На чарговым пасяджэньні Ўправы Партыі БНФ, што прайшоў 4 верасьня ў Менску, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка прапанаваў правесьці Форум за незалежнасьць Беларусі. Пра гэта паведаміла прэс-група Партыі БНФ.

Мэты форуму: «засьведчыць перад беларускім грамадзтвам, сусьветнай супольнасьцю і Расеяй волю беларускай грамадзянскай супольнасьці; скансалідаваць вакол каштоўнасьці незалежнасьці палітычныя й грамадзкія структуры, што пераадолелі пасьлясакавіцкі крызыс; вярнуць паняцьцю «незалежнасьць» яго сэнс і ўскладніць яго выкарыстаньне ўладаю».

Прапанова была падтрыманая сябрамі Ўправы, якія вырашылі стварыць стварыць аргкамітэт па правядзеньні Форуму.

На пасяджэньні Ўправы БНФ таксама быў абмеркаваны «працэс выкананьня пляну правядзеньня мітынгаў у розных гарадах Беларусі», – паведамляе прэс-група Партыі БНФ.

На 16 верасьня, нагадваюць у прэс-службе, прызначаны «Вялікі джынсавы фэст», у якім будзе браць актыўны ўдзел моладзь БНФ, якая будзе займацца «распаўсюдам інфармацыі», аховаю парадку падчас канцэрту й арганізацыяй запісу ў «Рух за Свабоду».

Нагадаем, што 16 верасьня 1999 г. зьніклі бязь зьвестак палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0