Ведзьма

Спрытны журналюга, які не вылучаецца маральнымі паводзінамі, адпраўляецца ў правінцыю, каб зрабіць рэпартаж пра таямнічыя зьявы. Уначы герой трапляе ў стары дом з глухою бабулькай.

Гаспадыня зьяўляецца ведзьмай – і падчас спробы спакусіць юнака, гіне. Журналіст, які пераапранаецца сьвятаром, мусіць цяпер маліцца тры ночы – у царкве з труною і ведзьмаю...

Так, сапраўды, – гэта скрадзены сюжэт гогалеўскага “Вію”. Але цікава, куды закінулі вытворцы гэную гісторыю. Амэрыканская глыбінка – зьнятая ў Эстоніі з прыбалтыйскімі акторамі – і з расейскімі сэрыяльнікамі на галоўных ролях. Менавіта так паказвалі гнілы Захад ў 70-ыя гады – і менавіта нашчадкам палітычных выкрывальніцкіх стужак зьяўляецца гэты “першы расейскі фільм жахаў”.

Але ня будзем актыўна плявацца.

Акторы граюць кепска, дыялёгі... мама мая родная, атмасфэрка – рогат у залі, адмысловыя эфэкты... – а што вы хацелі ад нізкабюджэтнае жахаўкі!? Для кіно клясы “Z” (ёсьць і такое) – прымальны ўзровень.

І самае галоўнае, кіно сьвядома скіраванае на (багаты) амэрыканскі рынак. А там і куды горшае дабро акупляецца. Варта толькі пазначыць жанр – бяз псэўдааўтарскіх уздыхаў і глямурна-пустых кліпаваньняў.

Што карціна глядзелася б лепей – адбывайся дзеяньне ва Ўкраіне – гэта так. Але істотная сама ўвага да жанру і пошук падыходнай аўдыторыі.

А для нашае публікі дадатковая забава – рагатаць з тупых ляпаў расейскага рэжысэра. Калі нуда ў сон ня зморыць.

Ведзьма (Ведьма)

Расея – Эстонія, 2006, каляровы, 93 хв.

Рэжысэр: Алег Фясенка

Ролі выконваюць: Яўгенія Крукава, Валер Нікалаеў, Іта Эвэр, Лембіт Ульфсак, Юхан Ульсфак.

Жанр: Містыка

Адзнака: 3 (з 10)

Глядзіце таксама вынікі кінагоду.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?