прэзентаваў калекцыю абярэгаў
«Гэтыя сімвалы некалі дарылі надзею нашым бабулям».
Брэнд Belaruskicry, знаёмы па кулонах з абрысамі Беларусі, прэзентаваў калекцыю аксесуараў-абярэгаў «Сучасная вечнасць». Упрыгожванні зроблены па ўзоры беларускага нацыянальнага арнаменту і ўтойваюць глыбокі сэнс. Заснавальніца маркі, Аляксандра Куркова, распавяла, якія таямніцы хаваюць звыклыя нам сімвалы.
«Даўным-даўно нашы бабулі вышывалі ўзоры на рукавах і каўнярах — гэтыя месцы яны выбіралі не проста так, — пачынае свой аповед Аляксандра. — Яны верылі, што, упрыгожваючы рукі і шыю арнаментам, змогуць зберагчы сябе ад дрэннага. Так і нашыя флагманскія прадукты, бранзалеты і кулоны, закліканыя засцерагаць сваіх уладальнікаў».
«Ёсць рамантыка ў тым, што кожнае пакаленне думае пра нешта свае»
Калекцыя «Сучасная вечнасць» натхнёная старажытнымі арнаментамі, якія ўпрыгожвалі нацыянальнае адзенне на працягу многіх пакаленняў. Дызайнеры доўга падбіралі патрэбныя для ўпрыгожванняў элементы: праглядалі вышыўкі розных рэгіёнаў, раіліся з навукоўцамі, старанна правяралі сэнсы — і раптам прыйшлі да нечаканых высноў:

«Некалькі месяцаў мы размаўлялі з этнографамі, чыталі дзясяткі падручнікаў па нацыянальнай вышыўцы, сустракаліся з сучаснымі майстрыхамі — каб зразумець, што адзінага цвёрдага значэння ў беларускім арнаменце не існуе. Ёсць толькі агульны пасыл і намер майстрыхі, якая яго стварае».
Гэтае адкрыццё ўскладніла працу над праектам. Аказалася, што значэнні некаторых сімвалаў адрозніваюцца не толькі ў залежнасці ад рэгіёна, але і ад трактоўкі кожнай асобнай вышывальшчыцы. Не абышлося без кур'ёзу: адзін з першапачаткова абраных для распрацоўкі элементаў, акрамя іншага, азначаў «лапа кучаравая» і «сляпы верабей».

Да таго ж, некаторыя з сэнсаў, якія раней зашыфроўваліся ў арнаментах, зараз падаюцца далёкімі і незразумелымі. Аляксандра тлумачыць: «Шмат гадоў таму жанчыны, калі вышывалі сімвалы, думалі, як не захварэць або каб ваўкі жывёлу не пагрызлі. А вось пра «багацце» ў сучасным разуменні яны марылі вельмі рэдка. Мне падаецца, у гэтым ёсць свая рамантыка: што кожнае пакаленне думае пра нешта сваё».

Так, з шасці абраных элементаў арнаменту ў калекцыю ўвайшлі ўсяго два: «плыт», які майстрыцы вышывалі, каб засцерагчы сябе і сваю сям'ю ад злых духаў і дрэнных навін, і «знічка», або «зорка шчасця», якая сімвалізуе здзяйсненне жаданняў.
Пра апошні элемент Аляксандра распавядае асобна. Дзяўчына прыйшла да высновы, што нашы бабулі былі прагматычнымі: часцей за ўсё ў вышыўцы яны адлюстроўвалі не нейкія эфемерныя пасылы, а звычайныя жыццёвыя спадзяванні і клопаты — аб побыце, сям'і і замужжы. Ствараючы чарговы ўзор, яны загадвалі жаданне: укладвалі ў яго свае штодзённыя мары і патаемныя думкі. Заснавальніца Belaruskicry захацела падзяліцца гэтай магчымасцю і са сваімі кліентамі:

«Мы ўзялі «знічку», бо чалавек часцей за ўсё загадвае жаданне, менавіта калі глядзіць на яе. Нам падалося гэта вельмі сімвалічным.
Не толькі белы, чырвоны і чорны
Колеры, у якіх выканана калекцыя, таксама выходзяць за рамкі існуючых шаблонаў аб нацыянальным строі. Задумвалася, што вырабы будуць «традыцыйнымі»: чырвонымі, чорнымі і белымі. Але, як удалося высветліць Аляксандры і яе камандзе, палітра адценняў, якую выкарыстоўвалі нашыя бабулі, была нашмат шырэйшая.
Мы вывучалі знаходкі этнографаў, якія ездзяць па беларускіх глыбінках і збіраюць арнаменты, вышытыя на дыванах і тэкстылі. Як жа мы здзівіліся, калі зразумелі, што трыяда «чырвоны, белы, чорны» ў вырабах беларусак фігуруе не часта. Насамрэч у іх такая разнастайнасць фарбаў і нязвыклых нам спалучэнняў! Мы натхніліся іх працамі і вырашылі зрабіць яркую калекцыю.
— АляксандраКуркова, заснавальніца Belaruskicry
Пашырыць палітру адценняў удалося дзякуючы выкарыстанню халоднай эмалі — зараз у краме брэнда можна знайсці ўпрыгожванні ў 13 колерах.
Аляксандра прызнаецца, што ўсе супрацоўніцы Belaruskicry самі з задавальненнем носяць такія абярэгі і, паводле старажытнай беларускай традыцыі, надзяляюць іх асаблівымі сэнсамі:

«Для сябе я загадала агульныя рэчы — што ўсё будзе добра: са мной, з блізкімі, з брэндам. Простага чалавечага шчасця — вось чаго мне хочацца зараз».
Таксама яна расказвае «лайфхак»: «Калі дзяўчаты збіраюцца на спатканне, часам надзяваюць «знічкі» і загадваюць нешта пра каханне. Хтосьці надзявае абярэг на іспыты і сустрэчы, каб усё ўдала прайшло».
Самае добрае, што значэнне гэтых абярэгаў можна мяняць у залежнасці ад таго, што робіцца на душы. Аналагічна таму, як нашы бабулі ўвасаблялі свае мары ў арнаментах, праз нашы ўпрыгожванні кожны сам можа «вышыць» тое, чаго не хапае ў яго жыцці.
— АляксандраКуркова, заснавальніца Belaruskicry