Найти
20.02.2022 / 10:35РусŁacБел

Ни в одном государстве не проводят столько референдумов, как в Швейцарии. Как это работает

Путем прямой демократии тут решается абсолютно всё: от вопроса вступления в Евросоюз до сохранения рог у коров — а подсчёт голосов абсолютно прозрачен для наблюдения, пишет в журнале «Наша гісторыя» бывший временный поверенный в делах Беларуси в Швейцарии Павел Мацукевич.

Жыхары горада Глярус вырашаюць многія пытанні проста на ўсеагульным сходзе. Wikimedia commons.

Чатыры разы на год у адну з нядзель сакавіка, чэрвеня, верасня і снежня швейцарцы ўдзельнічаюць у галасаваннях на рэферэндумах. Пачынаючы з 1848 года і па стане на пачатак 2021 года ў Швейцарыі толькі на федэральным узроўні адбылося больш за 650 рэферэндумаў.

Разам з агульнадзяржаўнымі галасаваннямі ў краіне адбываюцца кантанальныя (кантон ці паўкантон — аналаг нашай вобласці, але гэта гістарычныя рэгіёны, іх у Швейцарыі 26) і муніцыпальныя рэферэндумы па мясцовых пытаннях. Прычым на кантанальным і муніцыпальным узроўнях галасаванні праходзяць часцей, чым на федэральным. 

Швейцарскі сцяг — белы крыж на чырвоным фоне. Афіцыйная назва дзяржавы — Швейцарская Канфедэрацыя, але рэальна гэта хутчэй федэрацыя, а не канфедэрацыя. Краіна мяжуе на поўначы з Германіяй, на поўдні — з Італіяй, на захадзе — з Францыяй, на ўсходзе — з Аўстрыяй і Ліхтэнштэйнам. Плошча: 41 285 кв. км (у пяць разоў меншая за Беларусь). Насельніцтва: 8 606 000 чалавек. Дэвіз Швейцарыі: «Адзін за ўсіх, усе за аднаго». І гэта не проста словы, а рэальнасць.

Не хочаш — не галасуй

За сваё жыццё швейцарскі выбаршчык бярэ ўдзел у галасаваннях па чатырох тысячах пытанняў на нацыянальным і мясцовых узроўнях.

Швейцарцы напрамую абіраюць усе ўзроўні ўлады — акрамя Федэральнай рады (так называецца ўрад) і прэзідэнта краіны, якіх абіраюць дэпутаты Федэральнага сходу. На пасаду прэзідэнта Швейцарыі можа прэтэндаваць любы грамадзянін, але на практыцы кандыдат вылучаецца з ліку сямі чальцоў Федэральнай рады тэрмінам на адзін год.

Гі Пармелен, прэзідэнт Швейцарыі на 2021 год, носіць маскі нароўні з простымі грамадзянамі. У Швейцарыі прэзідэнта выбіраюць роўна на 1 год. CDT.CH

Што цікава, тройчы за гісторыю краіны прасоўвалася народная ініцыятыва, каб чальцоў Федэральнай рады абіраў непасрэдна народ. Тройчы народ галасаваў супраць, пакідаючы гэтае права за дэпутатамі Федэральнага сходу. Іх, дарэчы, грамадзяне абіраюць кожныя чатыры гады ў кастрычніку.

Каляндар галасаванняў складзены на 20 гадоў наперад. Хто хоча — галасуе. Хто не хоча — не галасуе. У апошнія дзесяцігоддзі сярэдняя доля ўдзелу насельніцтва ў галасаваннях складала больш за 40%. 

100 тысяч подпісаў за 18 месяцаў

Кожны з 26 так званых кантонаў і паўкантонаў Швейцарыі мае свой асобны ўрад, парламент, канстытуцыю і заканадаўства з мясцовымі адметнасцямі. Агульнае для краіны і ўсіх кантонаў — няма амаль ніводнага пытання, якое нельга вынесці на рэферэндум, амаль няма тэмы, па якой грамадзянам нельга скласці свой уласны законапраект.

Самы папулярны інструмент прамой дэмакратыі, якім карыстаюцца грамадзяне гэтай краіны, — народная заканадаўчая ініцыятыва. Адпаведнае права з’явілася ў швейцарцаў у 1891 годзе. На федэральным узроўні яно дазваляе грамадзянам выступаць з прапановамі аб унясенні паправак у Канстытуцыю ці аб яе поўнай замене.

Як гэта працуе? Спачатку ствараецца ініцыятыўны камітэт. Склад камітэта — ад 7 да 27 чалавек. Для параўнання — у Беларусі закон патрабуе не менш за 100 чалавек з прыкладна аднолькавым размеркаваннем гэтай колькасці па абласцях. Тэкст ініцыятывы падаецца на трох дзяржаўных мовах: нямецкай, французскай і італьянскай. Пасля яго публікацыі ў афіцыйным «Федэральным весніку» ёсць 18 месяцаў, каб сабраць 100 тысяч подпісаў (у Беларусі для рэферэндуму патрэбна не менш за 450 тысяч подпісаў цягам двух месяцаў, прытым што колькасць насельніцтва ў нашых краінах амаль аднолькавая).

Сабраныя подпісы перадаюцца ў Федэральную канцылярыю — і настае чарга Федэральнай рады. У большасці выпадкаў урад не згаджаецца з ініцыятывай цалкам і даручае распрацаваць альтэрнатыўную прапанову. Тэрмін разгляду можа зацягнуцца на паўтара года. Па выніках Федэральная рада рыхтуе пасланне наконт ініцыятывы, якое накіроўваецца ў Федэральны сход. У ім робіцца ўсебаковы аналіз ініцыятывы, у тым ліку з пункту гледжання адпаведнасці заканадаўству і міжнародным абавязкам, наступстваў юрыдычнага кшталту ў выпадку яе прыняцця. Пасланне рэкамендуе ўхваліць альбо адхіліць народную прапанову. Урад і парламент публікуюць сваю пазіцыю ў якасці рэкамендацыі для галасавання (часцей за ўсё яны дамаўляюцца аб сумеснай). Ініцыятыўны камітэт можа адклікаць сваю прапанову да моманту, калі ўрад прызначыць дату народнага галасавання.

Каб перамагчы, трэба атрымаць так званую падвоеную большасць — большасць галасоў як выбаршчыкаў, так і кантонаў (гэта значыць, прапанова павінна перамагчы ў большасці кантонаў — гэта засцерагае ад гегемоніі самых населеных кантонаў над маланаселенымі).

Ад моманту ўзнікнення ініцыятывы да галасавання можа прайсці да 70 месяцаў. Такая няспешнасць працэдуры — натуральны фільтр ад неабдуманых, імпульсіўных, прадыктаваных эмоцыямі моманту рашэнняў.

У выніку на галасаванне народа могуць трапіць як ініцыятыва грамадзян, так і сустрэчная прапанова ўрада. І вось тут цікава: выбаршчык не мусіць выбіраць нешта адно, ён можа ўхваліць і арыгінальную ініцыятыву, і прапанову ўрада адначасова, а таксама пазначыць, якой з дзвюх ідэй ён аддае перавагу. Праходзіць тая, якая атрымлівае большасць галасоў. Новы артыкул з тэкстам прынятай народнай ініцыятывы ўводзіцца ў Канстытуцыю.

Напрыклад, на галасаванні 7 сакавіка 2021 года сярод іншых пытанняў разглядалася народная ініцыятыва аб забароне хаваць твар у грамадскіх месцах. Ад моманту пачатку збору подпісаў да рэферэндуму па ёй прайшло роўна пяць гадоў. Парламент аспрэчыў ініцыятыву і падрыхтаваў сваю контрпрапанову — забараніць хаваць твар толькі ў выпадку, калі прадстаўнікі ўладаў хочуць правесці персанальную ідэнтыфікацыю асобы. У выніку грамадзяне не падтрымалі альтэрнатыўны варыянт. На карысць забароны выказаўся 51% выбаршчыкаў і 18 з 26 кантонаў. Цяпер у Канстытуцыю Швейцарыі будуць унесеныя папраўкі, якія дазваляюць увесці забарону на адзенне, якое хавае твар, па ўсёй краіне. Дарэчы, у асобных кантонах (Тычына, Санкт­-Гален) такая забарона існуе ўжо некалькі гадоў у сувязі з адпаведнымі рашэннямі мясцовых рэферэндумаў.

На рэферэндуме 7 сакавіка 2021 года грамадзяне Швейцарыі прагаласавалі за забарону хаваць твар. Апроч гэтага, швейцарцы забаранілі ўраду ўводзіць электронныя пашпарты (e-ID). WIKIMEDIA COMMONS

Тэматычны ахоп народных заканадаўчых ініцыятыў у Швейцарыі фактычна не мае межаў. У свой час швейцарцы галасавалі на такія тэмы, як адмена ўсеагульнай вайсковай павіннасці, забарона абсенту і масонства, захаванне рагоў у кароў.

Вайсковая павіннасць — пытанне вынеслі на рэферэндум у 2013 годзе сацыялісты і феміністы. 73% галасоў швейцарцы выказаліся за захаванне прызыву.

Рогі ў кароў і коз — пытанне галасавалася ў 2018 годзе, вынес яго на рэферэндум фермер Армін Капаўль. Ён прапаноўваў увесці субсідыі сялянам, якія не будуць прыпякаць рогі цялятам і казлянятам, як традыцыйна прынята ў Швейцарыі. 53% прагаласавалі супраць.

Агульнанародна вырашалі і вельмі сур’ёзныя пытанні, напрыклад, якое права — нацыянальнае або міжнароднае — будзе мець вяршэнства ў краіне (захаваўся прыярытэт міжнароднага права).

Пачынаючы з 1891 года і па стане на пачатак 2021 года з 482 вылучаных народных заканадаўчых ініцыятыў 345 атрымалі неабходную колькасць подпісаў, а ў 101 выпадку ініцыятыўны камітэт адклікаў прапанову. З 219 ініцыятыў, якія трапілі на ўсенароднае галасаванне, толькі 22 былі прынятыя народам і кантонамі. 

Уступаць ці не ўступаць?

Наступны дзейны інструмент швейцарскай прамой дэмакратыі — абавязковы рэферэндум. Ёсць шэраг тэм і выпадкаў, калі ўрад Швейцарыі абавязаны ўзгадніць сваё рашэнне з народам. Сярод іх, да прыкладу, частковае або поўнае змяненне федэральнай канстытуцыі, далучэнне да арганізацый калектыўнай бяспекі ці наднацыянальнай міжнароднай арганізацыі. Першы такі рэферэндум адбыўся ў чэрвені 1848 года менавіта па пытанні ўзгаднення новай Канстытуцыі. Галасаванне на абавязковым рэферэндуме на федэральным узроўні таксама патрабуе падвоенай большасці.

З цікавых прыкладаў — рэферэндум наконт уступлення Швейцарыі ў ААН. Упершыню галасаванне па гэтым пытанні адбылося ў сакавіку 1986 года. У выніку — падвоенае катэгарычнае «не» 76% выбаршчыкаў і ўсіх кантонаў. У сакавіку 2002 года зноў быў скліканы абавязковы рэферэндум па гэтым пытанні, на якім адказ ужо быў станоўчым, і Швейцарыя стала паўнапраўным членам ААН. Менавіта па выніках абавязковага рэферэндуму ў снежні 1992 года Швейцарыя адмовілася ад далучэння да Еўрапейскай эканамічнай прасторы, правобразу Еўрасаюза. Лёс ініцыятывы вырашыла перавага ў 23 тысячы галасоў, але нязгода на еўрапейскую інтэграцыю з боку кантонаў была больш відавочнай — супраць 16 з 26 кантонаў. 

Страявой падрыхтоўцы ў швейцарскай арміі надаюць мала значэння, і служба па прызыве працягваецца толькі 4 месяцы. Затое ваеннаабавязаныя швейцарцы трымаюць зброю дома. DEPOSITPHOTOS.COM, BY SWISSHIPPO

Гандаль з Інданезіяй? На плебісцыт!

У 1874 годзе швейцарцы атрымалі права на факультатыўны рэферэндум. Па сутнасці, гэта права народа патрабаваць на сваё зацвярджэнне законы ці міжнародныя пагадненні.

На якіх умовах ладзіцца такі рэферэндум? Для яго правядзення неабходна сабраць 50 тысяч подпісаў на працягу 100 дзён з моманту публікацыі закона або дамовы. Другі варыянт — калі гэтага запатрабуюць 8 кантонаў.

Самы свежы прыклад — лёс Пагаднення аб свабодным гандлі з Інданезіяй, вырашаны падчас агульнанацыянальнага галасавання 7 сакавіка 2021 года. Гэта пагадненне было ўзгоднена парламентам у снежні 2019 года. На працягу 100 дзён яго праціўнікі ініцыявалі рэферэндум, сабраўшы ў выніку амаль 62 тысячы подпісаў (каля 500 з іх былі прызнаныя несапраўднымі). Што не так з гэтым пагадненнем? На думку ініцыятараў рэферэндуму, павелічэнне аб'ёмаў імпарту пальмавага алею з Інданезіі ў Швейцарыю паставіць пад пагрозу швейцарскую вытворчасць сланечнікавага і рапсавага алею. Акрамя гэтага — заклапочанасць у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Інданезіі, знішчэннем трапічных лясоў і гэтак далей.

Званочкі на каровах у Альпах вешаюць таму, што так лягчэй адшукаць скацінку, якая зайшла за гару.DEPOSITPHOTOS.COM, BY OSCITY

Прыхільнікі пагаднення — швейцарскі бізнэс і ўрад — рэкамендавалі яго ўхваліць, матывуючы неабходнасцю захавання і ўмацавання Швейцарыяй сваіх замежнаэканамічных пераваг. Да таго ж у дамове былі спецыяльныя артыкулы, што мусілі рэгуляваць выкананне экалагічных і сацыяльных стандартаў. І гэтыя аргументы знайшлі падтрымку народа: на карысць пагаднення прагаласавалі 52 працэнты выбаршчыкаў. Дарэчы, менавіта на такім рэферэндуме ў свой час было вырашана пытанне аб удзеле Швейцарыі ў Шэнгенскай дамове. 

Уся ўлада мясцовым саветам

Гістарычна практычнае прымяненне прамой дэмакратыі ў Швейцарыі пачалося на мясцовым узроўні. Напрыклад, правы на галасаванне па канстытуцыйных зменах і новых законах спачатку атрымалі жыхары кантона Цюрых у 1869 годзе. Потым гэтая новая практыка пачала распаўсюджвацца на іншыя кантоны, а ў 1874 і 1891 гадах грамадзяне Швейцарыі прагаласавалі за ўвядзенне факультатыўнага рэферэндуму і народнай заканадаўчай ініцыятывы на федэральным узроўні.

Колькасць подпісаў для склікання рэферэндуму ў кантонах залежыць ад колькасці насельніцтва, але складае не больш за два працэнты (у Беларусі для мясцовага рэферэндуму трэба сабраць 10 % подпісаў ад агульнай колькасці жыхароў, але ў рэальнасці такое права яшчэ нікому не ўдалося ажыццявіць). 

Нажы швейцарскіх салдат сталі папулярнымі ва ўсім свеце. DEPOSITPHOTOS.COM, BY STEVE_ALLEN

Сход на лузе

З’ява, падобная да рэферэндуму, існавала ў швейцарскай дзяржаве з часоў яе заснавання. У «першапачатковых» кантонах (Швіц, Уры, Унтэрвальдэне) пытанні дзяржаўнай значнасці вырашаліся народным сходам на лузе — раз на год, звычайна ўвесну. Самы даўні сход, запіс пра які захаваўся ў летапісах, адбыўся ў 1294 годзе ў кантоне Швіц. На сходы збіралася ўсё мужчынскае насельніцтва, старэйшае за 14 гадоў. Яны вырашалі ўсе найважнейшыя пытанні, а таксама абіралі службовых асоб. Удзельнікі сходу галасавалі ўзняццем рук.

Цікава, што ў некалькіх кантонах (Глярус, Апенцэль-­Інэрадэн) амаль нічога не змянілася з тых сівых часоў. Так, штогод у першую нядзелю мая ў цэнтры Гляруса склікаецца так званае Ландсгэмайндэ — збор усіх грамадзян на плошчы з мэтай вырашэння найважнейшых пытанняў шляхам узняцця рук. Напрыклад, падчас сходу ў 2019 годзе вырашаліся такія разнастайныя пытанні, як абранне члена вышэйшага кантанальнага суда, узровень падатковай стаўкі, часы працы крамаў у выходныя і святочныя дні і зніжэнне падатку на прыбытак для прадпрыемстваў кантона з 8 да 4,5 працэнта.

Падлік галасоў ажыццяўляецца «на вока», грамадзяне давяраюць старшыні (кіраўнік урада кантона).

Дарэчы, выбарчае заканадаўства заўсёды знаходзілася ў падпарадкаванні кантонаў, таму менавіта мясцовыя ўлады самі вызначалі тых, каго варта пазбавіць права голасу. У некаторых кантонах у спіс пазбаўленых траплялі дэбашыры, п'яніцы і людзі, якія не плацілі па рахунках у піцейных установах, наёмныя салдаты, жабракі і валацугі, а таксама асобы, якія фальсіфікавалі выбары.

Швейцарскі горад Глярус з'яўляецца пабрацімам нашага Кобрына. Менавіта ў Глярусе знаходзіцца адзіны пункт рэкрутавання Папскай швейцарскай гвардыі, якая ўжо пяць стагоддзяў абараняе Ватыкан. Нават у «палявой», сіняй форме гвардзейцы глядзяцца экзатычна. Уніформа была створаная ў пачатку ХХ стагоддзя на аснове малюнкаў часоў Адраджэння і з таго часу не мянялася. Як і ўзбраенне — алебарды і шпагі. У месяц швейцарскі гвардзеец атрымлівае 1360 еўра чыстымі плюс бясплатнае жытло і харчаванне. У гвардыю бяруць нежанатых мужчын росту ад 174 см і ўзросту ад 19 да 30 гадоў. DEPOSITPHOTOS.COM

І ўсё ж выбарчае махлярства, падтасоўкі і ўкіды здараюцца і ў Швейцарыі. Гучны выпадак фальсіфікацыі адбыўся ў пачатку 2020 года падчас мясцовых выбараў у кантоне Тургаў. Там партыйныя спісы, пададзеныя на карысць адной партыі, былі замененыя на карысць іншай. Але такія выпадкі выключэнне, бо кожны выяўлены факт старанна расследуецца і караецца. 

Народ супраць халявы

З боку закона нішто не замінае швейцарцам зладзіць рэферэндум пра салодкае жыццё і, узгадніўшы яго, патрабаваць грошы з неба ад дзяржавы. На шчасце, вялікая грамадзянская адказнасць адхіляе адкрытыя спробы халявы. Аб гэтым кажуць дзіўныя факты нязгоды народа з прапановамі, з якімі, здаецца, нельга не пагадзіцца. Напрыклад, адказныя швейцарцы катэгарычна адхілілі законапраекты аб зніжэнні ўзросту выхаду на пенсію (1978 год), мерах па зніжэнні рознічных цэнаў на медыкаменты (2001), устанаўленні мінімальнага аплачанага адпачынку ў шэсць тыдняў (2012) і заканадаўчую ініцыятыву аб павелічэнні тэрміну аплачанага адпачынку (1985).

Галасаванне па пошце

Больш за 90 працэнтаў швейцарскіх выбаршчыкаў цяпер галасуе па пошце. Такая магчымасць з’явілася пры канцы 1970-х гадоў з мэтай павелічэння яўкі. Каб людзі маглі арыентавацца ў пытаннях, якія выносяцца на рэферэндум, урад выдае спецыяльныя памяткі да кожнага федэральнага галасавання. У гэтай брашуры на трох дзяржаўных мовах утрымліваюцца тлумачэнні, аргументы «за» і «супраць» і рэкамендацыі, каб любы выбаршчык мог зразумець ініцыятыву або пытанне, па якім будзе галасаваць, нават калі дагэтуль нічога па тэме не чуў. SWISSINFO_CH

Найбольш яскравы прыклад грамадзянскага супрацьдзеяння халяве адбыўся ў 2016 годзе, калі швейцарцы пераважнай большасцю (78% супраць) адмовіліся ад увядзення безумоўнага базавага даходу — кожнаму грамадзяніну прапаноўвалася каля 2,5 тысячы долараў ЗША штомесячных выплат, а дзецям — чвэрць гэтых грошай. 

Хто зразумеў жыццё, той болей не спяшаецца

Пагроза рэферэндуму прымушае палітычныя сілы шукаць кампраміс. Але ў выніку прыняцце неабходных рашэнняў можа зацягнуцца, а часам і наогул блакуецца на дзесяцігоддзі, паколькі бакі не могуць дамовіцца. Гэта можа тычыцца як неабходнага змянення састарэлых нормаў, так і, напрыклад, будаўніцтва важнага аб’екта — дарогі, тунэля ці моста.

Швейцарцы трымаюцца амаль амар­хаямаўскага падыходу: хто зразумеў жыццё, той больш не спяшаецца. Не з першай, дык з другой, трэцяй ці чацвёртай спробы, як у выпадку з выбарчымі правамі для жанчын, але прымальнае для большасці рашэнне будзе знойдзена. 

Мюслі — вынаходства швейцарцаў. WIKIMEDIA COMMONS

Швейцарскія ўрокі для нешвейцарцаў

Каб выдатна скарыстацца швейцарскім досведам прамой дэмакратыі, трэба быць Швейцарыяй: мець адпаведную палітычную сістэму, гісторыю, традыцыі і культуру. Тым не меней і без усяго пералічанага можна зрабіць карысныя высновы.

Вулічны рынак у Берне.DEPOSITPHOTOS.COM, BY PPVECTOR

Першая выснова: дыктат палітычнай волі знізу ўверх, а не наадварот спрыяе поспеху краіны. Швейцарыя багатая і мірная.

Па­-другое: не трэба ніякага парогу яўкі для прызнання вынікаў галасавання сапраўднымі. Няўдзел у галасаванні — гэта ж таксама грамадзянская пазіцыя.

І апошняе: каб грамадзяне адчувалі сябе грамадзянамі, удзельнічаць у палітыцы павінна быць проста. Любы чалавек павінен мець права назіраць за падлікам галасоў, любая група людзей павінна мець лёгкую магчымасць вынесці пытанне на рэферэндум.

«Беларускія» мясціны Швейцарыі

Помнік Касцюшку ў горадзе Залатурн. WIKIMEDIA COMMONS

У Залатурне Тадэвуш Касцюшка правёў свае апошнія гады. У кастрычніку 2017 года там з'явіўся помнік гэтаму герою многіх народаў, усталяваны дзякуючы намаганням кіраўніка Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі Алеся Сапегі. Ёсць у Залатурне і музей Касцюшкі — у доме, дзе ён жыў.

Шыльда Магдалене Радзівіл ужо павешаная ў Бургіёне і чакае ўрачыстага адкрыцця. ФОТА ПАЎЛА МАЦУКЕВІЧА

Да 2017 года на старых могілках ля царквы ў мястэчку Бургіён каля Фрыбура знаходзілася магіла Марыі Магдалены Радзівіл. Яна жыла ў Швейцарыі з 1932 года да сваёй смерці ў 1945­м. Месца яе пахавання адзначана памятнай шыльдай, вырабленай беларускім скульптарам Максімам Петрулём. Прах жа гэтай славутай мецэнаткі цяпер у Мінску, пры касцёле Святога Роха на Залатой Горцы.

 

Вітражы Шагала ў Цюрыху. PINTEREST.COM

Адна з цэнтральных славутасцяў Цюрыха — былая манастырская царква Фраўмюнстэр — набыла сусветную вядомасць, калі ў ёй у 1970 годзе з’явіліся пяць вітражных вокнаў работы Марка Шагала. Ён працаваў над імі два гады.

Роберт Генін. Рабочыя. Каля 1912 года. WIKIMEDIA COMMONS

Мастак з Магілёўшчыны Роберт Генін меў свой дом у Асконе, сябраваў з буйным базельскім мецэнатам Карлам ім Оберштэгам, які сабраў знакамітую калекцыю мастацкіх твораў. У 2002 годзе збор Оберштэга быў перададзены на захоўванне ў Базельскі мастацкі музей, у тым ліку і найбуйнейшая калекцыя твораў Роберта Геніна, якая ўключае не толькі жывапіс, але і лісты майстра.

Слуцкія паясы ў музеі Раперсвіля. ФОТА ПАЎЛА МАЦУКЕВІЧА

У зборы Польскага музея ў сярэднявечным замку ў мястэчку Раперсвіль на Цюрыхскім возеры змяшчаюцца тысячы мастацкіх твораў, кніг і дакументаў, якія складаюць спадчыну польскай эміграцыі ў Швейцарыю. Тут можна знайсці і беларускія рэчы. Напрыклад, гербы гарадоў ВКЛ. Але галоўны скарб, які захоўваецца там, — знакамітыя слуцкія паясы. Замак Раперсвіль вядомы і тым, што да 1927 года ў яго вежы захоўвалася урна з забальзамаваным сэрцам Тадэвуша Касцюшкі.

Вуліца імя Ганны Тумаркінай. ФОТА ПАЎЛА МАЦУКЕВІЧА

Адна з прылеглых да старога корпуса Бернскага ўніверсітэта вуліц носіць назву Tumarkinweg — у гонар ураджэнкі Беларусі Ганны Тумаркінай, першай у Еўропе жанчыны — прафесара філасофіі. Яна жыла ў Швейцарыі з 1892 года. У памяць пра філосафа ва ўніверсітэце арганізавана навуковая праграма ANNA. У холе старога корпуса Бернскага ўніверсітэта Ганне Тумаркінай прысвечаны вялікі інфармацыйны стэнд.

Павел Мацукевіч

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера