Сёньня раніцай нацыянальная зборная Беларусі вылецела ў Галяндыю на адборачны матч чэмпіянату Эўропы – 2008 бяз трох гульцоў асновы – паўабаронцы расейскай "Томі" Аляксандра Кульчыя, ягонага аднаклюбніка форварда Віталя Булыгі, а таксама форварда італьянскай "Пармы" Віталя Кутузава.

Рашэньне галоўнага трэнэра Юр’я Пунтуса не ўключаць іх у выязны склад падтрымаў кіраўнік асацыяцыі "Беларуская фэдэрацыя футболу" і Адміністрацыі прэзыдэнта Генадзь Нявыглас, які напярэдадні ўвечары спэцыяльна прыбыў на трэніроўку каманды ў "Стайкі". Пасьля яе Юры Язэпавіч і Генадзь Мікалаевіч абмеркавалі наяўную ў камандзе сытуацыю.

Юры Пунтус застаўся незадаволены фізычнымі кандыцыямі Кутузава, пра Булыгу і Кульчыя казалі "хворыя". Што да Кульчыя, ён з аналягічным дыягназам быў адпраўлены з Тунісу, дзе ў чэрвені беларуская зборная гуляла на "LG Cup".

Булыгу ўчора ўвечары ў клініцы №9 сталіцы зрабілі апэрацыю на скулавой костцы. Паводле нашай інфармацыі, гульцы "адпачывалі" ў ноч на нядзелю, у прыватнасьці, Булыга зь іншымі гульцамі быў заўважаны ў клюбе "Мэдысан", дзе сьвяткавалі заваяваную нічыю зь беларусамі альбанскія футбалісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?