Найти
17.01.2023 / 19:151РусŁacБел

Микола Захаренко: Живу в Швабах, как в центре Вселенной, на вершине высокой горы

Эта деревня на холмистой Логойщине выделяется разве своим нездешним названием. Но в деревне с немецким наименованием нет ни одного иностранца, населена она, как и все окрестности, белорусами. А еще Швабы примечательны тем, что почти полвека здесь живет талантливый писатель Микола Захаренко, чьими книгами восхищаются столичные мэтры. А раз так, то журналист и поэт Михась Скобла решил напроситься к нему в гости и расспросить для газеты «Народная воля».

Мікола Захаранка

 — Мікола Андрэевіч, я помню, як пасля выхаду вашай першай кнігі «І тады ўдарыў бом» (2013) здзівіўся наш вядомы празаік Віктар Казько: «Захаранка… Дзе ён быў дагэтуль? Так бурна ўварваўся ў тэатр, у прозу». Нядаўна пабачыла свет ваша новая кніга «Такі вецер, такі вецер», аднак звестак пра вас у інфармацыйнай прасторы не пабольшала, чалавек вы рашуча непублічны. Таму раскажыце пра сябе: адкуль вы, хто па прафесіі, «дзе шляхі вашы йдуць і куды»?

— Нарадзіўся і вырас на Палессі, у мястэчку Васілевічы, што паміж Рэчыцай і Калінкавічамі. Скончыў школу, працаваў грузчыкам, слесарам. Закончыў філфак БДУ, у 1974 годзе пераехаў на Лагойшчыну, у Швабы, быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Таксама выкладаў музыку, сусветную мастацкую культуру. Потым паехаў у Сібір, працаваў у Сургуце мастаком-афарміцелем, пасля зноў настаўнічаў… Усяго і не пералічыш. У краіне такіх летуноў не любілі. А вось драматург Алесь Петрашкевіч (ён даваў мне рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў), калі пазнаёміўся з маім «паслужным» спісам, прыйшоў у захапленне: «Гэта цудоўна! Тое, што трэба сапраўднаму пісьменніку!»

— А вы не шкадуеце, што жывяце ў вёсцы? Вось на дварэ зіма, Швабы снегам занесла, у печцы штовечар трэба паліць…

— А пра што шкадаваць? Я жыву ў Швабах, як у цэнтры Сусвету, на вяршыні высокай гары. Калі б вы ведалі, што гэта такое, зразумелі б і маё сустрэчнае пытанне да гараджан: а вы не шкадуеце, што жывяце ў горадзе? Прызнацца, я нават адчуваю нейкую віну перад сваімі дзецьмі: я тут раскашую на ўлонні прыроды, а яны гібеюць у тым Мінску…

Дарога з Лагойска да Швабаў

— Па вашых творах можна мастацкія фільмы здымаць. Калі б я быў кінарэжысёрам, то абавязкова экранізаваў бы апавяданне «Усё будзе добра». Здавалася б, сюжэт там звычайны — міліцыя шукае ў вёсцы самагоншчыкаў, — але як выпісаныя людзі, якія трапныя дыялогі! Падобныя тэмы вам вясковае жыццё падказвае?

— Як сказаць… Пры ўсёй сваёй прафесійнай публічнасці я ў вёсцы не надта сацыялізаваны. Так, збоку-прыпёку. Ніколі не быў у гушчы падзей. Раней мая светлай памяці нябожчыца жонка пасвячала ў мясцовыя цікавосткі: хто ў каго нарадзіўся, хто з кім ажаніўся, хто з кім пабіўся, хто памёр… А цяпер я, бывае, са скрушным здзіўленнем даведваюся пра смерць старога знаёмца з надмагільнай таблічкі на могілках, блукаючы сярод крыжоў, дзе і дарагая мне магілка… Што да згаданага вамі апавядання, то, здараецца, жыццё бачыцца як кіно, калі ты ў глядацкай зале, а не паміж герояў на экране.

Дома. Свая хатка — як родная матка…

— А ці ведаюць швабаўцы, хто разам з імі жыве ў адной вёсцы? Можа, нейкую асаблівую пашану маеце ад мясцовых уладаў?

— Аднойчы ў інтэрнэце ў рубрыцы «Вядомыя людзі» прачытаў — «Мікола Захаранка». Мой затоены ген славалюбства ўсцешыўся, але ж пачуццё справядлівасці ўзбунтавалася ў грудзях. Ды хто ён такі, гэты Захаранка, гэты палескі прыхадзень, у гістарычным пейзажы Лагойшчыны — старажытнага, казачнага, партызанскага краю?!

— Самаіронія вам да твару.

— Яна хіба нікому не шкодзіць. А ці шануюць?Ды ніякай асаблівай пашаны мне не трэба. Тым больш мясцовая ўлада складаецца пераважна з былых маіх вучняў. Усе ж свае (смяецца).

— Дык вось чаму вы так аптымістычна глядзіце на жыццё! Помніцца, ваш знакаміты зямляк Ніл Гілевіч неаднойчы з жалем прызнаваўся, што напісаў ажно 15 п’ес, і ніводная не была пастаўлена. Хоць жыў ён, дарэчы, за 100 метраў ад Купалаўскага тэатра. Вы напісалі ўсяго дзве п’есы, і адна з іх — камедыя «Паехалі!» — у 1996 годзе ішла ў тым самым Купалаўскім. Як вам удалося прабіцца на самую прэстыжную сцэну краіны?

— Я не прабіваўся, усё сталася выпадкова, нават міма маёй волі. У рэжысёра Андрэя Андросіка ўзнікла праблема з пастаноўкай нейкага спектакля. Тэрмінова патрэбна была п’еса. І філосаф Кім Хадзееў, з якім мы тады сябравалі, параіў Андрэю звярнуцца «да геніяльнага Колькі Захаранкі» (у Кіма ўсе сябры былі «геніяльныя»). Прыехалі да мяне ў Швабы, угаварылі — цэйтнот жа! Ну, чыстая авантура. Але мне неяк удалося напісаць тую камедыю… Што тычыцца Ніла Сымонавіча. Помніцца, у далёкім 1986 годзе ў Віцебску, у кабінеце галоўнага рэжысёра Коласаўскага тэатра Валерыя Мазынскага я пабачыў на стале п’есу Гілевіча. О, думаю, у самога Ніла Сымонавіча хаджу ў калегах! Я яму здаваў экзамен па беларускім фальклоры ў БДУ…

— Думаю, ён ганарыўся б такім вучнем.

— У Гілевіча такіх вучняў — хоць гаць гаці ды па галовах хадзі. А неяк пры сустрэчы спытаўся ў Мазынскага, чаму ён тады Гілевіча не паставіў? І вось што даслоўна адказаў Валерый: «Тую драматургію, якую даваў Ніл, мне хацелася занесці ў які-небудзь вясковы Дом культуры і пакласці там у куточку, пра што я яму вымушаны быў сказаць. Ён тады аказаўся надзіва паблажлівым і прызнаўся: «А я і пісаў для самадзейнасці!».Гілевіч проста вельмі хацеў, каб у яго поўным зборы твораў была прадстаўлена і драматургія, як у Караткевіча».

— А што вам запомнілася з часоў таго кароткага супрацоўніцтва з купалаўцамі?

— Успамінаецца, напрыклад, Генадзь Аўсяннікаў, які выконваў галоўную ролю ў маёй п’есе. Дзейства адбывалася на дашчаным памосце, узнятым над сцэнай прыкладна на паўметра. А яшчэ той прысцэнак па маёй дурной прыхамаці нахілілі градусаў на 15 у бок залы. І вось на гэтым «касагоры»немалады ўжо народны артыст Аўсяннікаў болей за гадзіну прамаўляў маналогі, скакаў полечку і спяваў прыпеўкі! Я тады ўпершыню зразумеў, што значыць сапраўдны артыст. І ніхто з артыстаў не наракаў на нязручнасць. Бо мастацкая задумка ў тэатры — гэта святое! Помніцца, уразіла таксама, як артысты, сабраўшыся па-за сцэнай, ва ўсю «палівалі» нейкага рэжысёра ці драматурга. Можа,з-за гэтага самі тое месца каля кулісаў называлі «брахалаўкай» (смяецца).

— А чаму камедыя»Паехалі!» пратрымалася ў рэпертуары ўсяго некалькі сезонаў?

— Нехта ўбачыў там пэўныя алюзіі. Хоць я ў п’есе не меў на ўвазе нічога «крамольнага», рэжысёр напрыдумляў розных «намёкаў».Паставіў на сцэне вусатую скульптуру, да якой гераіня артысткі Наталлі Качатковай непаважліва адносілася. А потым на падмосткі (мастак Барыс Герлаван зрабіў фантастычна-прыгожыя дэкарацыі) з прыцемкаў выходзілі кабеты і ва ўнісон стагналі: «Ба-а-цька, ро-о-дны, калі?!».Тады яшчэ на тэатральнай сцэне дапускаліся пэўныя вольнасці, можна было дурэць патроху. І ўсё ж спектакль сталі ўсё радзей ставіць у рэпертуарную сетку, а потым ціхенька знялі.

— Як вы ўспрынялі падзеі ў Купалаўскім ў 2020 годзе?

— Як бяду, як трагедыю. Магчыма, непазбежную, магчыма, неабачліва разыграную, але трагедыю, і зусім не аптымістычную. Намоленыя сцены пакінулі творчыя людзі, аб’яднаныя традыцыяй, сваёй прыналежнасцю менавіта да гэтага тэатра. Што гэта, калі не бяда? Гледачы іх любілі за талент — кожнага паасобку, але і ўсіх разам — менавіта як купалаўцаў.Дзякуй Богу, што яны пакуль не разбегліся, не згубілі творчага адзінства, робяць пастаноўкі, ды ўсё ж… Дакладна ведаю, што большасць купалаўцаў, якія сышлі, балюча настальгуюць менавіта па будынку.

— А як ставіцеся да цяперашняга тэатра?

— Я не быў на яго спектаклях. Што пэўнага можна сказаць пра яшчэ няпэўную з’яву? Відавочна, гэты тэатр на стадыі станаўлення, творчага і кадравага ўладкавання. Чытаю шмат крытыкі ў яго адрас, у тым ліку ад людзей, якім давяраю. Але і пабойваюся падпасці пад уплыў дробязнай злараднасці. Хочацца верыць, што будзе як у той прыказцы: на жывой касці мясу — нарасці. Абы яна была жывая, тая костка.

— У выдатнага нашага празаіка Івана Пташнікава (між іншым, ён таксама чалавек лагойскі) ёсць апавяданне «Пагоня» — пра лася, якога даганяюць ваўкі. Там усё з такім веданнем выкладзена, быццам Іван Мікалаевіч у мінулым жыцці ласём быў. У вас ёсць надзвычай шчымлівыя вершы пра коней, напісаныя (увага!) ад іх імя. Як вам удаецца так пераўвасабляцца?

— Здаецца, ніякіх асаблівых высілкаў над сабой не рабіў… У гэтым сэнсе цікава паназіраць за дзецьмі: яны з сабакамі, з катамі размаўляюць на роўных — натуральна, свабодна, з любоўю. Мяркую, многія людзі ад нараджэння схільныя да «чалавечага» паразумення з братамі нашымі меншымі.

З Кімам Хадзеевым у лагойскім лесе. 1994 год

— У кнігу «Такі вецер, такі вецер» увайшло і некалькі апавяданняў на васілевіцкай трасянцы (Гомельскі рэгіён). Уяўляю, што пачалося б у беларускай літаратуры, калі б нашы пісьменнікі пісалі кожны на сваім дыялекце — Васіль Быкаў на віцебскім, Аляксей Карпюк — на гродзенскім, Ніна Мацяш — на палескім… На мой погляд, трасянка — гэта такі сабе траянскі конь русіфікацыі. Навошта цягнуць яе ў літаратуру?

— Няхай сабе і конь. Упэўнены, названыя вамі пісьменнікі ўз’ехалі б на беларускі Парнас і на такім кані. Але ваша праўда — што потым? Што сталася б з беларускай нацыянальнай літаратурай? Так, згодны, моўны «сепаратызм» непажаданы ў нацыянальнай літаратуры. І ўсё ж трасянка, пагадзіцеся, — рэальны факт нашага жыцця. І што было б, калі б літаратурныя героі, скажам, Івана Мележа, загаварылі на літаратурна ўнармаванай мове? Напрыклад, проза майго земляка з Васілевіч Івана Навуменкі значна пацярпела ад такой моўнай уніфікацыі. Васілёўцы чыталі Навуменку, захоплена пазнавалі свае ваколіцы, а сябе — не пазнавалі.

— Мяркуючы па «Фэйсбуку»ваш самы блізкі сябра — паэт Пятро Кошаль (родам са Случчыны, жыве ў Маскве). Масквічы і так фанабэрыстыя, а Кошаль яшчэ і зяць былога першага сакратара ЦК КПБ Слюнькова. На вашай дружбе гэта неяк адбівалася?

— Яшчэ як! Пецечка прыязджаў у Мінск, і мы маглі не хавацца ад міліцыі з бутэлькай «чарніла» ў якім-небудзь скверыку, а чынна-спакойна заходзілі ў кавярню на праспекце — сябра частаваў! Помню візіт Андропава ў Мінск. Я, Кошаль і Кім Хадзееў стаялі на рагу плошчы Якуба Коласа і праспекта. І раптам з-за філармоніі выехаў картэж чорных урадавых машын і скіраваўся ў наш бок. Бачу, нешта Пеця занепакоіўся і схаваўся за маю спіну. Я азірнуўся: чаго ты? «Стой на месцы!», — просіць. І тут да мяне дайшло: ад Слюнькова схаваўся! Чаго ты баішся, кажу, хто цябе сярод прахожых убачыць? «Не сумнявайся, Коля, яны ўсё бачаць». Так што я быў непасрэдным удзельнікам гістарычнага эпізода. Не, Кошаль не фанабэрысты, ён смешны і абаяльны паэт.

— Ведаю, што ў вас двое дзяцей — сын і дачка. Калі не памыляюся, яны вам і з выданнем кнігі дапамаглі. А да бацькі ў родную вёску наведацца не забываюць?

— Не забываюць. Наташа (яна працуе галоўным рэдактарам часопіса «Роднае слова») улетку і градкі садзіць — на палове соткі (смяецца). Сын Павел — галоўны гукарэжысёр у тэатры.А кнігу паспрыяў выдаць мой сябар, цяпер маскоўскі бізнесмен Леў Гендэлеў. Сам мяне знайшоў і паспрыяў.Ну і дзеці ўбаку не стаялі, асабліва Наташа. Я сам і пальцам не варухнуў бы.

— Дзякуй вам за гутарку, самаіранічны аптыміст з вёскі Швабы»!

— Ну, аптымізм у мяне ад нараджэння, гэтага на адымеш. А самаіронія? Цяперашні час сам яе патрабуе. Просіць і ўмольвае: людцы добрыя, не будзьце панылымі, ратуйцеся посмешкай над сабой цяпер. То, можа, пазней не прыйдзецца над сабой горка плакаць…

Чытайце таксама:

Вера Міцкевіч: Для Якуба Коласа жанчына была — як ікона

«Хараство, створанае і пакінутае нам гэтай пісьменніцай, — найлепшы лек»

Лявон Баршчэўскі: Калі нейкі літаратурны шэдэўр не перакладзены на беларускую мову — гэта дакор нам усім

Пісьменнік Сяргей Вераціла: У Эквадоры я не прыжыўся, моцна цягнула на радзіму

Nashaniva.com

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
17.01.2023
"На мой погляд, трасянка — гэта такі сабе траянскі конь русіфікацыі."

гэта такі сабе) распаўсюджаны прымітыўны погляд на трасянку. сама ў юнацтве так думала. але трасянка - гэта з'ява. наколькі простая, настолькі і глыбокая. і яна не выключна са знакам "мінус", хутчэй яна са знакам "мінус-плюс". гэта такое звяно паміж двума палюсамі - мовай і расейскім языком, які імкнецца знішчыць мову. яна з аднаго боку "рудзімент" мовы пры гвалтоўным пераводзе на расейскі язык. але роўна так жа яна можа працаваць і ў адваротны бок - пры вяртанні ад языка да мовы.

трасянка - з'ява натуральная. яна чарговы раз сведчыць, што мова наша матчына, спадчынная, глыбінная, а не штучна ўтвораная, як расейская. вось хто можа ўявіць расейскую "трасянку"? як яна выглядае? як мацюгі?

таму як на мой погляд;) трасянка - гэта таксама наш скарб
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера