Найти
22.11.2019 / 15:57РусŁacБел

Стрельников о премьере в Русском театре: Нужна эмоциональная заостренность, чтобы пьеса не превратилась в водянистый кисель

Рэжысёрка Валянціна Еранькова прадставіла ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага прэм’еру паводле п’есы Максіма Горкага «Дачнікі». Пра ўражанні ад пастаноўкі піша крытык Аляксей Стрэльнікаў. 

Фота з суполкі тэатра ў фэйсбуку

Асабіста я з насцярогай стаўлюся да драматургічнай спадчыны Максіма Горкага, і я не разумею, напрыклад, чаму акадэмічны тэатр на рускай мове ў Беларусі носіць яго імя, а не Пушкіна ці Чэхава. Праблема не ў тым, што Горкі ідэалагічна ангажаваны, а ў тым, што ў нас не атрымліваецца яго п’есы ставіць так, каб гэтую ангажаванасць абмінаць.

Вось і п’еса «Дачнікі», якую паставіла Валянціна Еранькова. Яна класная сваім публіцыстычным фіналам, дзе схопліваюцца абывацелі і, гаворачы сучаснай мовай, актывісты. Уся п’еса ідзе да гэтага фінала, сутнасць яе ў тым, што пэўны час грунтоўныя разыходжанні паміж людзьмі могуць быць незаўважнымі… Мы ўсе прагнем кахання, можна казаць правільныя рэчы і ствараць прыгожыя творы мастацтва, але ў нейкі момант «нарывае» і мы не можам быць разам, таму што толькі кахання і мастацтва для сумеснага шчасця недастаткова. Патрэбны нейкі кансэнсус па пытанні «Навошта мы ядзім?».

Ад таго, як зробіш гэты фінал, так п’еса і прагучыць. Актуальны для Горкага ў 1904 годзе выпад супраць памяркоўнай інтэлігенцыі цікава гучаў у 1960-х і 1980-х, але сёння людзі, якія на лецішчы бавяць час разам і называюць сябе інтэлігентамі, выглядаюць такімі «сферычнымі героямі рускай класікі ў вакууме». П’еса патрабуе нейкай эмацыйнай завостранасці, каб не пераўтварыцца ў вадзяністы кісель.

Окей, гэтая завостранасць нават можа не быць ідэалагічнай. Мне здаецца, больш практычным было б асучасніць тэкст, зрабіўшы з герояў умоўных айцішнікаў, тады адразу ваганні паміж асалодай для жыцця і дабрачыннасцю набылі б нейкі сучасны сэнс. Гэта выдатна дзвюма-трыма дэталямі зрабіў у спектаклі «Паляванне на сябе» з п’есай Вампілава рэжысёр Стас Жыркоў. І гэта, на жаль, не шлях для Валянціны Ераньковай, якой значна больш блізка эмацыйна завастрыць пачуццёва-эратычную тэму п’есы.

Фота з суполкі тэатра ў фэйсбуку

У выніку ў спектаклі героі ўвесь час фліртуюць, збягаюць адно з адным за кулісы, ці адразу тут, на вачах у публікі, хапаюць адно аднаго за грудзі, чэлесы і дупы. Гэты фарсавы момант мусіць падкрэсліць наколькі смешнай выглядае распуснасць, але яна абсалютна ніяк не спалучаецца з ідэалагічнымі спрэчкамі ў канцоўцы.

Да таго ж рытм спектакля настолькі хуткі, што няма часу саспець нейкім пачуццям, энергетыцы. Усе палавыя акты выглядаюць такімі quickie, і ў спалучэнні таго, як артысты спрабуюць цынічна адно аднаго спакушаць, у выніку іх кулянні ў сене выглядаюць проста недарэчна. У залі падхіхікваюць, і цяжка сказаць, ці то смяюцца яны з герояў, ці ўжо з артыстаў.

Тое, як па-рэжысёрску прыдумана акцёрскае існаванне на сцэне, на маю думку, з’яўляецца асноўнай праблемай спектакля. Увесь спектакль паўтараюцца адны і тыя ж мізансцэны, калі група артыстаў шыхтуецца на авансцэне, а нехта ззаду на ўзвышэнні, — і калі на авансцэне затухае спрэчка, адразу той, хто на ўзвышэнні, эмацыйна яе падаграе. Атрымліваецца такая імклівая няспынная плынь, у якой у выніку з’ядаюцца ўсе акцэнты. Хто з кім канфліктуе, хто каго любіць, не любіць. Пакуль гэта не прамаўляецца прамым тэкстам («Давайце разам прагуляемся на рэчку!»), гэта абсалютна незразумела. Некаторыя сцэны дыялогаў артысты проста адтараторвалі ў залу, нават не зірнуўшы адно адному ў вочы. Артысты няўцямна выяўляюць ацэнкі падзей, яны мітусяцца, бегаюць з левай кулісы ў правую, пачынаючы тэкст новай сцэны, калі не скончылася папярэдняя.

Фота з суполкі тэатра ў фэйсбуку

Тут можна пазнаць стыль рэжысуры Валянціны Ераньковай, якая любіць усю гэтую сімультаннасць і плыўкасць, але ў спектаклях кшталту «Эсфір» ці «Небяспечныя зносіны» дзею трымае ясная фабула. Да таго ж Горкі не хацеў распавесці нейкую арыгінальную гісторыю, ён, па сутнасці, пісаў сіквел да «Вішнёвага саду», за аснову ўзяўшы, відаць, тую ж чэхаўскую «Чайку». І вось гэтай цішыні на лецішчы не хапае вельмі моцна.

Спектакль трымаецца, такое адчуванне, насуперак волі рэжысёра. Вось Вольга Здзярская, якая грае Варвару, трымае паўзу і выразна глядзіць у залу, павольна цэдзіць рэпліку, выразна інтаніруючы кожнае слова. І за гэтым ужо цікава назіраць, але рэжысура забірае сваё. У належны момант, калі адбываецца пералом светапогляду гераіні і яна ў размове з пісьменнікам Шалімавым, паводле Горкага, з абывацелькі пераўтвараецца ў тую ж актывістку, — у спектаклі яна спускае пісьменніку нагавіцы. Яна нібыта ў ім расчаравалася, але Сяргей Юрэвіч грае Шалімава абсалютна аднолькава, ад пачатку і да канца, такога яскравага, пустога пашляка. Вось Варвара імкнецца да яго і вось прыніжае. Унутраныя адкрыцці падменены знешнімі падзеямі.

Па чутках, спектакль рэпеціраваўся шэсць месяцаў… Як можна шэсць месяцаў рэпеціраваць здымаць нагавіцы, але не праясніць, навошта гэта робіцца?!

Трэба, вядома, прыняць да ўвагі, што спектакль паказваецца не на сваёй пляцоўцы… Вядома, стрэс ад прэм’еры. Але шчыра кажучы, я не разумею, за кошт чаго ён павінен набраць вагу. Ён пакідае адчуванне павярхоўнага хуценькага сэксу, прабачце, памфлету супраць усяго кепскага. Глядач, не будзьце дачнікамі! Ну, окей.

NN.by

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930