Найти
07.01.2022 / 15:10РусŁacБел

Путешествие по Сардинии: красота, самобытность и боль белорусского интеллектуала

Они мечтают о независимости или хотя бы большей автономии. А им нужно спасать язык, пишет в журнале «Наша гісторыя» доктор истории Алесь Белый, который побывал на этом фантастически красивом острове.

Shutterstock.com, by Paolo Centro.

Дэлегацыі кааператыва «Валожынскія гасцінцы» ў свой час пашчасціла правесці некалькі дзён у паездцы па поўдні Сардзініі дзякуючы праграме Еўрасаюза «МОСТ». Нас запрасіла ў госці кіраўніцтва невялікай камуны Гуазіла, бо некаторыя бакі іх вясковага жыцця і дзейнасці роднасныя нашаму досведу. Такім чынам, была нагода бліжэй пазнаёміцца з другім па велічыні востравам Міжземнага мора і аўтаномным рэгіёнам у складзе Італіі.

Хлеб надзённы

Па тэрыторыі Сардзінія практычна роўная нашай Гродзенскай вобласці. На востраве жыве каля 1,7 млн чалавек — зусім няшмат як для Заходняй Еўропы, улічваючы спрыяльны клімат, геаграфічнае становішча і ўрадлівую глебу. Прамысловая рэвалюцыя абышла востраў — тут не склалася буйной вытворчасці і густанаселеных гарадоў. 

Яшчэ на пачатку, а можа, нават і ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ўзровень жыцця большасці сардзінцаў прыкладна адпавядаў беларускаму ў перыяд да калектывізацыі, не быў надта высокім. Толькі ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў ён істотна павысіўся, дзякуючы ў першую чаргу турыстычнаму буму, а часткова і прамысловасці. Перадусім нафтаперапрацоўчай. 

Доўгае панаванне феадалізму радніць востраў з поўднем Італіі, хоць палітычна ён быў звычайна звязаны з поўначчу (або ўвогуле з іншымі краінамі). Але гэта цалкам асобны рэгіён, паводле самаадчування большасці жыхароў — асобная краіна пад палітычнай уладай Італіі. На востраве сёння папулярныя ідэі дасягнення яшчэ большай, чым цяпер, аўтаноміі — аж да поўнай незалежнасці. Некалькі тысяч прыхільнікаў мае нават экзатычная ідэя далучэння да Швейцарыі ў якасці «марскога кантона». 

Турыстычны бум прынёс на Сардзінію значныя інвестыцыі. Летам цэны ў гатэлях і рэстаранах узлятаюць у некалькі разоў — да такой ступені, што некаторыя мясцовыя з’язджаюць у разгар сезону кудысьці ў менш турыстычныя рэгіёны Еўропы, каб не толькі адпачыць, але і ашчадзіць. Наплыў турыстаў у пэўнай ступені паспрыяў і актуалізацыі такіх элементаў сардзінскай культуры, як музычны і танцавальны фальклор ды кухня. Але англійскую мову, не кажучы пра іншыя, тут ведаюць дагэтуль кепска. 

Найбольш папулярнаяў багатых турыстаў — поўнач вострава. Shutterstock.com, by Victor Gladkov.

Найбольш папулярная ў багатых турыстаў — поўнач вострава. У пачатку 1960-х гэтыя мясціны прыглянуліся лідару сусветнай ісмаіліцкай грамады (пра ісмаілізм гл. у артыкуле Арцёма Гарбацэвіча пра Таджыкістан у папярэднім (2/2020) нумары «Нашай гісторыі») і мультымільянеру Ага-Хану, які ад нараджэння жыве ў Швейцарыі. Ён так актыўна забудоўваў мясцовую Коста-Смеральду (Ізумрудны бераг) раскошнымі гатэлямі, што цяпер сярод найбагацейшых людзей свету гэтая частка вострава мае рэпутацыю не горшую, чым французскія Каны і Ніца. Кошты тутэйшай нерухомасці — рэкордныя ў Еўропе: да 300 тысяч еўра за квадратны метр. 

Нурагічная культура 

Нурагі — адзін з сімвалаў Сардзініі, які ўсяляк абыгрываецца ў сучасным мастацтве і рэкламе. Гэта старажытны тып вежы з вельмі тоўстымі мурамі, складзенымі метадам сухой муроўкі, і адносна малымі ўнутранымі конусападобнымі памяшканнямі. З 8 000 знойдзеных нурагаў абсалютная большасць дагэтуль амаль зусім не раскапаная. Калі не лічыць таго, што здолелі наскрэбсці недалёка ад паверхні «чорныя археолагі». 

Дакладна невядома, навошта іх продкі сардзінцаў будавалі. Сучасныя навукоўцы найбольш схіляюцца да таго, што спачатку гэта былі абарончыя збудаванні, штосьці накшталт невялікіх замкаў, а потым частка з іх ператварылася ў храмы. Але існуе і процьма іншых версій, чым былі нурагі: рэзідэнцыямі правадыроў, месцамі іх «тусовак» і г. д. 

Паколькі ў нурагічных продкаў сардзінцаў не было пісьменнасці, а таксама таму, што мэйнстрым вывучэння старажытнага свету сфарміраваўся без удзелу іх нашчадкаў, афіцыйныя археолагі дагэтуль надавалі мала ўвагі гэтай археалагічнай культуры. Як мне падалося, сучасныя сардзінцы бачаць у гэтым доказ сваёй адвечнай «перыферыйнасці», каланіяльнага статусу, пэўнай закінутасці. Маўляў, усё, што ад нас было патрэбна Вялікаму Свету, — гэта збожжа, а чым і кім мы былі — нікому нецікава. 

Вежы, што засталіся ад так званай нурагічнай цывілізацыі, сталі сімваламі Сардзініі. Shutterstock.com, by Sbellott.

Мова, якую шкада страціць

Калі параўноўваць сучасны стан сардзінскай мовы са станам беларускай, то вусная мова пачуваецца трохі лепш за нашую, а вось пісьмовая істотна адстае. Але ўрбанізацыя і інфармацыйныя плыні вельмі хутка размываюць гэтую карціну.

Тыповая карціна ў сучаснай сардзінскай сям’і: бабулі і дзядулі размаўляюць толькі па-сардзінску; сярэдняе пакаленне мову разумее, але ўжо амаль не размаўляе. А дзеці ўжо разумеюць толькі асобныя словы — і відавочна, што іх дзеці цалкам пяройдуць на італьянскую. 

Страта сардзінскай мовы была б вялікай прыкрасцю для чалавецтва. З усіх раманскіх моў яна найбольш блізкая да лаціны і мае старажытныя пісьмовыя помнікі Х—ХІ стагоддзя — з часоў, калі многія еўрапейскія мовы яшчэ былі наборам вусных беспісьменных дыялектаў. Адной з прычын такога ранняга выдзялення мовы ў асобную было панаванне на востраве Візантыі. Моўны і культурны кантраст з далёкай метраполіяй падштурхнуў астравіцянаў да развіцця ўласнай пісьменнасці, якая, дарэчы, пэўны час нават выкарыстоўвала грэцкі алфавіт. 

Выдатным помнікам сардзінскай мовы лічыцца Carta de Logu — звод законаў Элеаноры Арбарэйскай, самай вядомай з правадыроў самастойнай тутэйшай дзяржавы, юдыката Арбарэя. Ён складзены ў 1392 годзе, дзейнічаў аж да 1827-га, па сваёй сімвалічнай важнасці для гісторыі і мовы краіны нагадвае наш Літоўскі Статут.

Як і любая іншая жывая мова, сардзінская не хоча паміраць, супраціўляецца. Але складанасці дадае тое, што адзінай сардзінскай мовы не існуе. Ёсць як мінімум два яе істотна адрозныя літаратурныя варыянты: лагударыйскі (на поўначы, апроч крайняй) і кампіданскі (на поўдні), кожны з якіх сфарміраваўся на базе сваёй групы дыялектаў. Лагударыйскі лічыцца больш архаічным і «чыстым», кампіданскі зазнаў большы ўплыў каталонскай і іншых міжземнаморскіх моў. 

А на самай поўначы вострава ёсць яшчэ дзве групы дыялектаў: галурыйская і сасарыйская, якія з’яўляюцца пераходнымі ад сардзінскай мовы да карсіканскай, бо падчас эпідэміі чумы XIV стагоддзя сюды перасялілася шмат карсіканцаў. 

Карта распаўсюджанасці на востраве сардзінскіх дыялектаў і іншых моў. Wikimedia Commons. 

Плюс яшчэ горад Альгера, дзе распаўсюджана каталонская мова, плюс прылеглыя да Сардзініі астраўкі Сан-П’етра і Сан-Антыока з генуэзскім дыялектам… Паспрабуй тут усталяваць адзіны літаратурны стандарт! Фактычна нават для нешматлікіх радыкальных нацыяналістаў з розных раёнаў вострава асноўная мова зносін міжсобку — італьянская. 

Так што хоць у 1997 годзе сардзінская мова фармальна і атрымала афіцыйны статус, ён шмат у чым застаецца фікцыяй. На сардзінскай, распыленай на некалькі фракцый, не выкладаюць у школе, мала выдаюць кніг, амаль не транслююць тэле- і радыёперадачы. Ва Універсітэце Кальяры першы сістэматычны курс сардзінскай мовы з’явіўся толькі ў 2017-м і складаецца ўсяго з 60-ці гадзін. Тут выкладаецца кампрамісны варыянт мовы, Limba Sarda Comuna («супольная сардзінская мова»), якую мясцовая моўная рада распрацавала ў 2006 годзе.

Пры адсутнасці нацыянальнай школы інтэлектуалы Кальяры і іншых гарадоў засвойваюць мову самастойна ў сталым узросце. Але такіх матываваных значна менш, чым хацелася б.

Даўнія крыўды

Нягледзячы на стан сардзінскай мовы, за час свайго кароткага знаходжання на востраве мы ўбачылі нямала прыкметаў адметнай ідэнтычнасці. Італьянскі сцяг можна ўбачыць над вайсковымі базамі і галоўнымі ўрадавымі ўстановамі, а так паўсюль лунаюць сардзінскія сцягі. 

Этыкетка галоўнага піва на востраве — Ichnusa — таксама ўяўляе з сябе нацыянальны сцяг. А само слова Ichnusa — назва вострава, што была да заваявання яго Рымам. Малочныя прадукты пераважна мясцовай маркі Arborea — у гонар апошняй незалежнай сардзінскай дзяржавы. 

У мяне склалася ўражанне, што сваю гісторыю, у адрозненне ад мовы, сардзінцы ведаюць і жыва ёй цікавяцца. На два суседнія мястэчкі, што мы наведалі, прыпадаюць тры сур’ёзныя археалагічныя музеі. А калі ў размовах усплывала пытанне пра заваяванне вострава Рымам, то складвалася ўражанне, што гэта было ледзь не ўчора і што гэта быў той самы сённяшні Рым, сталіца Італьянскай Рэспублікі. 

Сардзінскі жоўты — дамы на адной з вуліц горада Кальяры. Pinterest.com.

Дарэчы, тыя самыя ноткі крыўды адчуваюцца і ў стаўленні да папскага пасаду. Рымскі папа Баніфацый VIII у XIII стагоддзі аддаў Сардзінскае каралеўства каралю Арагона, фактычна запрасіўшы таго да заваявання. Сёння большасць сардзінцаў — намінальныя каталікі, але наведванне царквы тут адно з самых нізкіх у Італіі, каля 20%. Часткова менавіта праз тую даўнюю крыўду.

Крышку і беларускі востраў

Як ні дзіўна, на Сардзініі шмат беларусаў. У свой час сардзінцы вельмі неабыякава паставіліся да чарнобыльскай бяды, на востраве пабывала на аздараўленні каля 30 000 беларускіх дзяцей. Нямала з іх было ўсыноўлена мясцовымі жыхарамі, а хтосьці перабраўся на Сардзінію ўжо ў сталым узросце. 

Нашу сустрэчу ў камуне Гуазіла суправаджала ігрой на цымбалах Таццяна з Гомеля, якая выйшла тут замуж, нарадзіла дзіця. За сняданкам у сталіцы вострава, Кальяры, сустрэлі беларусаў, якія хочуць распачаць тут бізнэс па ачыстцы сцёкаў. У нейкай краме прадавачка-зямлячка з Магілёва нейкім дзіўным чынам распазнала ў нас землякоў, калі мы нават не паспелі і слова сказаць. І ўжо каля 20 гадоў апантана працуе на развіццё двухбаковых сувязяў Ганаровы консул Беларусі на Сардзініі Джузэпэ Карбоні — колішні выпускнік мінскага «наргаса», жанаты з беларускай.

Ёсць штосьці глыбіннае і натуральнае ва ўзаемнай сімпатыі беларусаў і сардзінцаў — народаў, якія воляй лёсу апынуліся ў гістарычным цяні больш энергічных суседзяў, але цяпер са спазненнем і з цяжкасцямі ўсё-такі шукаюць сваё месца пад сонцам.

Дэлегацыя ўласнікаў аграсядзіб Валожынскага раёна на прыёме ў аддзеле замежных сувязяў урада Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія. На стале — беларускі дзяржаўны, італьянскі і сардзінскі сцягі. 

Што ядуць, п’юць, спяваюць

Нам пашчасціла наведаць заможную аграсядзібу, якая спецыялізуецца на вырабе сыроў з авечага і казінага малака. Ужо на ўездзе нас сустрэў вялікі шампур з электрапрыводам, на якім смажылася малочнае парася (porcetto arrosto). Сардзінцы любяць парасяціну: клімат дазваляе ім гадаваць і карміць жывёлу круглы год. Хоць prosciutto sardo — мясцовыя кумпякі-прашута — таксама можна пакаштаваць усюды. Як і славуты авечы сыр пекарына (pecorino). 

У гэтай сядзібе або ў рэстаранах Кальяры нам удалося паспрабаваць амаль усе іншыя тутэйшыя далікатэсы з турыстычных даведнікаў: равіёлі з пекарына і бульбай у таматным соусе — culurgiones; падсоленую ікру кефалі — bottarga; смажаныя авечыя трыбухі — cordula; вараных смаўжоў і васьміногаў; burrida — тушанае мяса акулы. Не абышлі мы ўвагай і славутую мясцовую міртавую настойку, Mirto.

Амаль у любой краме, якая спецыялізуецца на рэгіянальных прадуктах, вам без праблем зладзяць дэгустацыю набору пад назвай Aperi Sardo: 1—2 віды сыроў, скрылькі прашута і тунца, салёныя аліўкі — значна больш горкія, чым тыя, да якіх мы прызвычаеныя. І абавязкова келіх чырвонага паўсухога віна з вінаграду мясцовага сорту «кананау» (cannonau). Каштуе такі набор 10—12 еўра і можа быць падвячоркам. 

Дарэчы, большасць рэстаранаў не працуе з 1—2 гадзін дня да 7—8 вечара. Зайсці ў іх можна — напрыклад, удакладніць меню. Але абслугоўваць падчас сіесты вас ніхто не будзе.

Пачуць сардзінскую музыку ў нас было мала нагодаў, але некалькі разоў чулі славутую песню пра каханне No potho reposare («Не магу супакоіцца»), на якую я літаральна захварэў.

Відавочна, што найдаўжэй сардзінская мова захаваецца ў песнях, але насамрэч вельмі хацелася б, каб сардзінцы пераадолелі дробныя спрэчкі і сталі яе дружна ратаваць. Пачалі на ёй размаўляць, чытаць і пісаць, хоць і спяваць, вядома, не пакідалі таксама. 

Нам вельмі проста ўявіць боль людзей, якія штодня адчуваюць, што яны, магчыма, апошняе пакаленне, здольнае гэта рабіць.

Алесь Белый

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера