poster Камуністы не ацанілі апошнюю стужку Стывэна Сьпілбэрга.

Як паведамляе сайт камуністаў Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці “члены Міжрэгіянальнай арганізацыі "Камуністы Пецярбурга і Ленінградзкай Вобласьці" горача падтрымалі заклік ЦК сарваць "трыюмфальнае" шэсьце па краіне пачварнай кінакарціны "Індыяна Джонз-4", у якой герой Гарысана Форда забівае савецкіх разьведчыкаў з дапамогай крыштальных чарапоў.”

“Камуністы горада Леніна рашуча заяўляюць аб сваім глыбокім абурэньні выхадам у расійскі пракат фільма-правакацыі, адрыжкі халоднай вайны, гнюснага пасквіля, – гаворыцца ў заяве Цэнтральнага камітэту. – У карыкатурным і непрывабным выглядзе фільм малюе дзеяньні савецкіх салдат і нашай разьведчыцы, якіх цынічна і бязьлітасна зьнішчае амэрыканскі супэргерой-адзіночка Індыяна Джонз. Падобныя выдумкі сфармуюць у новага пакаленьня расейцаў упадніцкія настроі, няўпэўненасьць у магутнасьці сваёй краіны, ідалапаклонства перад ЗША.”

“На той пэрыяд прыйшлася мая маладосьць, – дзеліцца ўспамінамі член ЦК Віктар Мухін пра 1957 год. – А у фільме хвацкі каўбой Індыяна Джонз скача ў савецкі "ўазік" , б'е жанчыну – савецкую разьведчыцу ў выкананьні Кейт Бланшэт – нагой у жывот, як быццам так і трэба. Індзейцы і іншаплянэцяне заадно з Джонзам і яго сумнеўнымі прыяцелямі ратуюць сьвет ад рускай пагрозы – якая брыдота, проста паранаідальны сон Чэрчыля.”

“Хто служыў, як я, у Савецкім войску, той ведае, што пас так ня носяць, – абураецца недакладнасьцямі дэпутат гораду горада Сланцы Віктар Пяроў. – Каманды выконваюцца імгненна, а жанчыны ў нас на фашыстак не падобныя. Але, мабыць, Кейт Бланшэт пагражае беспрацоўе, і вось яна , як на панэль, пайшла здымацца ў гэты фільм.”

“Хачу гэтаму Форду ў вочы паглядзець, – далучаецца да камэнтароў сакратар Тосьненскага РК КП Андрэй Гіндас, – памятаю, як ён прыяжджаў у нашу краіну, еў рускія хлеб-соль, гаварыў, якія прыгожыя вашы жанчыны. А у кіно ён нашу жанчыну, не міргнуўшы, зьнішчае. Нават іншаплянэцянін яму бліжэйшы за рускага. Ну што ж...ёсьць Амэрыка Джона Рыда, Анджэлы Дэвіс, Леанарда Пэлціера і Саманты Сьміт, а ёсьць Амэрыка Гарысана Форда і Кейт Бланшэт – другаразрадных актораў, якія служаць на пабягушках у ЦРУ.”

poster

“Я успамінаю гераіняў савецкага кіно – адважных падпольшчыц, разьведчыц, ударніц працы, іх сьветлыя чыстыя твары на фоне драпежнага аблічча заганнай Бланшэт, і ў мяне няма словаў,” –скардзіцца камуністка Вэраніка Клінавіцкая. Вэраніка таксама член ЦК. На партыйнай фатаграфіі яна ў шэрай форме – як і гераіня Кейт Бланшэт.

Камуністы Ленінградзкай вобласьці абураюцца пакупкай “антысавецкай” карціны і зычаць, каб “ворагі Расіі глядзелі нізкапробны пасквіль Сьпілбэрга на двд, падпольна, як вычварэнцы.” Камуністы заклікаюць гледачоў асьвістаць фільм падчас прэм’еры і адправіць лісты пратэсту “марыянэткам імпэрыялізму – Гарысану Форду і Кейт Бланшэт”.

Іхнія беларускія аднапартыйцы на гэты конт пакуль не выказваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?