20 жніўня ў Беларусі выяўленыя яшчэ тры выпадкі заражэння высокапатагенным вірусам грыпу A/H1N1, пра гэта паведамляе прэс‑служба Міністэрства аховы здароўя.

Гаворка пра дзяцей, што вярнуліся з аздараўлення ў Вялікабрытаніі. Цяпер усе хворыя праходзяць лячэнне. Іх стан задавальняючы, дадае прэс-служба Мінздароўя.

Нагадаем, што 19 жніўня таму з'явілася інфармацыя пра першага захварэлага. Гэта грамадзянін Кітая (аспірант БДУ), які вярнуўся са сваёй радзімы з адпачынку.

Гэты грамадзянін ужо выздаравеў і сёння павінен быць выпісаны з Мінскай інфекцыйнай бальніцы.

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, агульная колькасць захварэлых на грып А(H1N1), у свеце складае 246 тыс. 948 чалавек, а грып зафіксаваны ў 156 краінах. 2 тыс. 396 чалавек памерлі (ЗША - 477, Аргенціна - 404, Бразілія - 368, Мексіка - 164, Аўстралія - 128).

У Еўропе найбольшая колькасць захварэлых у Германіі (13 180 выпадкаў), Вялікабрытаніі – 12 903, Партугалія - 1 833, Іспаніі – 1 538, Нідэрланды - 1 473; Грэцыі - 1 424,

у Польшчы - 153, Літве - 47, Латвіі - 23, Эстоніі - 57, Расіі - 142, Украіне - 1 выпадак.

***

Што рабіць, калі вы падазраяце, што захварэлі на свіны грып

Інфекцыя, выкліканая вірусам грыпу А/Н1N1, можа выклікаць шырокі спектр сімптомаў, уключаючы высокую тэмпературу, кашаль, болі ў горле, болі ў целе, галаўны боль, дрыжыкі і стамляльнасць.

У шэрагу выпадкаў мелі месца дыярэя і ваніты. Як і сезонны грып, грып свінняў можа вар’іраваць па цяжкасці захворвання — ад лёгкай да цяжкай формы. Інфекцыя можа выклікаць цяжкое захворванне, ускладненае пнеўманіяй, дыхальнай недастатковасцю, і нават смерць. У пэўных груп людзей з большай верагоднасцю могуць развіцца цяжкія формы захворвання ў выніку інфікавання, у прыватнасці, у пацыентаў з хранічнымі захворваннямі. Часам адначасова ці пасля інфекцыі вірусамі грыпу могуць узнікаць бактэрыяльныя інфекцыі, якія прыводзяць да пнеўманіяў, атытаў ці сінусітаў.

Як распаўсюджваецца грып

Лічыцца, што асноўны шлях, па якім распаўсюджваюцца вірусы грыпу — перадача ад чалавека да чалавека паветрана‑кропельным шляхам пры кашлі і чханні.Вірусы грыпу могуць таксама распаўсюджвацца, калі чалавек дакранаецца рукамі да такіх кропельных выдзяленняў на целе іншага чалавека ці на нейкім прадмеце, а затым, не вымыўшы рукі, дакранаецца рукамі свайго рота ці носа (ці рота ці носа іншага чалавека).

Калі варта выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу

Звяртайцеся па медыцынскую дапамогу неадкладна, калі ў хворага, які знаходзіцца дома:

‑ускладненае дыханне ці болі ў грудзі;
‑барвовыя альбо ссінелыя вусны;
‑ваніты ці млоснасць пры прыёме вадкасцяў;
‑прыкметы абязводжвання, такія як галавакружэнне пры ўставанні, адсутнасць мочавыпускання, адсутнасць слёз пры плачы ў хворага дзіцяці;
‑прыпадкі (напрыклад, некантралюемыя канвульсіі);
‑паніжаная, у параўнанні са звычайнай, рэакцыя ці зблытанасць свядомасці.

Папярэджанне! Не давайце аспірын (ацэтылсаліцылавую кіслату) дзецям ці падлеткам пры грыпе; гэта можа выклікаць рэдкае, але цяжкае захворванне, названае сіндромам Рэя.

Больш падрабязна, чытайце тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?